Рэдактара «Газеты Слонімскай» выклікалі ў пракуратуру
Галоўны рэдактар недзяржаўнага выдання «Газета Слонімская» Віктар Валадашчук 15 студзеня быў выкліканы ў міжраённую Слонімскую пракуратуру. Нагодай для гэтага сталі прэтэнзіі да газеты з боку абласнога ўпраўлення юстыцыі.
У прыватнасці, у абласных юрыстаў узніклі пытанні да мінулагодніх публікацый з залы суда, падрыхтаваных журналістам «ГС» Міколам Канановічам. Паводле скаргі з упраўлення юстыцыі, 4 артыкулы аб адкрытых судовых пасяджэннях былі апублікаваныя газетай да ўступлення рашэння суда ў законную сілу.
Акрамя гэтага, прэтэнзіі з боку пракуратуры былі выказаныя да трох іншых матэрыялаў, у якіх выкарыстоўваліся назвы палітычных партый, прафесійных саюзаў і іншых палітычных аб’яднанняў, што не прайшлі дзяржаўную рэгістрацыю.
Атрымаўшы тлумачэнні ад галоўнага рэдактара «Газеты Слонімскай» Віктара Валадашчука, супрацоўнік слонімскай пракуратуры паведаміў, што далей вызначаць ступень парушэння газетай беларускага заканадаўства будзе пракурор.
Таксама следчы адзначыў, што копія ліста абласнога ўпраўлення юстыцыі была накіравана ў Міністэрства інфармацыі РБ.