Апошнюю недзяржаўную газэту ў Воршы пазбавілі ліцэнзіі
Газэта "Віцебская трыбуна" апошнім часам выходзіла як рэгіянальнае выданьне і была адзінай недзяржаўнай газэтай у Воршы ды Аршанскім раёне.
Пра пазбаўленьне ліцэнзіі калектыў рэдакцыі даведаўся цалкам выпадкова, калі прыйшоў час узнаўляць дамову з друкарняй. У друкарню дакумэнт пра скасаваньне прыйшоў поштай яшчэ ў сярэдзіне лютага, аднак рэдактару "Віцебскай трыбуны" Сяргею Серабру пра скасаваньне ліцэнзіі не паведамілі, тым самым пазбавіўшы яго права абскардзіць адпаведную пастанову Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь у судзе.
У якасьці афіцыйнае падставы для пазбаўленьня ліцэнзіі згаданая ліквідацыя заснавальніка - Цэнтру моладзевых ініцыятываў "Контур". Аднак "Контур" быў зьліквідаваны яшчэ летась, а пастанова пра скасаваньне ліцэнзіі зьявілася толькі празь сем месяцаў. Таму ў рэдактара "Віцебскай трыбуны" ёсьць падставы меркаваць, што выданьне пазбавілі ліцэнзіі за падтрымку вядомай акцыі пратэсту віцебскіх прадпрымальнікаў: на сайце газэты зьмяшчалася кроніка іхнае галадоўкі, фатаздымкі да іншыя матэрыялы. Галадоўка доўжылася з 2 да 14 лютага, і роўна празь дзень ліцэнзія "Віцебскай трыбуны" была скасаваная.