viasna on patreon

Заява аб прызнанні 14 чалавек палітычнымі зняволенымі

2024 2024-08-22T18:05:59+0300 2024-08-23T14:38:24+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zatrymanne_14_viasna5.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі

22 жніўня 2024 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі зноў адзначаем, што прыцягненне да крымінальнай адказнасці за распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (арт.130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна для абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, вайскоўцаў і да т. п. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам уяўляецца неабгрунтаваным.

Мы настойваем на недапушчальнасці ўжывання закона, які абараняе прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў правапарадку і суддзяў ад пагрозаў у сувязі з правамерным выкананнем імі сваіх службовых абавязкаў, для пакарання тых грамадзян, якія выказаліся ў сувязі з відавочным парушэннем прадстаўнікамі дзяржаўных інстытутаў Канстытуцыі і закона, уцягнутасцю прадстаўнікоў улады, пракурораў і суддзяў у працэс катаванняў і ў стварэнне атмасферы беспакаранасці за катаванні ды іншыя грубыя парушэнні правоў чалавека, якія часта маюць прыкметы злачынстваў супраць чалавечнасці.

У адпаведнасці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, кожны мае права пры разглядзе любога прад'яўленага яму крымінальнага абвінавачвання на справядлівае і публічнае разбіральніцтва справы кампетэнтным, незалежным і бесстароннім судом. Суды маюць права не дапускаць усю публіку або частку яе з меркаванняў маралі, грамадскага парадку або дзяржаўнай бяспекі ў дэмакратычным грамадстве або калі гэтага патрабуюць інтарэсы прыватнага жыцця бакоў, або — у той меры, у якой гэта, на думку суда, строга неабходна, — пры асаблівых абставінах, калі публічнасць парушала б інтарэсы правасуддзя. У выпадку адсутнасці такіх выключных абставінаў разбіральніцтва павінна быць адкрытым для шырокай публікі, уключна з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі, і не павінна, напрыклад, абмяжоўвацца пэўнай катэгорыяй асоб. Нават у тых выпадках, калі публіка пазбаўленая доступу на судовае разбіральніцтва, судовая пастанова, уключна з асноўнымі высновамі, доказамі і прававой аргументацыяй, мусіць быць аддадзена галоснасці. Гэтыя патрабаванні не выкананыя судом у справе названых асоб, што само па сабе магло б вызначыць стаўленне праваабаронцаў да вынікаў яго разгляду.

Мы таксама нагадваем сваю пазіцыю, выказаную ў заяве праваабарончай супольнасці, пра тое, што парушэннем п. 3 арт. 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах будзе спасылка на законы аб дзяржаўнай здрадзе і аналагічныя акты, якія тычацца нацыянальнай бяспекі, службовай таямніцы, барацьбы з падрыўной дзейнасцю, з тым, каб утрымаць або ўтаіць ад шырокай грамадскасці інфармацыю, якая прадстаўляе законны грамадскі інтарэс і не пагражае нацыянальнай бяспецы, а таксама, каб пераследваць журналістаў, даследчыкаў, абаронцаў навакольнага асяроддзя, праваабаронцаў або іншых асоб за распаўсюд такой інфармацыі.

Нам вядома аб асуджэнні:

  • Станіслава Шапеля паводле арт. 356 Крымінальнага кодэкса ў закрытым судовым пасяджэнні па справакаваным і надуманым абвінавачванні ў дзяржаўнай здрадзе да пазбаўлення волі;
  • Дзмітрыя Пазнякова паводле артыкула 356 Крымінальнага кодэкса ў закрытым судовым пасяджэнні па абвінавачванні ў здрадзе дзяржаве да пазбаўлення волі;
  • Антона Шарупы паводле артыкула 130 Крымінальнага кодэкса па абвінавачванні ў распальванні "іншай сацыяльнай варожасці" за крытычныя выказванні ў сетцы Інтэрнэт;
  • Віталя Саўко паводле артыкула 130 Крымінальнага кодэкса па абвінавачванні ў распальванні "іншай сацыяльнай варожасці" за крытычныя выказванні ў сетцы Інтэрнэт;
  • Барыса Грынкевіча паводле арт. 342, 361-1, 130, 368, 369 Крымінальнага кодэкса па абвінавачванні ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх, абразе прадстаўніка ўлады і А. Лукашэнкі, стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім, распальванні "іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы" да пазбаўлення волі;
  • Андрэя Мірэйчыка паводле арт. 361, 369, 368, 361-1, 130, 179 Крымінальнага кодэкса па абвінавачванні ў закліках да дзеянняў, накіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, абразе прадстаўніка ўлады і А. Лукашэнкі, стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім, распальвання варожасці або варажнечы, зборы і распаўсюджванні звестак аб прыватным жыцці ў публікацыях у сетцы Інтэрнэт да пазбаўлення волі;
  • Андрэя Грыгор'ева, Вікторыі Волчак, Ганны Савачкінай у закрытым судовым пасяджэнні паводле арт. 295, 361-1, 356, 333-1, 361-3 Крымінальнага кодэкса па абвінавачванні ў незаконных дзеяннях у дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім, здрадзе дзяржаве, акце тэрарызму, незаконным перамяшчэнні праз мяжу ўзбраення, удзеле або падрыхтоўцы да ўдзелу грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях без упаўнаважання дзяржавы;
  • Таццяны Русак у закрытым судовым пасяджэнні паводле арт. 356 Крымінальнага кодэкса паводле абвінавачвання ў здрадзе дзяржаве да пазбаўлення волі;
  • Уладзіслава Наважанцава паводле арт. 369, 368, 130 Крымінальнага кодэкса паводле абвінавачвання ў абразе прадстаўніка ўлады і А. Лукашэнкі, распальванні варожасці або варажнечы за выказванні ў сетцы Інтэрнэт да пазбаўлення волі;
  • Дзяніса Сакалова паводле арт. 289 ды іншых артыкулах Крымінальнага кодэкса па абвінавачванні ў акце тэрарызму – датычнасці да атакі на расійскі ваенны самалёт на ваенным аэрадроме Мачулішчы.

