Ад забаронаў улада перайшла да правакацый
Арганізатары Сацыяльнага маршу падвялі вынікі акцыі, якая адбылася 4 лістапада. «Ад забаронаў улады адмовіліся, але перайшлі да тактыкі правакацый. Выкарыстоўваць сілу супраць людзей, якія прапаноўваюць дыялог – гэта амаральна. Больш за тое, улады цяпер залежаць ад еўрапейскіх эканамічных праграм, ад замежных крэдытаў, і гэта другая прычына, па якой улады адмовіліся ад такіх бесстаронніх метадаў узаемінаў з пратэстантамі, як дубінка па галаве і«аўтазак», – заявіў намеснік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч.
Прафашысцкія арганізацыі «Белая воля» і «Белая Русь» і «анархісты», якія наладзілі бойку падчас шэсця, на думку Івашкевіча, знаходзяцца пад пільнай увагай спецслужб.
«Я дапускаю, што ёсць маргінальныя групы, якія лічаць, што прытрымліваюцца нейкай ідэалогіі, але, на мой погляд, у іх няма ні сур'ёзнага падыходу, ні выразнага бачання свайго месца ў палітычным спектры. Дадзеныя групы, я лічу, знаходзяцца пад пільным наглядам КДБ, і спецслужбы іх проста выкарыстоўваюць для такіх правакацый», – заявіў Віктар Івашкевіч.
Старшыня аргкамітэта Сацыяльнага маршу Валерый Ухналёў, тым не менш, здаволены акцыяй.
«У рамках кампаніі Сацыяльны марш мы правялі шэсце і мітынг. І лічым, што наша мэта дасягнутая. Самае галоўнае, што акцыя прайшла мірна, не лічачы правакацыі, да якой мы не маем, як вы разумееце, ніякага дачынення. Галоўная выснова, якую можна зрабіць – гэта тое, што атрымалася прыцягнуць цалкам новых людзей, якія ніколі раней не бралі ўдзелу ў такіх акцыях. Упершыню ўзялі ўдзел ветэраны, чарнобыльцы, у тым ліку з іншых гарадоў, проста пажылыя людзі, якія баяцца за сваю будучыню пасля адмены ільгот. Мы не ставілі мэтай масавасць, галоўным было – гэта заявіць пра тое, што ў краіне існуюць праблемы, якія ўлада альбо стварае сама, альбо не хоча вырашаць», – адзначыў палітык.
На думку лідэра Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, масавыя сацыяльныя пратэсты яшчэ наперадзе.
«Калі мы сустракаемся з людзьмі, то разумеем, што простыя людзі пазітыўна ставяцца да нашых дзеянняў, да таго, што хтосьці пра іх клапоціцца. Людзі пакуль не прачулі праблему, яна не закранула іх кішэню, але ў наступным годзе гэта можа стаць сур'ёзным фактарам вулічнай барацьбы. Трэба сустракацца з людзьмі, інфармаваць іх пра гэта, каб яны больш не баяліся. Калі пройдзе ў грамадстве страх, тады пратэст будзе масавым», – лічыць Лябедзька.