Чатыром палітычным партыям у Віцебску загадана вызваліць арандаваныя офісы
Разам з гарадзкімі арганізацыямі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Лібэральна-дэмакратычнай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная грамада) загад пра вызваленьне з арандаваных плошчаў атрымала і няўрадавая арганізацыя “Самакіраваньне ды грамадзтва”. Грамадзкія ды партыйныя актывісты лічаць, што пазбаўленьне офісаў непасрэдна зьвязанае з падрыхтоўкай уладаў да наступных парлямэнцкіх выбараў.
У адміністрацыйным будынку па вуліцы Герцэна, дом 10/7, які належыць будаўнічаму трэсту №9, палітычныя партыі бесьперашкодна арандавалі памяшканьні цягам мінулых чатырох гадоў. 27 чэрвеня кіраўнікі гарадзкіх арганізацыяў АГП, ЛДПБ, БСДГ і БСДП (НГ) атрымалі лісты за подпісам генэральнага дырэктара Валянціна Козічкіна, дзе паведамляецца пра скасаваньне дамоваў арэнды і загад вызваліць памяшканьні цягам наступных дзесяці дзён — з прычыны таго, што цяпер гаспадары будуць выкарыстоўваць іх дзеля ўласных патрэбаў. Даведацца пра пляны будаўнічага трэсту адносна вызваленых памяшканьняў не ўдалося.
Партыйныя кіраўнікі падрыхтавалі палітычную заяву на імя кіраўніцтва гораду ды вобласьці, дзе пішуць пра тое, што іх сьвядома пазбаўляюць магчымасьці існаваньня. Тым часам па віцебскім тэлебачаньні ўжо прайшла аб’ява пра тое, што будаўнічы трэст №9 гатовы здаць шэраг памяшканьняў у арэнду новым гаспадарам, паведаміла Радыё Свабода.