Сяргей Сямёнаў атштрафаваны за беларускую мову на мяжы
Нагадаем, 21 жніўня ў актывіста Сяргея Сямёнава ў памежным пункце «Церуха» беларуска?ўкраінскай мяжы мытнікі запатрабавалі запоўніць дэкларацыю. Маладзён адказаў на гэта, што гатовы прадаставіць неабходную інфармацыю ў вуснай форме. Аднак супрацоўнікі мытні азнаёмілі яго з пастановай. У ёй паведамлялася, што спадар Сямёнаў па запатрабаванню мытні абавязаны запаўняць дэкларацыю выключна ў пісьмовай форме. Вынікам непрацяглай размовы з супрацоўнікамі мытнага камітэта сталася складанне пратакола «аб непадпарадкаванні законным патрабаванням супрацоўніка мытні».
Як паведаміў Рацыі Сяргей Сямёнаў, суд адбыўся за пару хвілінаў: «Суд праходзіў звычайна. Я патлумачыў, што не адмаўляўся ад запаўнення мытнай дэкларацыі, а проста папрасіў выдаць бланк ці на беларускай мове, ці выклікаць перакладчыка. Суддзя падумала літаральна хвілінаў 5?10 і сказала, што я вінаваты».
Актывіст збіраецца абскарджваць рашэнне ў абласным судзе, а таксама падаць заяву ў пракуратуру на супрацоўнікаў мытні за паклёп.