viasna on patreon

Гісторыку Ігару Мельнікаву прысудзілі 4 гады калоніі за інтэрв’ю "Еўрарадыё"

2024 2024-09-13T16:36:32+0300 2024-09-13T16:38:06+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ihar-melnikau_.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Мінскім гарадскім судзе 13 верасня асудзілі палітзняволенага Ігара Мельнікава паводле ч. 1 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Міхаіл Макарэвіч прызначыў Ігару чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

ihar-melnikau_.jpg
Ігар Мельнікаў

Як паведаміла Пракуратура Мінска, Ігар Мельнікаў 26 студзеня 2022 года, знаходзячыся ў Польшчы, даў інтэрв’ю "Еўрарадыё", якое раней было прызнанае "экстрэмісцкім фармаваннем".

Справу пачалі разглядаць у адкрытым фармаце 10 верасня. Раней праўладная газета "СБ. Беларусь сегодня" публікавала вытрымку з абвінавачвання: "Ігар Мельнікаў у 2022 годзе па матывах нацыянальнай варожасці і варажнечы, а таксама палітычнай і ідэалагічнай варожасці, загадзя ведаючы аб экстрэмісцкай дзейнасці ўдзельнікаў забароненага ў Беларусі інфармацыйнага рэсурса, у мэтах развіцця і папулярызацыі медыя такой накіраванасці і ўцягнення ў падобную дзейнасць большай колькасці грамадзянаў, даў ім інтэрв'ю". Як паведаміла газета, Ігар даваў інтэрв'ю "Еўрарадыё" як у Польшчы,  так і ў Беларусі. 

Гісторык цалкам прызнаў віну.

ihar-melnikau_1.jpg
Ігар Мельнікаў у судзе

Нагадаем, Ігара Мельнікава затрымалі 21 студзеня 2024 года. Як раней паведамляла "Наша Ніва", у гісторыка была неадназначная рэпутацыя ў прафесійных колах. Ён пачынаў з заходнерусізму, адтуль пераскочыў у паланафільства, але ўрэшце прыйшоў у падкрэсленую беларускасць. 

Месца ўтрымання: СІЗА-1. 223016, Навадворскі сельсавет, 143/4, в. Пашковічы, Мінскі раён, Мінская вобласць. Ігар Вячаслававіч Мельнікаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства