viasna on patreon

Хворыя на сухоты даведзеныя да адчаю

2008 2008-01-16T16:58:15+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Выдавец незалежнага бюлетэня "Бойкі Клецк" Сяргей Панамароў, супраць якога ўжо некалькі разоў аднаўлялі і спынялі ўзбуджаную за абразу дзяржчыноўніцы ў друкаваным выданьні крымінальную справу,   зьвяртаецца да журналістаў з прозьбай наведаць рэспубліканскі шпіталь для хворых на сухоты ў Новаельні Дзятлаўскага раёну, каб на ўласныя вочы пабачыць і зафіксаваць, у якіх умовах праходзіць лячэньне. Галадоўка, якую спантанна аб'явілі хворыя па прычыне такіх  невыносных умоў знаходжаньня ў клініцы, як кепскае харчаваньне, адсутнасьць гарачай вады і нізкая тэмпература ў палатах, не прынесла ім палегку. 15-га студзеня ў шпіталь прыехалі чыноўнікі, і, як адзначае сп. Панамароў, «прайшліся»  па ляжачым хворым, не зьвярнуўшы ўвагу на 105 чалавек, якія падпісаліся пад патрабаваньнем".       

Сухотнікі даведзеныя да адчаю. Як паведаміла "Нашай Ніве" адна з арганізатараў галадоўкі Натальля Рагалевіч, за апошнія два дні хворыя сутыкнуліся з хваляй бруду на іх адрас: «Нас і алькашамі, і зэкамі называлі, але ж тут ня толькі такія лечацца. Увогуле, галадоўку арганізавалі жанчыны, якіх і галадала палова ад усёй колькасьці». Яна распавяла, якім чынам сп. Доўгаль прапанаваў вырашыць праблему атрыманьня грошай уладальнікамі плястыкавых банкаўскіх картак: «Паабяцаў пасадзіць у «хуткую» 20-25 чалавек і адвезьці ў банк. Але ж гэта парушэньне нашых правоў – мы вольныя людзі, а на нас у тым банку будуць пальцам паказваць, маўляў, глядзі – «тубікаў» пад канвоем прывезьлі!» Хворыя кажуць, што атрымалі адказ на запыт у Міністэрства аховы здароўя наконт статусу бальніцы і даведаліся, што гэта не закрытая лякарня.

У той жа час хворых азнаёмілі з загадам міністэрства ад 12.12.2007 г., згодна з якім у шпіталі будзе ўсталявана сістэма відэаназіраньня. «На лекі грошай няма, кажуць, а на відэаназіраньне ёсьць!» – абураюцца пацыенты РТБ. Зараз па перыметру клінікі тэрмінова ставяць плот і міліцэйскі пост. 

Арганізатарка акцыі пратэсту кажа, што іх падтрымлівае большасьць пацыентаў бальніцы – і старыя, і маладыя. «Цяпер ужо і малодшы мэдперсанал пачаў выказваць салідарнасьць з намі». Калі праз 5 дзён патрабаваньні хворых ня будуць выкананыя, яны адновяць галадоўку і на знак пратэсту могуць нават перакрыць аўтатрасу.

Нагадаем, што 14 студзеня ў Рэспубліканскай тубэркулёзнай бальніцы каля 100 чалавек хворых на сухоты ня выйшлі на сьняданак. Яны патрабавалі паляпшэньня ўмоваў лячэньня. Галоўны ўрач Вячаслаў Доўгаль назваў іх патрабаваньні неабгрунтаванымі. В. Доўгаль лічыць, што прычынай галадоўкі стала забарона вольнага выхаду хворых за тэрыторыю бальніцы. Па яго словах, на тэрыторыі РТБ ёсьць усё неабходнае, хворыя сьцьвярджаюць адваротнае — кажуць пра адсутнасьць самых неабходных сродкаў гігіены, лекаў, якаснага харчу, наракаюць на кепскія ўмовы ўтрыманьня. Раніцай 15 студзеня галадоўка па аб’ектыўных прычынах была прыпыненая

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства