Івацэвічы: Міліцыя затрымала групу моладзевых актывістаў
Група маладых людзей - у бальшыні гэта сябры Моладзі БНФ - якая адпачывала ў Івацэвіцкім раёне, папярэдне наведаўшы памятныя мясьціны ў Косаве, сёньня была затрыманая івацэвіцкай міліцыяй.
Лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка паведаміў Радыё Свабода па тэлефоне:
“Як я даведаўся са званкоў Сержука Семенюка і Франака Вячоркі, яны былі завезеныя ў Івацэвіцкае РУУС, дзе імі займаўся нехта маёр Высоцкі, які прыпісваў ім дробнае хуліганства ў выглядзе нецэнзурнай лаянкі ў ягоным кабінэце.
Учора супрацоўнікі івацэвіцкай міліцыі ўжо затрымлівалі тую самую групу моладзі, абвінаваціўшы хлопцаў у тым, што яны нібыта пакралі мабільныя тэлефоны, але ўрэшце іх адпусьцілі. Пры гэтым міліцыянты прыгразілі моладзевым актывістам, што тыя будуць мець непрыемнасьці, калі не пакінуць межы раёну.
На разбор справы былі мабілізаваныя амаль усе афіцэры, якія дапытвалі затыманых па адным. І яшчэ - у РУУС (у суботу, амаль уначы!) былі прывезеныя нават двое судзьдзяў, якія пасьпелі правесьці два скорыя суды - над Ільлём Богданам і яшчэ адным чалавекам. Калі судзьдзі выйшлі пісаць пастановы, раптам паступіў загад - усіх выпусьціць. Безь ніякіх тлумачэньняў. Пасьля гэтага міліцыянты пракантралявалі, каб моладзевыя актывісты селі на цягнік, які вывезе іх за межы раёну”.