viasna on patreon

Палітвязня Алега Яфрэменку трэці раз будуць судзіць за "непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі"

2024 2024-09-11T12:04:15+0300 2024-09-11T12:34:50+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/jafremenka-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Барысаўскага раёна 23 верасня будзе разгледжана чарговая справа супраць палітвязня Алега Яфрэменкі. Яго трэці раз абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Раней палітвязню ўжо ўзмацнялі рэжым: у верасні 2021 Алега перавялі на турэмны рэжым, а пазней двойчы дадавалі па году калоніі за "непадпарадкаванне адміністрацыі". Алега ўтрымліваюць у зняволенні ўжо чатыры гады.

Жыхара Віцебска абвінавацілі ў тым, што ён зрабіў падсечку міліцыянту падчас вулічнага шэсця 13 верасня 2020 года — той упаў і падрапаў далоні. Суд прызначыў Алегу чатыры з паловай гады калоніі. Адбываць тэрмін яго накіравалі ў магілёўскую калонію № 15. Але праз некалькі месяцаў яму ўзмацнілі пакаранне і перавялі на турэмны рэжым у Магілёў. Там Алега рэгулярна змяшчалі ў ШІЗА па надуманых прычынах.

Першую справу Яфрэменкі паводле арт. 411 КК разглядалі ў судзе Ленінскага раёна Магілёва роўна год таму — 26 ліпеня 2022 году. Спачатку палітвязня абвінавачвалі па ч. 2 арт. 411 КК, але падчас суда яму перакваліфікавалі частку на першую — яна прадугледжвае больш мяккае пакаранне. Суддзя Вікторыя Палякова 15 жніўня 2022 года прысудзіла Алегу ў дадатак да чатырох з паловай гадоў калоніі яшчэ год у зняволенні. 

З 18 лістапада 2022 года Алег пачаў адбываць тэрмін у папраўчай калоніі № 9 у Горках. Па інфармацыі праваабаронцаў, адміністрацыя ўстановы ўвесь час ціснула на Алега. Яго неаднаразова змяшчалі ў ШІЗА, пасля чаго супраць яго ўзбудзілі ўжо трэцюю крымінальную справу — зноў па ч. 1 арт. 411 КК. Трэці суд над Алегам адбыўся 25 ліпеня 2023 года. Справу разглядала суддзя Горацкага раёна Алена Вараб’ёва. Яна прызнала палітвязня вінаватым і прысудзіла яму яшчэ адзін год пазбаўлення волі.

Пасля прысуду яго этапавалі ў барысаўскую калонію № 14. Цяпер сталав вядома, што над Алегам адбудзецца трэці суд паводле арт. 411 КК. Справу пачнуць разглядаць 23 верасня ў Барысаве. Працэс будзе весці суддзя Людміла Зінкевіч.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства