Заява праваабаронцаў аб прызнанні 17 чалавек палітычнымі зняволенымі
Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі
20 чэрвеня 2024 г.
У сувязі з інфармацыяй аб прад'яўленні абвінавачванняў, заключэнні пад варту і пазбаўлення волі ў калоніі па ч. 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса ("Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак") у дачыненні да Мікалая Распапова, Віктара Чайкі, Арцёма Дзёгцева, Дзмітрыя Міхальцэвіча, Віталя Наўгародскага, Івана Лапкоўскага, Алега Саргавіцкага, Аляксандра Новіка, Валянціна Суцягіна, Максіма Хмяльніцкага, Максіма Панова, Лізаветы Шульскай, Паўла Красуцкага, Андрэя Цімоніна; па ч. 1 арт 342 і ч. 3 арт. 361 КК (Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) у дачыненні да Яўгена Германовіча, накіраванні па ч. 1 арт. 342 КК на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне ў стацыянары Фёдара Сарокіна, накіраванні па ч. 1 арт. 342 у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу Дзяніса Гузава, адзначаем наступнае:
Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Дадзеная свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых асоб.
Выступы грамадзянаў насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя.
Сходы грамадзянаў насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта, дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізычнай сілы, спецсродкаў і зброі.
Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумавыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат.
У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Рэспублікі Беларусь.
Далейшыя пратэстныя выступленні мелі мірны характар, сходы і іх удзельнікі павінны былі знаходзіцца пад аховай закона.
Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і прызнаем іх палітычнымі зняволенымі.
У гэтай сувязі мы патрабуем ад уладаў Беларусі:
- Неадкладна вызваліць Мікалая Распапова, Віктара Чайку, Арцёма Дзёгцева, Дзмітрыя Міхальцэвіча, Віталя Наўгародскага, Івана Лапкоўскага, Алега Саргавіцкага, Аляксандра Новіка, Валянціна Суцягіна, Максіма Хмяльніцкага, Максіма Панова, Лізавету Шульскую, Паўла Красуцкага, Яўгена Германовіча, Фёдара Сарокіна, Дзяніса Гузава, Андрэя Цімоніна і спыніць іх крымінальны пераслед.
- Неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Прававая ініцыятыва;
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Lawtrend.