Уладамі неабгрунтавана ўжываецца ўтрыманне пад вартай у адсутнасць дастатковых падстаў для ўжывання меры стрымання, якая абмяжоўвае асабістую свабоду: як адзначае Камітэт па правах чалавека ААН, "утрыманне пад вартай у выглядзе меры стрымання павінна быць разумным і неабходным у любых абставінах". "Утрыманне пад вартай асоб, якія чакаюць суда, павінна быць выключэннем, а не правілам... вызваленне ад такога ўтрымання пад вартай можа ставіцца ў залежнасць ад прадстаўлення гарантый яўкі на суд, яўкі на судовае разбіральніцтва ў любой іншай яго стадыі і (у выпадку неабходнасці) яўкі для выканання прысуду. Гэтая прапанова тычыцца асоб, якія чакаюць судовага разбору паводле крымінальнага абвінавачвання, гэта значыць пасля прад'яўлення абвінавачвання, але аналагічнае патрабаванне, якое ахоплівае перыяд да прад'яўлення абвінавачвання, выцякае з забароны адвольнага арышту... Ужыванне дасудовага ўтрымання пад вартай да падазраваных і абвінавачаных не павінна быць агульнай практыкай. Заключэнне пад варту павінна быць заснавана на прынятым у кожным канкрэтным выпадку рашэнні аб тым, што яно абгрунтаванае і неабходнае з улікам усіх абставінаў для такіх мэтаў, як папярэджанне ўцёкаў, умяшанне ў працэс збірання доказаў або рэцыдыву злачынства... Адпаведныя фактары павінны быць прапісаны ў законе і не павінны ўтрымліваць расплывістых і шырокіх стандартаў, такіх як "грамадская небяспека"... дасудовае ўтрыманне пад вартай павінна ўжывацца не на аснове магчымага прысуду, а на аснове вызначэння неабходнасці ў гэтай меры стрымання"

Так, нам вядома пра ўтрыманне пад вартай:

  • Вілена Тургунова паводле арт. 361, 130, 367 Крымінальнага кодэкса па абвінавачванні ў закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, паклёпе на А. Лукашэнку, распальванні варожасці або варажнечы;
  • Дзмітрыя Асіюка, справа якога разглядаецца ў закрытым судовым пасяджэнні ў судзе, паводле арт. 289, 309, 295, 207 Крымінальнага кодэкса па абвінавачванні ў акце тэрарызму, наўмысным прывядзенні ў непрыдатнасць шляхоў зносін, незаконных дзеяннях у дачыненні да боепрыпасаў і выбуховых рэчываў, разбоі;

Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы аб існаванні ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачаных.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яго пераследу мае месца хоць бы адзін з наступных фактараў:

  1. a) пазбаўленне волі было ўжытае ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
  2. d) асоба пазбаўлена волі выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што далейшае пазбаўленне волі Станіслава Шапеля, Дзмітрыя Пазнякова, Антона Шарупы, Віталя Саўко, Барыса Грынкевіча, Андрэя Мірэйчыка, Андрэя Грыгор'ева, Вікторыі Волчак, Ганны Савачкінай, Таццяны Русак, Уладзіслава Наважанцава, Дзяніса Сакалова, Вілена Тургунова, Дзмітрыя Асіюка – з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі – палітычнымі зняволенымі. Мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • перагледзець вынесеныя ў дачыненні да названых палітвязняў прысуды і выбраныя меры стрымання пры захаванні права на справядлівае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на кваліфікацыю дзей, выгляд і памер пакарання;
  • вызваліць названых палітвязняў, ужыўшы іншыя меры для забеспячэння іх яўкі ў суд;
  • неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, перагледзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Прававая ініцыятыва;

Беларуская асацыяцыя журналістаў:

Офіс па правах людзей з інваліднасцю.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства