Заява аб прызнанні 10 чалавек палітычнымі зняволенымі
Сумесная заява прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці
21 жніўня2024 г.
У сувязі з павелічэннем колькасці выпадкаў асуджэння і пазбаўлення волі грамадзянаў краіны па шэрагу дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, а таксама ў сувязі са знявагай дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь ды і іншымі дзеяннямі, накіраванымі на правамерную реалізацыю свабоды выказвання меркаванняў, мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці патрабуем спыніць пераслед правамерных форм выказвання меркаванняў, і ў чарговы раз пацвярджаючы свае неаднаразова выказаныя патрабаванні па дэкрыміналізацыі дыфамацыі і недапушчальнасці пазбаўлення волі грамадзян за абразу службовых асобаў, дзяржавы, дзяржаўных органаў і сімвалаў (супольная заява ад 22 снежня 2020 г.), адзначаем наступнае:
Намі атрыманая інфармацыя пра наступных асобаў, пазбаўленых волі за абразу А.Лукашэнка, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і знявагу дзяржаўных сімвалаў:
- Міхаіл Лазько асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Максім Джуманіязаў асуджаны арт. 368 і 369 КК за абразу Аляксандра Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Дзмітрый Шалак асуджаны па арт. 368 і 369 КК за абразу Аляксандра Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады да трох гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Павел Кучарэнка асуджаны па арт. 203-1 КК за перадачу асабістых дадзеных да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Андрэй Гіль асуджаны па арт. 369 КК за абразу прадстаўніка ўлады да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Ярванд Марцірасян асуджаны па арт. 368 КК за абразу Аляксандра Лукашэнкі да двух гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Сяргей Барзавец асуджаны па арт. 368 КК за абразу Аляксандра Лукашэнкі да пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Яўген Стральчэнь асуджаны па арт. 342 і 367 КК за ўдзел у вулічных пратэстах і паклёп у дачыненні да А. Лукашэнкі.
Таксама ёсць інфармцыя аб замене абмежавання волі пазбаўленнем волі у дачыненні да
9. Сяргея Чарнецкага, які быў асуджаны па арт. 391 КК за абразу суддзі,
10. Станіслава Амельянюка, які быў асуджаны па арт. 370 КК за знявагу дзяржаўных сімвалаў.
У сувязі з гэтым мы лічым пераслед і пазбаўленне волі названых асоб палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”, і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Неадкладна вызваліць палітвязняў Міхаіла Лазько, Максіма Джуманіязава, Дзмітрыя Шалака, Паўла Кучарэнку, Андрэя Гіля, Ярванда Марцірасяна, Сяргея Барзаўца, Яўгена Стральчэня, Сяргея Чарнецкага, Станіслава Амельянюка і спыніць крымінальны пераслед у дачыненні да іх.
- Прыняць захады, скіраваныя на дэкрыміналізацыю дыфамацыйных правапарушэнняў і адмену артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асобаў, а менавіта – арт. 188, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, і спыніць усе раней узбуджаныя па дадзеных артыкулах крымінальныя справы.
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Беларускі ПЭН;
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Lawtrend;
Прававая ініцыятыва;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава.