Вярхоўны суд даслаў рашэньне па скарзе ГПА "Вясна" на адмову Мінюста ў рэгістрацыі
Справа № 03-17п/2007
РАШЭННЕ
ІМЕМ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
26 кастрычніка 2007 года Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага Яхнавец С.К., пры сакратары Будкінай І.А., з удзелам пракурора аддзела Пракуратуры Рэспублікі Беларусь Заноўскага Л.Ф., заяўнікоў Стэфановіча В.К., Бяляцкага А.В., Лабковіча У.М., прадстаўніка Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Пячкурова А.В., разгледзеўшы ў зале судовых паседжанняў Вярхоўнага Суда грамадзянскую справу па скарзе Стэфановіча Валянціна Канстанцінавіча, Лабковіча Уладзіміра Мікалаевіча, Бяляцкага Аляксандра Віктаравіча на рашэнне Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі Грамадскага праваабарончага аб'яднання "Вясна",
у с т а н а в і ў:
Стэфановіч В.К., Лабковіч У.М., Бяляцкі А.В. звярнуліся ў суд са скаргай, у якой зазначылі, што 23 ліпеня 2007г. у Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь былі пададзены дакументы аб дзяржаўнай рэгістрацыі створанага рэспубліканскага Грамадскага праваабарончага аб'яднання "Вясна".
24 жніўня 2007 г. Міністэрства юстыцыі прыняло рашэнне аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі дадзенага грамадскага аб'яднання.
Лічаць рашэнне беспадстаўным, не адпавядаючым патрабаванням Закона Рэспублікі Беларусь "Аб грамадскіх аб'яднаннях", парушаючым законныя правы, гарантаваныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Просяць адмяніць гэта рашэнне і абавязаць Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь зарэгістраваць Грамадскае праваабарончае аб'яднанне "Вясна".
У судовым паседжанні заяўнікі Стэфановіч В.К., Лабковіч У.М., Бяляцкі А.В. скаргу падтрымалі.
Прадстаўнік Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь Пячкуроў А.В. са
скаргай не пагадзіўся.
Заслухаўшы тлумачэнні заяўнікоў і прадстаўніка Міністэрства юстыцыі, даследаваўшы пісьмовыя доказы, заслухаўшы меркаванне пракурора Заноўскага Л.Ф., які лічыць, што скарга не падлягае задавальненню, суд прыходзіць да наступнага.
Паводле арт. 15 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб грамадскіх аб'яднаннях" рашэнне аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі грамадскага аб'яднання прымаецца ў выпадку:
– парушэння ўстаноўленага парадку стварэння грамадскага аб'яднання, калі гэтае парушэнне носіць непапраўны характар;
– неадпаведнасці ўстаноўчых дакументаў грамадскага аб'яднання (мэт, задач, метадаў дзейнасці, тэрыторыі распаўсюджвання дзейнасці грамадскага аб'яднання) патрабаванням заканадаўства;
– непрадстаўлення грамадскім аб'яднаннем усіх прадугледжаных заканадаўчымі актамі дакументаў, неабходных для іх дзяржаўнай рэгістрацыі;
– неадпаведнасці назвы грамадскага аб'яднання, у тым ліку скарочаннай, яго сімволікі, а таксама ўмоў членства ў грамадскім аб'яднанні патрабаванням заканадаўства і (ці) іх устаноўчым дакументам;
– невыканання ў месячны тэрмін патрабаванняў, указаных у рашэнні аб адтэрміноўцы дзяржаўнай рэгістрацыі грамадскага аб'яднання;
– адмовы выканаць законную прапанову адпаведнага рэгіструючага органа аб змене назвы грамадскага аб'яднання.
Выяўлена, што 23 ліпеня 2007 г. у Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь былі пададзены дакументы аб дзяржаўнай рэгістрацыі Грамадскага праваабарончага аб'яднання "Вясна".
Аднак назва грамадскага аб'яднання – Грамадскае праваабарончае аб'яднанне "Вясна" – супярэчыць ч. 6 арт. 12 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб грамадскіх аб'яднаннях" (далей Закон) аб недапушчальнасці наймення новага грамадскага аб'яднання назвай ліквідаванага па рашэнні суда грамадскага аб'яднання.
Акрамя таго, у регістрацыйны орган не пададзены дакумент банка аб аплаце менавіта дзяржаўнай пошліны, як таго патрабуе арт. 13 Закона ў рэдакцыі ад 17. 05. 2007.
Рашэннем Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 23 жніўня 2007 г Грамадскаму праваабарончаму аб'яднанню "Вясна" адмоўлена ў дзяржаўнай рэгістрацыі.
Дадзеныя абставіны пацвярджаюцца матэрыяламі грамадзянскай справы (заявай аб дзяржаўнай рэгістрацыі Грамадскага праваабарончага аб'яднання "Вясна", статутам, спісам заснавальнікаў аб'яднання, адмовай Міністэрства юстыцыі ў дзяржаўнай рэгістрацыі аб'яднання), а таксама матэрыяламі грамадзянскай справы, разгледжанай Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь ў 2003г. аб ліквідацыі грамадскага аб'яднання "Праваабарончы цэнтр "Вясна", якія былі агледжаны ў судовым паседжанні.
Такім чынам, з улікам таго, што назва грамадскага аб'яднання не адпавядае патрабаванням заканадаўства, у Міністэрства юстыцыі пададзены не ўсе прадугледжаныя заканадаўчымі актамі дакументы, якія патрабуюцца для дзяржаўнай рэгістрацыі, рашэнне рэгіструючага органа аб адмове ў рэгістрацыі грамадскага аб'яднання з'яўляецца законным і абгрунтаваным, а таму падстаў для яго адмены няма.
Кіруючыся арт. 302 ГПК Рэспублікі Беларусь, суд
В Ы Р А Ш Ы Ў:
Адмовіць Стэфановічу Валянціну Канстанцінавічу, Лабковічу Уладзіміру Мікалаевічу, Бяляцкаму Аляксандру Віктаравічу ў задавальненні скаргі на рашэнне Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі Грамадскага праваабарончага аб'яднання "Вясна".
Рашэнне ўступае ў законную сілу неадкладна пасля яго абвяшчэння; абскарджанню і апратэставанню ў касацыйным парадку не падлягае.
Старшынствуючы суддзя Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь
С.К. Яхнавец
Сапраўдна: суддзя Вярхоўнага Суда |
С.К. Яхнавец