viasna on patreon

Участковыя камісіі ствараюць праблемы для назіральнікаў ад Партыі БНФ

2004 2004-10-12T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

12 кастрычніка пачалося “папярэдняе галасаваньне”. На ўчастках Усходняй выбарчай акругі № 107, дзе балятуецца старшыня Партыі БНФ В.Вячорка, адразу пачаліся праблемы для назіральнікаў.

Так, на ўчастках № 517 (СШ № 66, ) і № 656 (пас. Баравая, сакратар камісіі Руткевіч Галіна Міхайлаўна) адмаўляліся рэгістраваць назіральнікаў ад грамадзкіх арганізацыяў на той падставе, што ў іх няма сяброўскіх пасьведчаньняў (не прадугледжаных статутамі гэтых арганізацыяў), і зарэгістравалі толькі пасьля звароту ў акруговую выбарчую камісію.

Чарговы раз узьніклі праблемы ў Дзяржаўным гандлёвым коледжы (чый дырэктар А.Лягчылаў балятуецца ад улады ў іншай акрузе), участак № 516, старшыня Паланевіч Алена Васілеўна. На тэрыторыі ўчастку ёсьць некалькі інтэрнатаў. У першы ж дзень участковая камісія выдаліла з участку давераную асобу В.Вячоркі таму, што ён нібыта апытваў выба ршчыкаў-студэнтаў , ці яны прыйшлі датэрмінова прагаласаваць добраахвотна. Другой даверанай асобе, якая прасіла назваць колькасьць выбаршчыкаў, а атрымаўшы адмову, папрасіла паглядзець сьпісы, адмовілі ў любой інфармацыі наконт сьпісаў і заявілі, што яна стаіць блізка ля стала й “перашкаджае працы камісіі”. На думку назіральнікаў, старшыня камісіі сп-ня Паланевіч парушыла арт. 21 Выбарчага кодэксу.

Як паведамляюць назіральнікі, 11 кастрычніка каля 19.00 з СШ № 122, дзе разьмешчаныя два выбарчыя ўчасткі (№№ 519 і 520), выходзілі вучні пачатковых класаў зь вялікімі стосамі агітацыйных матэрыялаў іншага кандыдата, члена Савета Рэспублікі В.В.Крука. На пытаньне, дзе яны іх узялі, дзеці адказалі, што матэрыялы дала ім настаўніца Людміла Аляксандраўна Васкрасенская й даручыла закінуць у паштовыя скрынкі навакольных дамоў. Гэта, на думку назіральнікаў, ёсьць відавочным прыкладам выкарыстаньня адміністрацыйнага рэсурсу, выкарыстаньня залежнасьці малых дзяцей ад настаўніка й п арушэньнем арт. 73 Выбарчага кодэксу.

Прэс-група Партыі БНФ

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства