viasna on patreon

"Засуньце свае правы сабе ў дупу", — былы палітвязень пра ціск на "хатняй хіміі"

2024 2024-06-13T11:35:00+0300 2024-06-13T12:23:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sviridenko01.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

23-гадовага Аляксандра Свірыдзенку затрымлівалі тройчы з 2021 года, апошні раз — у межах крымінальнай справы па "народным" артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса, за ўдзел у акцыях пратэсту ў Мінску ў 2020 годзе. Яго асудзілі да двух з паловай гадоў "хатняй хіміі" і выпусцілі пасля суда з СІЗА, дзе ён правёў тры месяцы. Пакуль хлопец быў пад вартай, яго адлічылі з трэцяга курса гістарычнага факультэта БДУ. У пачатку 2024 года хлопец быў вымушаны пакінуць Беларусь праз рызыку паўторнага пераследу. Аляксандр распавёў "Вясне" пра няякасную медычную дапамогу ў зняволенні, абмежаванні на "хатняй хіміі", арышт за "парушэнне рэжыму" ды пра ўмовы ўтрымання ў ІЧУ на Акрэсціна.

Александра Свириденко
Аляксандр Свірыдзенка

"Я два гады быў у якасці падазраванага"

7 красавіка 2023 года Аляксандра выклікалі ў Следчы камітэт для ўдакладнення дэталяў па крымінальнай справе, якую супраць яго распачалі яшчэ вясной 2021 года. Тады яго выпусцілі на волю ў якасці падазраванага паводле арт. 293 (масавыя беспарадкі) за каментары і арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак). У выніку пакінулі толькі "народны" артыкул 342 КК.

"Гэта смешна, я сам прыйшоў у Следчы камітэт, як добрапрыстойны грамадзянін, які спадзяецца на лепшае. Я проста два гады (з 2021 года) знаходзіўся ў якасці падазраванага. Было псіхалагічна цяжка хадзіць пад падазрэннем два гады".

Увечары таго ж дня яму патэлефанавалі ды сказалі прыйсці 10 Красавіка для "азнаямлення з працэсуальным рашэннем". Хлопец адразу зразумеў, што яго возьмуць пад варту. У той жа дзень знайшоў адваката. У выніку Аляксандра прама са Следчага камітэта супрацоўнікі ГУБАЗіКа адвезлі ў СІЗА на Валадарскага.

У следчым ізалятары ён знаходзіўся роўна тры месяцы. 11 ліпеня суддзя Максім Трусевіч прызнаў хлопца вінаватым ва ўдзеле ў мірных акцыях пратэсту ў 2020 годзе і прысудзіў яму два з паловай гады "хатняй хіміі". Увесь гэты час былы палітвязень знаходзіўся на "Валадарцы" ў камеры № 14. Многія сукамернікі Аляксандра праходзілі па палітычных справах, сярод іх палітвязень Віктар Жаваранак, музыка і фатограф Глеб Гладкоўскі, Яўген Тоўсцік, Антон Беліч, Арцём Сасноўскі, Дзяніс Пішчала, а таксама Аляксандр Іода, асуджаны за данат і ўдзел у пратэстах.

У камеры былы палітвязень займаўся спортам разам з Аляксандрам Іодам, у якога былі хранічныя праблемы са здароўем. Але, дзякуючы спорту ў зняволенні, яму ўдавалася скінуць вагу і нівеляваць гэтыя праблемы.

Музыка Глеб Гладкоўскі любіў у камеры глядзець па тэлевізары музычныя праграмы, праводзіў урокі англійскай для сукамернікаў і перакладаў некаторыя вядомыя песні з англійскай на рускую мову.

Па словах хлопца, у палітвязня Дзяніса Пішчалы былі сур'ёзныя праблемы са спінай. У СІЗА некаторы час ён нават не мог перасоўвацца, таму даводзілася проста ляжаць у камеры. У калоніі, паводле інфармацыі ад сукамернікаў, яму таксама не аказвалі медычную дапамогу.

"Нічога не можа быць горш, чым захварэць у СІЗА"

Былы палітвязень адзначае, што ў зняволенні цяжка атрымаць якасную псіхалагічную дапамогу.

"Былі яшчэ некалькі чалавек, якія заехалі не па палітыцы. І тут такая рэч: мы, палітычныя, можам выйсці і расказаць пра гэта, а колькі людзей "непалітычных", з якімі абыходзіліся жорстка, але яны не распавядаюць — такіх шмат.

У СІЗА я пазнаёміўся з мужчынам, якога пасадзілі за аліменты. Падчас размовы з ім я даведаўся, што ў яго ёсць язва дванаццаціперснай кішкі. Я прапанаваў яму падаць заяву на дыету. Але яму адмовілі.

Быў яшчэ іншы зняволены Аляксандр, які быў ВІЧ-інфікаваным. Выглядаў ён на гадоў 70-80, а па факце было толькі 50-55. У яго былі пастаянныя праблемы са здароўем, з ціскам. Бывала, сядзіць і пачынае трэсціся, яму робіцца дрэнна, моцна чырванее. Яму часта балела галава, былі праблемы з мачавыпусканнем і было складана дамагчыся дапамогі для яго, хоць яна патрабавалася. Але на яго проста забівалі. І мы, калі шчыра, думалі, што ён не дацягне да свайго вызвалення. Нічога не можа быць горш, чым захварэць у СІЗА. Гэта жудасна".

З лекамі ў СІЗА таксама былі праблемы — лекар можа прапанаваць толькі амбраксол, хлоргексідзін, ларатадзін ды парацэтамол. Таму ратавала толькі агульная аптэчка ў камеры, якую зняволеныя збіралі самі.

"Прыйшоў на наступны дзень, а мне сказалі: "Ну ўсё, зноў 15 сутак"

На "хатняй хіміі" Аляксандр знаходзіўся са жніўня 2023 года і да пачатку 2024 года. Хлопцу давялося з'ехаць з Беларусі праз чарговыя "парушэнні рэжыму адбыцця пакарання". Гэта пагражала яму ўзмацненнем пакарання і пераводам у калонію.

"Адна з нагодаў, з якой я з'ехаў з краіны: ёсць такая практыка, што паўторна судзяць пасля "хіміі" і нават на "хіміі", здараецца, знаходзяць новыя эпізоды. Акрамя гэтага, мне збіраліся выпісаць яшчэ два парушэнні.

Першае парушэнне адбылося такім чынам, што я затрымаўся: мусіў быць дома а 19:00, а прыехаў а 19:20. Яны прыйшлі правяраць, убачылі, што мяне няма, і сышлі. Інспектарка выставіла мне па максімуму парушэнне. Не хацела ніякія адгаворкі слухаць, проста — 15 сутак.

Другое парушэнне было за тое, што я прапусціў лекцыю. Яны ладзіліся па чацвяргах. Я зусім забыўся пра гэта, таму што быў цяжкі працоўны дзень, перад гэтым я не выспаўся, ды прыгадаў пра лекцыю толькі а 18:00 у чацвер. Я адразу патэлефанаваў інспектарам тым, якія мяне правяралі звычайна. Адзін параіў прыйсці на наступны дзень, другі — праз тыдзень. Я прыйшоў на наступны дзень, а мне сказалі: "Ну ўсё, зноў 15 сутак". Я сказаў, што проста праспаў і спрабаваў прыйсці ў той жа дзень. Але яна сказала, што ніякіх патуранняў і гэта мая праблема. Пры гэтым 15 сутак — гэта максімальнае пакаранне.

Я вырашыў падысці да начальніка інспекцыі, каб паспрабаваць дамовіцца. Таму што 15 сутак — гэта шмат за тое, што я проста прапусціў лекцыю. Ён сказаў, што я ж сам разумею, да якой катэгорыі грамадзян адношуся, таму "мацуйцеся" і мужна пераадольвайце гэтае выпрабаванне.

Наогул, у месяц было дзве лекцыі, калі прыходзяць наогул усе "хатнія хімікі", экстрэмісты. Усе яны ў калідоры таўкуцца, чалавек пад 70. Прыходзіш на лекцыю а 10-й, і адразу відаць "злачынцаў", гэтую "асаблівую катэгорыю грамадзян": усе культурныя, твары светлыя, чутная беларуская мова."

У вольны час "хатнім хімікам" забаронена наведваць культурна-масавыя мерапрыемствы, спартзалу, гандлёвыя цэнтры ды месцы, дзе распіваюць спіртныя напоі. Акрамя гэтага, нельга выязджаць за межы горада.

"Да мяне неяк прыязджалі з праверкай і давялося выйсці "на пад'езд", каб мяне праверылі. На капоце "бобіка" мой інспектар паклаў спіс. Я падыходжу, гляджу, а там у адным слупку — прозвішча, імя ды імя па бацьку, у другім — дата нараджэння, а ў трэцім — артыкул і БЧБ буйнымі літарамі".

"Засуньце свае правы сабе ў дупу"

sviridenko02.png

Асуджаным на "хатнюю хімію", асабліва па палітычным артыкуле, цяжка знайсці працу. Пасля пастаноўкі на ўлік у чалавека ёсць некалькі тыдняў, каб знайсці працу, пры гэтым працадаўцы, як толькі даведаюцца пра судзімасць і абмежаванні, часта або адмаўляюць адразу, ці проста не ператэлефаноўваюць.

"Мая інспектарка — маёрка міліцыі Таццяна Парфіяновіч. Яна мне ўвесь час устаўляла палкі ў колы. Я змяніў працу і яе не задавальняла "дамова падраду". Хоць я прыходзіў да яе ў іншыя дні і бачыў, што іншым асуджаным не па "палітыцы" яна задавальняла іх просьбы з дамовамі падраду".

Аляксандр пасля вызвалення пачаў працаваць у кавярні. Па словах хлопца, праз прадузятае стаўленне Парфіяновіч, у яго былі праблемы з графікам працы. Спачатку яе не задавальнялі працяглыя змены, а пазней і змены ў гадзінах працы. Даходзіла да таго, што ў хлопца ўзнікалі праблемы, калі вызваляўся раней з працы ці наадварот затрымліваўся, па незалежных ад яго абставінах: калі кавярня зачыняецца раней, ці, напрыклад, быў санітарны дзень.

"Я неяк да яе прыйшоў, спрабаваў паразумецца. Яна вельмі агрэсавала, сказала, што мы ёй надакучылі з дырэктарам і яна адправіць працаваць мяне ў "Зелянбуд". Я ёй сказаў, што маю права працаваць там, дзе хачу. На што яна адказала: "Засуньце свае правы сабе ў дупу". Прама так і сказала. Пасля гэтага я ўпершыню пайшоў да начальніка, таму што яна дадала, што магу скардзіцца, каму хачу, ёй на гэта было ўсё адно.

Ён тады паглыбіўся ў маё пытанне і потым нібыта пагаварыў з той інспектаркай. Мяне нават радзей пачалі правяраць. Але такі стыль зносін быў заўсёды: грэблівы, з насмешкай".

Аляксандра правяралі раз на тыдзень. Звычайна, паводле яго слоў, да "хімікаў" прыходзяць часцей, але праз нязручнае размяшчэння кватэры і мер бяспекі ў пад'ездзе, да яго прыходзілі радзей. Часам з праверкай прыходзілі ноччу. У такім выпадку часта "правяралі" супрацоўнікі АМАПу, хоць рабіць гэта могуць супрацоўнікі любых ведамстваў.

"Вядуць ластаўкай ні ў чым невінаватых людзей і саджаюць у карцары"

У снежні 2023 года хлопцу прызначылі 15 дзён арышту за "парушэнне рэжыму адбыцця пакарання". Такую пастанову вынесла інспектарка Таццяна Парфіяновіч проста ў РУУС.

За тыдзень да фактычнага арышту Аляксандру паведамілі дзень, калі яму неабходна прыехаць у РУУС з рэчамі, неабходнымі на Акрэсціна.

"Само парушэнне адбылося ў лістападзе, але мяне адправілі на Акрэсціна толькі 14 снежня. Мяне папярэдзілі па факце, што пэўнага чысла мне трэба з'явіцца на "суткі" да 8 раніцы ў РУУС. Можаце ўзяць з сабой вопратку, шлапакі, зубную шчотку... Такое трызненне, бо потым гэта ўсё адабралі".

На Акрэсціна хлопца везлі разам з затрыманымі за "распіванне алкагольных напояў", а таксама з яшчэ адным асуджаным на "хатнюю хімію", што парушыў "рэжым адбыцця пакарання". Спачатку ўсіх прывезлі ў суд, дзе частку затрыманых мусілі асудзіць па адміністрацыйных справах. У выніку, на Акрэсціна затрыманых прывезлі толькі ўвечары, пры гэтым, увесь гэты час іх не кармілі.

Аляксандра ўтрымлівалі ў ІЧУ ў спецыяльнай камеры для "хімікаў". Такіх, па назіранні арыштантаў, на Акрэсціна дзве. У іх, у асноўным, утрымліваюць асуджаных на абмежаванне волі з накіраваннем у ПУАТ.

"Блашчыцы ёсць ва ўсіх камерах, больш за ўсё іх было на першым паверсе. Матрацы былі толькі ў адной камеры, але таму, што там быў чалавек з інваліднасцю. Мы прыйшлі, там ужо было чалавек пяць, і нас яшчэ восем. І атрымліваецца, што на пяць месцаў нас было 13 чалавек. І там ужо былі матрацы. Адзін раз на даглядзе гэты чалавек вырашыў звярнуцца з просьбай папаліць, бо не давалі. На пытанне начальніка мужчына адказаў, што ў камеры няма "палітычных", таму яму дазволілі. У душ, вядома, нас не выводзілі, а сродкі асабістай гігіены ўсе забралі".

Калі я знаходзіўся ў камеры насупраць карцараў, то гэта быў жах. У мяне так сэрца сціскалася ад таго, што мог бачыць, як вядуць ластаўкай невінаватых людзей і саджаюць у карцары, як у нейкай "крытай" турме. Там яны знаходзіліся па сем-восем чалавек у аднамесным карцэры. Іх будзілі а 2:00 і 4:00. Калі не спіш, то можна было пачуць, як ціхенька правяраюць па спісах: заклікаюць да кармушкі і просяць прадставіцца".

"Нерваваўся праз тое, што тут ёсць блашчыцы і людзі з ВІЧ-інфекцыяй"

У камеры ІЧУ на Акрэсціна, па словах былога палітвязня, знаходзілася прыкладна на шэсць спальных месцаў ад 18 да 24 чалавек, з якіх толькі частка — "палітычных".

"У камеры былі блашчыцы, да гэтага я з імі не сустракаўся. Аднаго мужчыну ўкусіла блашчыца, а ў яго пачалася алергія. Ён звярнуўся да лекара, паказаў месца ўкусу. Лекарка — жанчына гадоў 60, вельмі бурклівая. Яна паглядзела паўсекунды на ўкус, паплявала туды (цьфу-цьфу-цьфу) і сказала, што няма ў яго там нічога. І ў той жа момант зачыніла кармушку. З ёй было яшчэ некалькі сітуацый, калі яна адмовілася дапамагаць. Банальна выдаць нейкія сродкі, пагаварыць з чалавекам, якому блага.

У першы ж дзень у аднаго чалавека падняўся ціск, яго калаціла. Гэта было страшна: ён сядзіць, а ў яго ногі хадуном ходзяць, быццам ён бубнач. Ён збялеў, сінякі выступілі пад вачыма, гатовы быў губляць прытомнасць. Таму мы выклікалі лекарку. Калі лекарка паклікала да сябе, чалавек мусіў стаяць, скурчыцца над кармушкай літарай "Г", паклаўшы ў "кармушку" руку. Пры тым, што ў яго ціск... Мы ў камеры ўжо не тое, што на кіпішы, а на такім хваляванні, што чалавек можа цяпер адкінуцца, а тут яшчэ і лекарка дзівачыць... Па выніку яна кажа, што ціску няма. Але частка непалітычных зняволеных захацелі гэта вырашыць, звярнуліся да прадольнага, доўга лаяліся з лекаркай. У выніку яму далі таблетку. Не ведаю дакладна, што з ім, таму што нас тады як раз перавялі, але бачыў яго потым і яму было лепш.

