viasna on patreon

Суд над Аляксандрам Крутым: “Псіхіятрыя ў якасьці зброі супраць палітычных апанентаў”

2008 2008-01-23T14:00:58+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

 

Сёньня ў Нясьвіжы ў 16-00 будзе абвешчаны прысуд па крымінальнай справе Аляксандра Крутога. Ён абвінавачваецца ў публічнай абразе прэзідэнта яшчэ ў траўні 2003 года (артыкул 368 Крымінальнага Кодэксу РБ). Адвакатам на судзе выступае Марыяна Сямешка. Гэты працэс атрымаў шырокі грамадскі рэзананс, паколькі пад час сьледства ў дачыненьні да Крутога праводзілася судова-медыцынская экспертыза, якая ўстанавіла, што А. Круты хворы на паранаідальную шызафрэнію.

Вось як ацэньвае ганебную практыку выкарыстаньня карнай псіхіятрыі віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі” “Мы, праваабаронцы, глыбока занепакоены тым фактам, што псіхіятрыя ў Беларусі ўсё часьцей і часьцей выкарыстоўваецца ў якасьці зброі супраць палітычных апанентаў улады. Гэтая форма ўціску на дэсідэнтаў была шырока распаўсюджаная ў Савецкім Саюзе. За 2007 год мы адзначылі некалькі выпадкаў ужываньня псіхіятрыі як сродка пакараньня ці ўціску на грамадзкіх і палітычных актывістаў.

 

Супраць праваабаронцы Валерыя Місьнікава з Вітэбску напачатку была ўзбуджаная крымінальная справа за “зьнявагу прадстаўнікоў улады” і за “выкраданьне дакументаў”. Яго абвінавацілі ў тым, што ў сваіх скаргах у абласную пракуратуру ён зьняважыў супрацоўнікаў абласной пракуратуры, а затым скраў (?) з будынку пракуратуры два тамы ягонай крымінальнай справы. Затым у чэрвені 2007 года яго накіравалі на судова-медыцынскую экспертызу, і экспертыза прызнала Валерыя Місьнікава “неўмяняемым” з дыягназам “паранаіадльныя зьмены асобы”. Напачатку верасьня 2007 г. адбыўся закрыты суд, які пастанавіў прымусова памясьціць В.Місьнікава ў псіхіятрычную бальніцу. З 16 лістапада 2007 года В.Місьнікаў знаходзіцца ў абласной псіхбальніцы. Толькі праз поўгады будзе праведзена паўторная экспертыза В.Місьнікава, якая вырашыць ці выпусьціць яго ці і надалей пакінуць у псіхбальніцы.

22 сакавіка 2007 года напярэдадні Дня волі, грамадзкую актывістку Крысьціну Шацікаву затрымалі ў Менску, завезьлі ў Магілёў і дапыталі ў КДБ. Пры выхадзе з будынку КДБ яе затрымалі невядомыя людзі ў цывільным (як пазьней аказалася, гэта былі патрульныя міліцыянты) і завезьлі ў псіхіятрычны шпіталь, дзе на працягу трох дзён прывязвалі да ложка і гвалтоўна давалі лекавыя прэпараты. Спробы К.Шацікавай прыцягнуць міліцыянтаў і доктараў да крымінальнай адказнасьці ні чым ня скончыліся. З гэтай нагоды міжнародны Савет па псіхічным здароўі ў красавіку 2007 года зьвярнуўся да Сусветнай псіхіятрычнай асацыяцыі. У звароце, падпісаным аўтарытэтнымі спецыялістамі ў галіне псіхіятрыі з розных краінаў сьвету выказваецца занепакоенасьць гэтым выпадкам. Міжнародны Савет занепакены тым, што існуе рэальная небясьпека калі псіхічна здаровыя палітычныя апаненты ўлады ды іншыя грамадзяне ў Беларусі могуць падлягаць прымусовай шпіталізацыі і зьмяшчацца ў закрытыя псіхіятрычныя лякарні.

Спробы ўздзеяньня на моладзевых актывістаў праз псіхіятраў можна прыгадаць у дачыненьні да гомельскага маладафронтаўца Андрэя Цянюту. 26 кастрычніка 2007 года яго накіравалі на псіхіятрычную экспертызу ў Гомелі, але адхіленьняў у актывіста не знайшлі. Там жа, у Гомелі, мясцовыя псіхіятры паставілі ўвогуле дзіўны дыягназ студэнту Зьміцеру Жалезнічэнку “рэакцыя апазіцыі”.

І вось апошні трывожны выпадак выкарыстаньня карнай псіхіятрыі, які зьвязаны з асобаю жыхара гораду Нясьвіж Аляксандра Крутога. Супраць А.Крутога яшчэ ў траўні 2003 года была ўзбуджаная крымінальная справа за публічную абразу прэзідэнта Лукашэнкі. “Абраза” заключалася ў тым, што А.Круты распаўсюдзіў у Нясьвіжы ўлёткі, дзе напісаў: “органы власти склоняются ко злу (творят зло). Я кажу: Лукашенко Ко злу не склоняется.” Затым некалькі гадоў А.Круты жыў у Менску і быў затрыманы толькі ўвосень 2007 года. Некалькі месяцаў грамадзкі актывіст знаходзіўся ў Жодзінскім СІЗА. Зноў жа ў рэспубліканскай псіхіятрычнай больніцы была праведзеная судова-медыцынская экспертыза. Якая ўстанавіла, што А.Круты хворы на параідальную шызафрэнію.

Згодна з Крымінальным Кодэксам Беларусі “публічная зьнявага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – караецца штрафам або выпраўленчымі працамі на тэрмін да 2 гадоў, або арыштам на тэрмін да 2 месяцаў, або абмежаваньнем волі на тэрмін да двух гадоў”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства