viasna on patreon

Мінімум 5 133 асуджаных па крымінальных справах: чатыры гады рэпрэсій у лічбах (інфаграфіка)

2024 2024-05-29T15:41:13+0300 2024-06-26T19:19:03+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/infagrafika2024_8.png Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Затрыманне блогера папулярнага YouTube-канала "Страна для жизни" Сяргея Ціханоўскага і іншых удзельнікаў выбарчага пікета ў Гродне 29 траўня 2020 года распачало хвалю масавых рэпрэсій у Беларусі, якая трывае да гэтага часу. Чатыры гады таму, 1 чэрвеня 2020 года, Ціханоўскага прызналі палітвязнем — першым за падзеі 2020 года. З таго часу тысячы людзей прайшлі праз затрыманні, збіванні і катаванні, "суткі" і зняволенне па палітычных матывах. Па стане на 29 траўня 2024 года ў спісе палітычных зняволеных налічваецца 1 410 чалавек, 173 з якіх — жанчыны.

Чатыры гады рэпрэсій — гэта 1 461 дзень бесперапыннага пераследу грамадзянскай супольнасці за нязгоду з дзеяннямі ўладаў; гэта штодзённыя затрыманні людзей, якія чытаюць навіны ў незалежных СМІ, выказваюць салідарнасць з палітзняволенымі, падтрымліваюць Украіну ў вайне супраць Расіі; гэта тысячы беларусаў, якія вымушаны былі пакінуць свой дом праз пагрозу палітычнага пераследу; гэта шэсць памерлых у зняволенні беларусаў, якім не змаглі своечасова аказаць якасную медыцынскую дапамогу. Сёння "Вясна" распавядае ў лічбах пра чатыры гады беспрэцэдэнтных жорсткіх масавых рэпрэсій у краіне. 

Сяргей Ціханоўскі — першы палітвязень Беларусі за падзеі 2020 года. Роўна чатыры гады таму, 29 траўня 2020 года, падчас правядзення пікету па зборы подпісаў грамадзян у падтрымку вылучэння ў якасці кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай у Гродне затрымалі кіраўніка ініцыятыўнай групы, блогера папулярнага YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргея Ціханоўскага і яшчэ прынамсі 15 грамадзян, якія бралі ўдзел у тым пікеце. Усё адбывалася ў жывым эфіры — сведкамі правакацыі і затрыманняў сталі тысячы гледачоў стрымаў і дзясяткі ўдзельнікаў выбарчага пікету. Праз дзень праваабаронцы прызналі блогера палітычным зняволеным.

Чатыры гады са дня масавых затрыманняў на пікеце ў Гродне: распавядаем пра лёс фігурантаў "справы Ціханоўскага"

Распавядаем, што цяпер з затрыманымі ў Гродне фігурантамі "справы Ціханоўскага".

На 29 траўня 2024 года ў Беларусі налічваецца 1 410 палітвязняў. Большасць палітзняволеных складаюць мужчыны — 1 237 чалавек. Таксама ў зняволенні ўтрымліваюцца 173 жанчыны.  

З 2020 года за барацьбу за грамадска-палітычныя правы і выказванне свайго меркавання ў Беларусі пераслед зазналі больш за 8000 жанчын, з якіх 1 154 былі асуджаныя па крымінальных справах. На сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 173 палітзняволеных жанчын, 123 з іх на дадзены момант утрымліваюцца ў калоніях.

Праваабаронцам вядома не менш чым пра 254 палітвязня, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы. Сярод іх — 16 чалавек з інваліднасцю, 91 чалавек у цяжкім стане здароўя, 65 сталых людзей, чый узрост перавышае 60 гадоў (шмат хто з іх мае вялікія праблемы са здароўем), а таксама дзесяць чалавек з ментальнымі разладамі

"Я, напэўна, проста памру тут": хто з палітвязняў знаходзіцца ў асаблівай рызыцы за кратамі

Па стане на 27 траўня 2024 году праваабаронцам вядома не менш чым пра 254 палітвязня, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы.

