viasna on patreon

Вiцебскi прадпрымальнiк Анатоль Ягораў уласнаручна зруйнаваў свой двухпавярховы цагляны дом

2007 2007-11-29T16:14:59+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Яшчэ ў сярэдзiне 90-х гадоў мiнулага стагоддзя вiцябчанiн Анатоль Ягораў набыў у карыстанне зямельны ўчастак. Кавалак зямлi памерам 1242 квадратныя метры знаходзiцца ў прэстыжным раёне Вiцебска — ля самай прыбярэжнай паласы Заходняй Дзвiны.

У хуткiм часе Ягораў распачаў будаўнiцтва на ўласнай зямлi — захацеў пабудаваць тут дом. Закупiў i прывёз на месца будоўлi неабходныя матэрыялы, i, як кажуць, справа пайшла.

“Будоўля была скончана недзе на пачатку 2000-х гадоў, — расказаў ”Народнай волi" Анатоль Ягораў. — Будынак атрымаўся вельмi прыгожым — двухпавярховы дом з чырвонай цэглы памерам 8 на 7".

Некаторыя гараджане, якiя бачылi дом-прыгажун, зразумела, зайздросцiлi i нават вынеслi свой вердыкт: дом на самым беразе Заходняй Дзвiны дазволiлi пабудаваць чалавеку з неблагiмi сувязямi — цi то чыноўнiку, цi то сiлавiку. Праўда, нi да чынавенства, нi да сiлавiкоў гаспадар зямельнага ўчастка нiякага дачынення не мае. Зямля, на якой быў пабудаваны дом, належыць грамадзянiну Ягораву. Гэта вынiкае з рашэння Вiцебскага гарадскога выканаўчага камiтэта, дзе напiсана: “На падставе дагавора куплi-продажу ад 14.08.1996 прадаставiць Ягораву Анатолю Пятровiчу зямельны ўчастак плошчай 1242 квадратныя метры ў пажыццёвае ўладанне для абслугоўвання iснуючага жылога дома”.

Тут варта адзначыць, што на зямлi, якую набыў Ягораў, раней стаяў дом, дзе пражывалi iншыя гаспадары. Новы гаспадар вырашыў так: раз раней тут можна было будавацца, то нiякiх праблем з тым, каб пабудаваць яшчэ адзiн дом, не ўзнiкне. Ягораў узяўся за справу. I ўжо ў 2003 годзе кампетэнтныя органы прыслалi вiцебскаму прадпрымальнiку дакумент, дзе гаварылася, што гэты двухпавярховы цагляны дом адпавядае ўсiм санiтарна-тэхнiчным патрабаванням i гатовы для перадачы ў эксплуатацыю...

Усё было б добра, i жыў бы Ягораў у новым шыкоўным доме, калi б не... Калi б у справу па звычцы не ўмяшалiся правяраючыя органы. Нядаўна на сайце Камiтэта дзяржкантролю было размешчана паведамленне аб зносе асабняка, пабудаванага незаконна на правым беразе Дзвiны. Вы правiльна здагадалiся, размова iдзе якраз пра дом Анатоля Ягорава.

“Гэтыя самыя кампетэнтныя органы i далi каманду знесцi дом, — распавядае Анатоль Ягораў. — Я пагараваў-пагараваў ды i вырашыў знесцi дом уласнаручна, не чакаючы, пакуль яго бульдозер руйнаваць прыедзе”.

Зразумела, гаспадару было шкада развiтвацца з самастойна пабудаваным домам.

“Колькi грошай я ў яго ўклаў, ужо i не памятаю, але, самi разумееце, сума не маленькая, — гаворыць Ягораў. — Iншага выхаду, як самому па цаглiне разабраць дом, у мяне i не было. Бо калi б мой дом зносiлi па ўсiх правiлах, то мне б за гэта яшчэ давялося i заплацiць. А так сам разабраў — i грошы зэканомiў”.

Карацей, калi на ўчастак да Анатоля Ягорава прыехала тэхнiка, каб зруйнаваць будынак, то руйнаваць ужо не было чаго...

Наколькi нам вядома, Ягораў не збiраўся аспрэчваць рашэнне кампетэнтных органаў у судах. Цi ведаў аб бесперспектыўнасцi судовых цяжбаў, цi яшчэ што, але тым не менш прадпрымальнiк застаўся без дома.

Цiкава, а да асабнякоў тых жа вiцебскiх высокiх начальнiкаў i супрацоўнiкаў КДК будзе такая ж пiльная ўвага?

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства