Сяргея Сямёнава зноў будуць судзіць за беларускую мову
На гомельскага актывіста Сяргея Сямёнава зноў склалі пратакол за патрабаваньне беларускамоўнага блянка мытнай дэклярацыі. 9 верасьня супрацоўнікі гомельскай мытні абвінавацілі маладзёна ў правапарушэньні па артыкуле 23.4 - непадпарадкаваньне законным патрабаваньням службовай асобы.
Сяргей Сямёнаў перасякаў беларуска-ўкраінскую мяжу на аўтобусе, у пункце пропуску "Новая Гута". Беларускія мытнікі запатрабавалі ад актывіста пісьмова запоўніць дэклярацыю. Малады чалавек не адмаўляўся, але папрасіў блянк на беларускай мове, паколькі кепска валодае расейскай і засьцерагаецца памылак пры запаўненьні афіцыйнага дакуманта. Замест таго, каб выканаць просьбу пасажыра, мытнікі склалі на яго пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.
Суд над Сяргеем Сямёнавым мусіць адбыцца ў сярэдзіне верасьня.
Нагадаем, па гэтым жа артыкуле суд Цэнтральнага раёна Гомеля 30 жніўня аштрафаваў С.Сямёнава на 30 базавых велічынь (930 тыс. рублёў). Тады актывіст ехаў ва Ўкраіну цягніком, і на пункце пропуску "Церуха" таксама не апынулася ні беларускамоўных блянкаў дэклярацыі, ні перакладчыка.