Самай старэйшай палітзняволенай беларускай застаецца 74-гадовая Наталля Таран, асуджаная да трох з паловай гадоў калоніі па дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэкса. 

А самая маладая палітзняволеная — 16-гадовая грамадзянка Украіны Марыя Місюк, якая паводле прапагандыстаў нібыта "стварыла анархісцкую ячэйку "Чорныя салаўі" пад кіраўніцтвам Нацыянальнай вызваленчай арміі Украіны".  

Агулам за чатыры гады ў Беларусі было вынесена не менш за 5 133 палітычныя прысуды па крымінальных справах, з якіх 40 — "завочна" ў межах спецыяльнай вытворчасці. Мінімум 2 466 чалавек былі асуджаныя за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту ў 2020 годзе паводле арт. 342 і 293 Крымінальнага кодэкса.

Акрамя гэтага, улады пачалі актыўна судзіць беларусаў за "данаты" ў шматлікія фонды і ініцыятывы для дапамогі пацярпелым ад рэпрэсій. Частку людзей выклікаюць у КДБ і просяць не ў працэсуальным парадку ахвяраваць сумы ў шмат разоў большыя за данаты, пагражаючы крымінальнай справай. Але некаторых данаціўшых адразу затрымліваюць у межах крымінальнай справы. Так, агулам ужо былі асуджаныя 90 чалавек паводле арт. 361-2, 290-1 і 361-3 Крымінальнага кодэкса.

За "здраду дзяржаве" паводле арт. 356 Крымінальнага кодэкса быў асуджаны мінімум 51 чалавек. Абсалютная большасць з іх — да пазбаўлення волі.

Не менш за 36 418 чалавек зазналі адміністрацыйны пераслед з 29 траўня 2020 года. Тысячы людзей прайшлі праз "суткі" ў жудасных умовах утрымання ў беларускіх ІЧУ. Агулам з траўня 2020-га году па красавік 2024 году — як мінімум 50 911 чалавек было затрымана.

Сілавікі ладзяць рэпрэсіі па ўсёй Беларусі і нават у маленькіх мястэчках. 

Мінімум 5 300 чалавек былі асуджаныя за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" паводле арт. 19.11 КаАП. Падставай для пераследу звычайна становяцца падпіскі на "экстрэмісцкія" каналы ці перасланыя прыватныя паведамленні з навінамі ад незалежных СМІ.

З 2020 года ў "спіс экстрэмістаў" трапілі ажно 4 100 чалавек. А ў "спіс тэрарыстаў" КДБ унёс больш за 400 беларусаў.

Па даных "Вясны", мінімум 114 палітвязням узмацнілі пакаранне за "парушэнне ўнутранага парадку папраўчай установы". Як мінімум 76 палітзняволеных перавялі на турэмны рэжым і супраць яшчэ 38 распачалі новыя крымінальныя справы. 

Беларусы на "крытай": як палітвязняў працягваюць пераследаваць у калоніях

«Вясна» распавядае, якія метады пакарання выкарыстоўвае адміністрацыя калоній супраць палітвязняў і хто з палітычных вязняў прызнаны «злоснымі парушальнікамі рэжыму». 

З моманту першых прысудаў па палітычна матываваных крымінальных справах цалкам адбылі тэрміны і выйшлі на волю з месцаў пазбаўлення волі не менш за 1 012 палітзняволеных. 

Сёлета была ўжо трэцяя гадавіна са дня смерці ў шклоўскай калоніі № 17 палітзняволенага актывістаВітольда Ашурка. З таго часу ў месцах няволі памерлі яшчэ пяць палітвязняў:Мікалай КлімовічАлесь ПушкінВадзім ХраськоІгар Леднік і Аляксандр Кулініч.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства