viasna on patreon

Чарговая справа па наркотыках “рассыпалася” ў судзе

2008 2008-01-15T13:46:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Суд апраўдаў юнака з Мазыра, якога мясцовыя міліцыянты спрабавалі абвінаваціць у распаўсюдзе наркотыкаў. Але пакуль “ахоўнікамі парадку”, якія сфабрыкавалі супраць яго крымінальную справу, займаецца КДБ і пракуратура, хлопец вымушаны хавацца ў іншым горадзе.

Кіраўнік гуртку брэйк-дансу Мазырскага тэатра Мікалай Герасімаў пайшоў у войска 19 ліпеня 2006 года. Служыць хлопца накіравалі ў “Печы” пад Барысавам. А праз тры тыдні яго маці Валянціна Герасімава даведалася, што яго абвінавачваюць у распаўсюдзе наркотыкаў. Праўда, спачатку капітан Казлоў з мясцовага РУУС спрабаваў абвінаваціць яго ва ўдзеле ў бойцы, якая, як расказала Еўрарадыё Валянціна Герасімава, адбылася ўжо пасля ад’езду Мікалая з Мазыра.

Валянціна Герасімава: “Я запыталася, калі была бойка. Ён адказаў, што тыдзень таму. Дала яму фатаздымак, які сын даслаў з “Печаў”, і прапанавала паглядзець на сына. Ён аж здзівіўся: “Ён што, служыць у войску?”

Але ўжо на наступны дзень маці патэлефанаваў дазнаўца мазырскага РУУС маёр Цяплоў і паведаміў, што на сына заведзена крымінальная справа. Яго не толькі абвінавачваюць у распаўсюдзе наркотыкаў, але, нібыта, нават маюць два даказаныя эпізоды злачынства. Праз некалькі дзён Мікалая затрымалі і прывезлі ў Мазырскі КПЗ. Па словах маці, ужо на першым допыце абвінавачанага пракурор раённай пракуратуры Гуд пасварыўся з дазнаўцам Цяпловым і следчым Пінчуком.

Валянціна Герасімава: “Сын стаў сведкам спрэчкі паміж Цяпловым і Пінчуком з пракурорам. Пракурор ім кажа: “Што вы гоніце мне адзін і той жа сцэнар? Вы што, хочаце перасаджаць усю моладзь?”

Доказамі віны Мікалая былі і нейкія аўдыёзапісы, і сведчанні “засакрэчаных” сведкаў, і шэраг іншых. Але адвакат Уладзімір Сярдзюк знайшоў шмат нестыковак у справе Мікалая Герасімава. Напрыклад, з экспертызай наркотыкаў, якімі нібыта гандляваў Мікалай.

Уладзімір Сярдзюк: “Экспертыза паказвае, што ў прадстаўленым у якасці доказу рэчыве няма наркотыкаў. Следчыя чамусьці не давяраюць мясцовай экспертызе і накіроўваюць рэчыва ў Мінск, дзе наркотыкі знаходзяць. Але вага рэчыва, калі яго адпраўлялі адсюль, рознілася ў бок павелічэння ад той вагі, якую атрымалі ў Мінску”.

Кур’ёз здарыўся, і калі на чарговым паседжанні суда маці абвінавачанага пазнала ў “засакрэчаным” сведку знаёмага свайго сына, былога турэмнага наглядчыка Сяргея Дзенісенку. Пасля чаго той прызнаўся, што абылгаў Мікалая. Стала вядома, што яго самога злавілі на гандлі наркотыкамі сярод зняволеных. Каб самому не патрапіць за краты, той пагадзіўся з умовай “здаць” сваіх падзельнікаў.

Валянціна Герасімава: “Што ён расказаў, што ў міліцыі яму сказалі, што калі не хоча, каб яго пасадзілі, ён павінен выконваць іх загады. І засакрэчаным сведкам хадзіць па судах”.

Па просьбе сына і парадзе адваката маці звярнулася па дапамогу ў мясцовы КДБ.

Валянціна Герасімава: “Яны заняліся паралельна гэтай справай і высветлілі, што той жа следчы Пінчук фальсіфікаваў дакументы. Распісваліся панятыя, якія там жа ў міліцыі працуюць прыбіральшчыцамі. Ім паказвалі, дзе распісацца, і яны распісваліся, нічога не ведаючы. Высветлілася, што яшчэ да Колевай справы шмат хлопцаў пасадзілі па такіх жа сфабрыкаваных справах”.

Апроч таго, стала вядома, што ўсе прадстаўленыя суду аўдыёзапісы “носяць сведчанні мантажу і зменаў”. А яшчэ адзін чалавек, які нібыта набываў у Мікалая Герасімава наркотык, быў міліцэйскім “стукачом” і правакатарам. Нягледзячы на гэта, пракурор запатрабаваў 8 гадоў зняволення.

Але ў выніку хлопца вызвалілі “за адсутнасцю складу злачынства”. Аднак міліцыянты, якія фабрыкавалі супраць яго справу, па-ранейшаму працуюць, і Валянціна Герасімава баіцца помсты з іх боку. Нават сына выправіла да сваякоў у іншы горад.

Валянціна Герасімава: “У нас ёсць боязь, і перад Новым годам я папрасіла яго з’ехаць, і ён паехаў да сваякоў”.

У адпаведнасці з заканадаўствам, пракуратура павінна вынесці сваё рашэнне паводле фактаў парушэння законаў супрацоўнікамі Мазырскага РАУС. Тым больш, што былы турэмны наглядчык напісаў заяву ў пракуратуру, дзе прызнаў, што па яго сведчаннях былі сфабрыкаваныя некалькі такіх жа спраў. Але адказная па сувязях са СМІ пракуратуры Гомельскай вобласці Надзея Самусева паведаміла Еўрарадыё, што нічога на гэты конт не ведае, а апраўдальны прысуд яшчэ не пацверджанне таго, што справа была сфабрыкаваная.

Надзея Самусева: “Ёсць справы, па якіх выносяцца апраўдальныя прысуды з-за адсутнасці альбо недастатковасці доказаў. Альбо з-за адсутнасці складу злачынства. Але ж гэта не значыцца, што справа была сфабрыкаваная”.

Маці Мікалая Герасімава кажа, што калі б яна апусціла рукі і не змагалася за сына, ён бы сядзеў у турме. Як і іншыя, каго абылгаў той жа Сяргей Дзенісенка. Дарэчы, пакуль нічога не вядома, ці збіраюцца пераглядаць тыя справы, па якіх ён праходзіў “засакрэчаным” сведкам. Дарэчы, летам Еўрарадыё паведамляла пра падобны выпадак, што адбыўся ў Гродне. Тады за “падставу” з наркотыкамі следчага аддзела па барацьбе з распаўсюдам наркатычных і псіхатропных рэчываў асудзілі за няправільна праведзены “следчы эксперымент”. Міліцыянеру далі 2 гады ўмоўна.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства