У Беларусі ўзмацняецца ўціск на незалежныя медыі
Камітэт абароны журналістаў (ЗША) асудзіў арышт на 15 сутак карэспандэнта “Нашай нівы” і канфіскаванне тэхнікі ў незалежных тэлежурналістаў. А ў Чавусах вынесена рашэнне па зыску да незалежнай газеты “Вольны горад”.
У сераду суд Чавускага раёну Магілеўскае вобласці вынес рашэнне па зыску рэдактаркі дзяржаўнай газеты “Ленинский клич” гораду Крычава Таццяны Іўкінай да заснавальніка газеты “Вольны горад” Уладзіміра Кудраўцава і былога супрацоўніка сваёй газеты (“Ленинский клич”) Валерыя Бысава. Як адзначалася ў зыску Іўкінай, у некалькіх нумарах “Вольнага гораду” больш як двухгадовае даўніны была апублікаваная не адпаведная рэчаіснасці інфармацыя, якая зневажала яе гонар і годнасць. Гаворка ішла пра публікацыю Бысава «Шесть лет в редакционном ГУЛАГе», якая друкавалася напрацягу жніўня-верасня 2004 году. Іўкіна патрабавала ў якасці кампенсацыі маральнай шкоды 10 мільёнаў рублёў (у пераліку больш за тры тысячы еўра). Пры канцы дня суд пастанавіў спагнаць з газеты і журналіста на карысць Іўкінай супольна 500 тысяч рублёў (больш за 150 еўра), і хоць сума не такая ўжо і вялікая, аднак будуць пададзеныя касацыйная скарга і сустрэчны зыск з боку выдання ўжо да Таццяны Іўкінай.
Асуджаны за прафесію
Тым часам у беларускай сталіцы асуджаны на 15 сутак адміністратыўнага арышту пазаштатны карэспандэнт незалежнага тыднёвіка “Наша ніва” Арсен Пахомаў. Ён выконваў заданне рэдакцыі па асвятленні несанкцыянаванай акцыі прадпрымальнікаў, якая адбывалася ў Мінску 10 студзеня. Карэспандэнта затрымалі нягледзячы на тое, што ён прад’явіў міліцыянтам журналісцкае пасведчанне. Тым не менш, суд не прыняў да ўвагі довады, што Пахомаў, знаходзячыся ў месцы адбывання акцыі, выконваў свой прафесійны абавязак.
Беспадстаўная канфіскацыя
Праз два дні пасля згаданых падзеяў таксама ў Мінску былі затрыманыя журналісты Галіна і Уладзімір Самойлавы і телэаператар Валеры Булдыка. Перад затрыманнем яны рабілі інтэрвью з вядомым эканамістам Паўлам Данейкам у таго дома. Тэмаю была акцыя прадпрымальнікаў і становішча з малым і сярэднім бізнесам і рынкавымі рэформамі ў Беларусі. Журналістаў даставілі ў міліцыэйскі пастарунак і праз тры гадзіны адпусцілі, адбраўшы здымачную апаратуру, відэакасеты і фотаапарат. Каб атрымаць тэхніку назад, журналісты цяпер мусяць даказаць, што яна належыць менавіта ім, а здымкі вяліся афіцыйна.
Міжнародная занепакоенасць
«Мы занепакоеныя апошнімі арыштамі і затрыманнямі фрыланс-журналістаў у Мінску і заклікаем беларускія ўлады вызваліць арыштаванага калегу і вярнуць абсталяванне астатнім», - гаворыцца ў заяве дырэктара Камітэту абароны журналістаў (ЗША) Джоэля Саймана. «Беларускія ўлады павінныя спыніць пераслед журналістаў за іх працу», - лічыць ён.
Бяспраўе беларускіх незалежных журналістаў
На думку старшыні зарэгістраванага ў Літве беларускага “Праваабарончага альянса” Людмілы Гразновай, беларускі журналіст, калі ён з’яўляецца незалежным, ёсць гэткім жа бяспраўным, як і астатнія прадстаўнікі грамадзянскае супольнасці Беларусі:
“Улада вельмі баіцца незалежнай, вольнай журналістыкі. Доказам гэтага з’яўляецца закрыццё газет, вельмі абмежаванае радыёвяшчанне, адсутнасць нейкіх свабодных праграм на тэлевізіі. І калі нехта з’яўляецца нехта тут, у Беларусі, і пачынае дзейнасць ад імя незалежных выданняў, ад імя вольнага, незалежнага тэлебачання, улада адразу ж пачынае таго прыцісняць”.
Прысуд журналісту абяцаюць агалосіць адкрыта
І яшчэ. 16 студзеня ў Мінскім гарадскім судзе за зачыненымі дзвярыма адбываліся судовыя спрэчкі па крымінальнай справе ў дачыненні незалежнага журналіста Аляксандра Здвіжкова, якога абвінавачваюць у распальванні рэлігійнае варожасці. Яму ставяць за віну публікацыю на старонках недзяржаўнае газеты “Згода”, насмеснікам рэдактара якой Здвіжкоў на той час з’яўляўся, перадруковак карыкатураў на Прарока Мухамеда з адной з дацкіх газет некалькі гадоў таму. Калі суд прызнае журналіста вінаватым, то яму пагражае ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі. Мусульманскія духоўныя лідэры Беларусі не жадаюць пакарання Здвіжкова, а незалежныя эксперты перакананыя, што справу даўно трэба было спыніць з-за адсутнасці ў дзеяннях Здвіжкова складу злачынства. У чацвер журналіст выступіць з апошнім словам, і, магчыма, ужо ў гэты дзень будзе вынесены прысуд. Суддзя Мінгарсуду Раман Аніскевіч, які вядзе справу, абяцае журналістам публічна агучыць сваё рашэнне.