viasna on patreon

Заява аб прызнанні 12 чалавек палітычнымі зняволенымі

2024 2024-07-30T09:26:01+0300 2024-07-30T09:26:01+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/marsh_minsk_06.08.202013.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі

30 ліпеня 2024 г.

У сувязі з інфармацыяй аб прад'яўленні абвінавачванняў, заключэнні пад варту і пазбаўлення волі ў калоніі па ч. 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса ("Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак") у дачыненні да Дзмітрыя Лабачова, Іллі Талстова, Яўгена Раманава, Вячаслава Калавусава, Мацвея Аверчука, Леаніда Аверчука, Генадзя Клімашэвіча, Алега Літвінчука, Дзмітрыя Лысюка, Валянціны Жукоўскай, па ч. 1 арт. 342 і ч. 3 арт. 361 КК (за заклікі да санкцый) Вадзіма Луцэвіча, па ч. 1 арт. 342 і арт. 367 КК (за паклёп на А. Лукашэнку) Юрыя Маісеенкі адзначаем наступнае:

свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.

Выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.

Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.

Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.

У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.

Далейшыя пратэстныя выступленні мелі мірны характар, сходы і іх удзельнікі павінны былі знаходзіцца пад аховай закона.

Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (некаторые таксама па дыфамацыйных артыкулах), як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.

У гэтай сувязі мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • неадкладна вызваліць Дзмітрыя Лабачова, Іллю Талстова, Яўгена Раманава, Вячаслава Калавусава, Мацвея Аверчука, Леаніда Аверчука, Генадзя Клімашэвіча, Алега Літвінчука, Дзмітрыя Лысюка, Валянціну Жукоўскую, Вадзіма Луцэвіча, Юрыя Маісеенку і спыніць іх крымінальны пераслед.
  • неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Human Constanta;

Прававая ініцыятыва;

Беларускі Хельсінкскі камітэт; 

Беларускі ПЭН;

Офіс па правах людзей з інваліднасцю;

Lawtrend.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства