viasna on patreon

Міжнародныя арганізацыі абураныя прысудам А. Здвіжкову

2008 2008-01-21T13:37:26+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

«Пераслед журналістаў за імкненне інфармаваць грамадскасць па важных пытаннях з’яўляецца злоўжываннем законам аб распальванні нянавісці», — так пракаментаваў вынікі суда па «карыкатурнай справе» прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Міклаш Харашці ў інтэрвью рускай службе «Бі-Бі-Сі».

«У Еўропе XXI стагоддзя жахліва назіраць, як рэдактара арыштоўваюць, замыкаюць і абсалютна несувымерна караюць толькі за перадрук карыкатур, зробленых у іншым месцы і апублікаваных паўсюль», — сказаў ён. «Кіраўніцтва Беларусі скарыстала міжнародныя спрэчкі адносна карыкатур як падставу для таго, каб пазбавіцца ад крытычна настроенага голаса», — рэзюмаваў Міклаш Харашці.

Міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» таксама выступіла з пратэстам супраць прысуду былому намесніку рэдактара «Згоды». «Рэпарцёры» назвалі прысуд надзвычай суровым. Па іх меркаванні, Здвіжкоў увогуле не павінен быў падпасці пад судовы пераслед. «Хутчэй за ўсё, гэта была проста падстава для таго, каб пакараць апазіцыйнага журналіста. Абставіны яго арышту пацвярджаюйць гэта», — гаворыцца ў заяве «Рэпарцёраў», распаўсюджанай 18 студзеня.

Рэдактар аддзелу культуры дацкай газеты «Jullands-Posten» Флемінг Роўз, адказны за першую публікацыю скандальных карыкатур, лічыць, што «судзіць за гэта поста ганьба і глупства», і што «працэс над «Згодай» не варты еўрапейскай краіны XXI стагоддзя». Пра гэта ён паведаміў рэсурсу «Белорусские новости», карэспандэнты якога звязаліся з журналістам па тэлефоне.
Ён пасля скандалу быў проста адпраўлены ў адпачынак і дагэтуль працуе ў тым жа выданні, — паведамляюць «Белорусские новости». Ён згодны, што ад публікацыі карыкатур можна было ўстрымацца. Аднак «у той час яны былі навіною нумар адзін, а задача любога рэдактара — публікаваць навіны і прадметы спрэчак».
«Я заклікаю беларускія ўлады вызваліць Здвіжкова - ён зрабіў сваю працу, гэта не злачынства», — зазначыў Роўз і заклікаў усіх, каму дарагая свабода слова, выказаць свой пратэст супраць гэтага прысуду.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства