Намеснік міністра інфармацыі: "Развіццё інтэрнэт-СМІ не можа быць па-за рамкамі прававога рэгулявання"
На рэспубліканскім узроўні ствараецца працоўная група, якая зоймецца “вывучэннем і прапрацоўкай” праблемы заканадаўчага рэгулявання Інтэрнэт. Пра гэта паведаміў 20 жніўня ў інтэрвью агенцтву “Інтэрфакс” намеснік міністра інфармацыі Беларусі Аляксандр Слабадчук.
Тое, што дзейнасць інтэрнэт-рэсурсаў у нашай краіне не рэгулюецца, А. Слабадчук лічыць істотным недахопам. “Для інтэрнэт-выданняў характэрныя праблемы шмат якіх дзейных друкаваных СМІ (ангажаванасць шэрагу матэрыялаў, схаваная рэклама, парушэнне аўтарскіх правоў і г.д.). Тым самым парушаюцца правы і законныя інтарэсы шмат якіх юрыдычных і фізічных асобаў”, – лічыць намеснік міністра.
А. Слабадчук нагадаў, што механізмы абароны інтарэсаў грамадзяніна ад “негатыўных праяваў” у Інтэрнэце існуюць і сёння, бо на дзейнасць інтэрнэт-выданняў распаўсюджваюцца нормы грамадзянскага, крымінальнага заканадаўства, заканадаўства ў сферы інфармацыі, абароны аўтарскіх правоў. Аднак праблема можа паўстаць з вызначэннем суб’екта, які парушыў гэтыя нормы, - падкрэсліў намеснік міністра.
Да таго ж, паводле дзейнага заканадаўства, інтэрнэт-выданні нельга далучыць да сродкаў масавай інфармацыі, - нагадаў А. Слабадчук. “Таму на сёння атрымліваецца так: раз не забаронена Яго Вялікасцю Законам, значыць дазволена размяшчаць у Інтэрнэце ўсё, што ўздумаецца. Так не павінна быць”, - рэзюмаваў ён.
А. Слабадчук перакананы, што ўвядзенне нарматыўнай базы ў сферы Інтэрнэт “ні ў якой ступені не звязана з парушэннем нейкіх правоў і свабод”.
Кажучы пра досвед замежных краін у рэгуляванні Інтэрнэту, намеснік міністра найперш згадаў “кітайскі варыянт”, сутнасць якога палягае “ў строгім, са спасылкай на нацыянальныя традыцыі, кантролі за дзейнасцю ў Інтэрнэце”.