Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі ў 2007 годзе
Напрацягу ўсяго мінулага году праваабаронцы рупліва зьбіралі інфармацыю пра розныя формы рэпрэсіяў, якія ўлады выкарыстоўваюць для палітычнага перасьледу грамадзянскіх актывістаў. Сёньня прэзентуем адну з важных частак гэтай працы - сьпіс адміністрацыйна рэпрэсаваных грамадзянаў у 2007 годзе. На чарзе – інфармацыя пра крымінальныя справы ў дачыненьні да палітычных апанентаў ды іншыя формы перасьледу.
Сьпіс, у якім больш за 600 выпадкаў палітычнага перасьледу, якія былі зафіксаваныя за 2007 год, робіць вартымі сьмеху гучныя заявы дзяржаўных чыноўнікаў пра адсутнасьць у Беларусі рэпрэсіяў з палітычных прычынаў. Гэты сьпіс зьяўляецца яскравым падцьверджаньнем рэальнага стаўленьня дзяржаўнага апарату да палітычнага плюралізму ў грамадзтве. Ён – неабвержны дакумент, які паказвае таталітарную сутнасьць сёньняшняга рэжыму.
Нялёгка было сабраць дакладныя і дастатковыя зьвесткі пра адміністрацыйныя пакараньні, таму інфармацыя ў асобных выпадках не зусім поўная, у тэксце могуць сустракацца і некаторыя недакладнасьці. Спадзяемся, што з дапамогаю найперш удзельнікаў гэтага гераічнага летапісу дэмакратычнага супраціву, нашых чытачоў ды іншых зацікаўленых асобаў “белыя плямы” у гэтым ўнікальным праекце зьнікнуць. Таму дасылайце дадатковую інфармацыю на наш сайт, і мы разам будзем яго дапаўняць.
Тым ня меньш, рэалізавана першая спроба зрабіць найбольш поўную базу дадзеных пра адміністрацыйны перасьлед у Беларусі, дзе ўказаныя прозьвішчы ахвяраў рэжыму, дадзеныя пра сутнасьць іхных справаў, вынесеныя пакараньні і прозьвішчы іншых фігурантаў гэтых выпадкаў – судзьдзяў ды сьведкаў.
Дарэчы, са сьпісам можна працаваць як з адаптаванай да пошуку базай дадзеных: весьці пошук альбо рабіць выбарку па адной ці некалькім з вызначаных пазіцыяў. Каб прагледзець увесь сьпіс -- дастаткова выкарыстаць каманду “Шукаць”.
Завершаная частка ўнікальнага праекту, але праваабаронцы “Вясны” і надалей працягнуць працу па зборы інфармацыі пра палітычны перасьлед і рэпрэсіі супраць грамадзкіх актывістаў у Беларусі.