Журналісту "Витебского курьера" адмовілі ў інфармацыі
Старшыня Віцебскай-Горкаўскай акруговай выбарчай камісіі Святлана Мянжынская адмовілася прадаставіць інфармацыю журналісту недзяржаўнай газеты "Витебский курьер" Уладзіміру Жыгулову. Пра гэта паведаміла 9-га кастрычніка газета "Народная воля". Спачатку спн. Мянжынская пагадзілася на размову, але пасля заявіла, што не будзе адказваць на пытанні журналіста і наогул "не жадае мець справаў з прэсай". "Пакуль не прыме рашэння Цэнтрвыбаркам, я нічога не буду гаварыць", - заявіла старшыня камісіі.
Тэмай размовы мела стаць пазбаўленне камісіяй рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты ПП НС Паўла Севярынца пасля яго выступу на абласным радыё. (Карэспандэнт "Витебского курьера" выступаў таксама ў якасці даверанай асобы кандыдата Севярынца). Спн. Мянжынская нагадала, што пазбаўлены рэгістрацыі кандыдат паскардзіўся на дзеянні камісіі ў пракуратуру, і дала суразмоўцу зразумець, што вельмі незадаволена гэтым учынкам, - паведамляе "Народная воля".