Віцебская філія РНЕ палохае мясцовых актывістаў
Напрыканцы мінулага тыдня віцебскія актывісты атрымалі лісты з пагрозамі, падпісаныя Віцебскім аддзяленьнем РНЕ (Расійскае нацыянальнае адзінства). Нагадаем, штэ гэта другая спроба псіхалагічнага запалохваньня дэмакратычнага асяродку абласнога цэнтра.
На гэта раз пагрозы атрымалі Барыс Хамайда, і актывісты віцебскай гарадской арганізацыі Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Сяржук Каваленка, Ян Талпыга і Ян Дзяржаўцаў. Усім ім у лісьце закідаецца фізічная прыналежнасьць да вобразу славутага віцебскага Мірона, які перыядычна вывешвае бел-чырвона-белыя сьцягі над Віцэбскам. Прынамсі гэта вынікае з тэксту лістоў: “Мірон, калі ты яшчэ раз павесіш бел-чырвона-белую анучу – будзеш пакараны”.
Дэмакратычныя актывісты не зьбіраюцца пакідаць без рэагаваньня нахабныя выпады невядомых ілжэпатрыётаў. Як стала вядома ПЦ “Вясна”, заява аднаго з актывістаў накіравана ў Пракуратуру Чыгуначнага раёну Віцебска. Нагадаем, што мінулы раз “ахоўнікі закону” абмежаваліся дзяжурнай адпіскай.