viasna on patreon

Крымінальная справа за ўдзел у тэлешоў "План:Б": сярод падазраваных – праваабаронцы

2024 2024-09-13T10:29:29+0300 2024-09-13T10:29:51+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/plan_b-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Упраўленне Следчага камітэта па Гомельскай вобласці ўзбудзіла крымінальную справу на ўдзельнікаў двух выпускаў тэлешоў “План:Б” на тэлеканале “Белсат” – за 25 сакавіка і 1 красавіка. Падазраваных у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 2 арт. 361-4 КК) – больш за дзесятак чалавек.

Апошнія месяцы да сваякоў і родных падазраваных прыходзяць следчыя, цікавяцца пра месцазнаходжанне удзельнікаў праграмы, апытваюць суседзяў, праводзяць іншыя працэсуальныя дзеянні. Вядома таксама пра некалькі ператрусаў.

Нагадаем, у траўні 2024 года стала вядома пра крымінальную справу супраць удзельнікаў святкавання Дня Волі, якое адбывалася ў гарадах і краінах, дзе ёсць актыўная беларуская дыяспара, і праходзіла ў адпаведнасці з заканадаўствам гэтых краін. 16 траўня 2024 года Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь заявіў, што дадаў 104 прозвішчы ў спіс падазраваных паводле справы “беларусаў замежжа”. Паколькі праграма “План:Б” выйшла ў эфір менавіта 25 сакавіка, можна меркаваць, што і пераслед яе ўдзельнікаў палягае ў гэтым рэчышчы.

Сярод падазраваных – праваабаронца "Вясны" і журналіст Сяргей Сыс. Яго абвясцілі ў міждзяржаўны вышук. Сам праваабаронца з’ехаў з краіны яшчэ ў 2021 годзе.

Яшчэ раней адным з фігурантаў новай крымінальнай справы, распачатай супраць тых, хто даваў інтэрв'ю СМІ, унесеным у спіс “экстрэмісцкіх фармаванняў” стаў аршанскі праваабаронца і рэдактар партала  Orsha.eu Ігар Казмерчак.

Адказнасць па артыкуле за садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці прадугледжвае абмежаванне волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства