Мытнікі паставілі пад сумнеў "права быць свабодным" журналістам
У незалежных журналістаў, якія вярталіся раніцай 23 верасня з рок-фестывалю “Права быць свабодным”, на беларуска-украінскай мяжы супрацоўнікі беларускай мытнай службы скапіравалі без дазволу інфармацыю з фотаапаратаў, а таксама праслухалі дыктафонныя запісы.
Журналісты ехалі ў адным аўтобусе з музыкамі. Прыкладна а 6-ай гадзіне раніцы на памежным пераходзе Макраны падчас персанальнага дагляду мытнікі забралі фотаапараты ў карэспандэнта тыднёвіка “Белорусы и рынок” Вадзіма Александровіча і пазаштатнага фотакарэспандэнта “Нашай Нівы” Арсеня Пахомава. Скапіраваўшы з іх інфармацыю без дазволу ўладальнікаў, тэхніку вярнулі. Незалежнаму журналісту Іллю Маліноўскаму загадалі ўключыць прафесійны дыктафон і праслухалі ўсе зробленыя запісы.
Па дарозе на фестываль, увечары 21 верасня, журналістаў і музыкаў на гэтым жа памежным пераходзе пратрымалі каля 5-ці гадзін. Памежнікі сабралі пашпарты і не вярталі іх без тлумачэння прычын.