Плакаты кандыдата ад партыі БНФ Мікалая Ворана зрываюць з афішных тумбаў
11 кастрычніка ў Горадні былі сарваны ўсе агітацыйныя плякаты з партрэтам кандыдата ў дэпутаты Міколы Ворана, які балятуецца ў 51-й Занёманскай акрузе. Ён вылучаны ад партыі БНФ, кіруе яе гарадзкой арганізацыяй. Гэта менавіта той самы спадар Воран, выступ якога не паказала абласное тэлебачаньне, у сваім выступе ён заклікаў галасаваць на рэфэрэндуме супраць Лукашэнкі.
Мікола Воран гаворыць, што ў пятніцу і выхадныя яго давераныя асобы вывешвалі ў горадзе ягоныя плякаты. Вярталіся праз паўгадзіны: плякатаў не было, на іх месцы ў некаторых выпадках былі прыклееныя плякаты ягонага канкурэнта — сёньняшняга дэпутата Палаты прадстаўнікоў спадара Камянецкага.
Спадару Ворану аднойчы нават пагражалі па тэлефоне. Але ён гаворыць, што яго агітацыя знаходзіць водгук у выбаршчыкаў, паведамляе Радыё Свабода.