Затрыманы і зьбіты капітанам міліцыі актывіст “Зубра” Зьміцер Кучынскі падаў скаргу ў пракуратуру
Непаўнагадовы Зьміцер Кучынскі быў затрыманы 27 чэрвеня ў раёне парку імя Горкага г. Менску каля 18 гадзінаў падчас распаўсюду друкаванай прадукцыі. Ён быў дастаўлены ў апорны пункт аховы грамадзкага парадку №70 Партызанскага РУУС, дзе на яго быў складзены пратакол аб адміністратыўным правапарушэньні па арт. 172 ч.3 КаАП РБ. Пры гэтым затрыманаму не былі растлумачаныя ягоныя правы, прадугледжаныя арт. 247 КаАП, не паведамілі аб затрыманьні бацькам, спрабавалі првесьці дагляд асабістых рэчаў без складаньня пратаколу і пратаколу аб выняцьці друкаванай прадукцыі. Калі Зьміцер указаў супрацоўнікам міліцыі на іх незаконныя дзеяньні, капітан міліцыі, які не назваў сваё прозьвішча, нанёс яму некалькі ўдараў у вобласьць галавы, а таксама некалькі ўдараў па целе.
У сваёй заяве ў Пракуратуру Партызанскага раёну, якую Зьміцер падаў сёньня, ён указвае: “Сьведкам майго зьбіцьця капітанам міліцыі стаў Аляксандр Шэлег, які знаходзіўся ў гэты момонт у памяшканьні, дзе гэты адбывалася”.
З. Кучынскі лічыць дзеяньні супрацоўнікаў міліцыі незаконнымі, перавышаючымі іх службовыя паўнамоцтвы, парушаючымі Закон “Аб міліцыі”, нормы КаАП РБ. “Ніякіх законных падставаў, -- піша ў заяве З. Кучынскі, -- прадугледжаных арт. 19 Закона “Аб міліцыі” дзеля ўжываньня ў адносінах да мяне фізічнай сілы не было. Я не аказваў супраціву супрацоўнікам міліцыі, не аказваў іншага супрацьдзеяньня законным патрабаваньням супрацоўнікам міліцыі”.
Зьміцер Кучынскі запатрабаваў правесьці пракурорскую праверку ўказаных фактаў, устанавіць асобу зьбіваўшага яго капітана міліцыі і прыцягнуць яго да ўсталяванай законам адказнасьці.