А ў адной з камер на першым паверсе быў ціхі жах: на сценах, на столі былі плямы крыві – сляды ад забітых блашчыц. Там было цьмянае асвятленне, а замест змяшальніка была бутэлька, прывязаная нават не скотчам, а пакетам. Але сярод нас былі двое людзей з ВІЧ. І я крыху нерваваўся наконт таго, што тут ёсць блашчыцы і людзі з ВІЧ-інфекцыяй. Ім спраўна выдавалі лекі па просьбе. Толькі аднойчы ўпарцілася гэтая "недалекарка".

"Побач на стол паклалі маленечкі мікрафон для запісу"

Пакуль Аляксандр быў у СІЗА, яго і яшчэ двух затрыманых па палітычных матывах студэнтаў адлічылі з трэцяга курса гістарычнага факультэта БДУ. Адлічэнне адбылося паводле рашэння намесніцы дэкана Аліны Верамейчык і дэкана Аляксандра Каханоўскага.

Былы палітвязень спрабаваў аднавіцца пасля вызвалення з СІЗА, але яго так і не прынялі назад.

"Пасля свайго прысуду, у канцы ліпеня, я дамовіўся прыйсці на прыём да Андрэя Караля (рэктар БДУ). Сяджу, чакаю і бачу, як мой дэкан Аляксандр Каханоўскі ідзе. Увогуле, заходжу ў гэтыя палацы, а там сядзіць Кароль у цэнтры, а па левую руку ад яго за асобным столікам дэкан і яшчэ тры супрацоўнікі дэканата, або рэктарата. Я сеў, побач на стол паклалі маленечкі мікрафон для запісу, які кладуць журналісты. Кароль спытаў, якая мэта майго візіту, я сказаў: "Аднаўленне на вучобу".

Ён спытаў, ці не маю я прэтэнзіяў да ўказу аб адлічэнні. Я сказаў, што прыйшоў не высвятляць правамернасць майго адлічэння, а гутарыць аб магчымасцях аднаўлення. Ён запрасіў дэкана, і той, як па ўказцы настаўніцы ў школе, узняўся з месца ды пачаў расказваць пра ўмовы. Пасля гэтага афіцыёзу Кароль, верагодна, вырашыў, што я нейкі лох, і пачаў распытваць: па якім артыкуле мяне асудзілі, а як суд скончыўся, а за што судзілі, а чаму выходзіў на незаконныя мітынгі. Потым я спытаў, ці не будзе нейкай прадузятасці да мяне, як да часткі катэгорыі людзей, якія маюць крыміналку. Бо закон не забараняе тым, хто на хатняй хіміі, атрымліваць вышэйшую адукацыю. І нават тым, хто знаходзіцца ў калоніях не забаронена, гэта ж вядома. Ён адказаў, што, вядома, не, маўляў, "Вы што, вядома, Аляксандр, давайце рабіць усё паступова і крок па кроку, прыходзьце восенню і аднаўляйцеся".

Прыходжу восенню, а мне адмаўляюць, спасылаючыся, што мяне адлічылі на другім семестры, значыць і аднаўляць трэба на гэты самы, гэта значыць прыходзьце пасля зімовай сесіі. Прыйшоў пасля зімовай сесіі, мне зноў адмовілі, таму што, нібыта, праграма змянілася — вялікая акадэмічная розніца. Падлічылі, больш за 20 запазычанасцяў па розных прадметах. Спачатку пагадзіўся. Потым другі раз прыйшоў, мне патлумачылі, накінулі локшыны на вушы, я сказаў, што гатовы іх закрыць, але мне адмовілі проста без нагоды. Сказалі: "Больш за 10 немагчыма закрыць, таму, да пабачэння, можаце паспрабаваць у БДПУ".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства