viasna on patreon

"Вяртайце сябе ў "тут і цяпер": як пацярпелыя ад рэпрэсій беларусы спраўляюцца з псіхічнымі праблемамі

2024 2024-05-23T12:28:00+0300 2024-05-27T13:38:14+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/depresia-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

"Вясна" працягвае публікаваць гісторыі, у якіх ахвяры палітычных рэпрэсій распавядаюць, што ім самім дапамагло справіцца з рознымі псіхічнымі засмучэннямі, каб хутчэй вярнуцца да звычайнага жыцця. Карыснымі парадамі на тэму, што можа зрабіць чалавек сам, які перажыў моцныя стрэсы дзеліцца псіхіятр Сяргей Пятроў.

"Ратавалі толькі малітва Богу, чытанне Евангелля і Псалтыра"

Уладзімір два гады правёў у беларускіх турмах і напісаў пяць кніг. Усяго ў зняволенні прабыў два гады на строгім рэжыме. На Акрэсціна сядзеў у “хаце" насупраць камеры, у якой знаходзілася Марыя Калеснікава. У СІЗА на Валадарскага чакаў суда разам са Сцяпанам Латыпавым і Уладзімірам Цыгановічам. У калоніі Віцьба-3 стрыг Максіма Знака і гуляў у шахматы з Сяргеем Пятрухіным. Цяпер Уладзімір – у бяспецы.

Ён распавядае аб тым, што яму дапамагала спраўляцца з псіхічным напружваннем падчас зняволення і пра тое, як пачувае сябе зараз.

“Падчас майго “палону” ратавалі толькі малітва Богу, чытанне Евангелля і Псалтыра. Таксама я ўвесь час практыкаваў свой розум напісаннем кніг. Аднак з часам, па меры таго, як чалавек жыве ў бетоннай яме, без дзённага асвятлення, свядомасць быццам бы затуманьваецца, і разумныя думкі з цяжкасцю прабіраюцца ў галаву. Застаецца толькі малітва. А галоўная праблема цяпер – гэта лютасць. Лютасць у адносінах да рэжыму і тых людзей, якія яго абслугоўваюць і з якога яны кормяцца. Сапраўдная спакуса.

Як казаў адзін мой сябар: “Няправедны суддзя толькі паднёс кнот з агнём да вогнішча палітычнай інквізіцыі, а вось хварасцінкі па адной штучцы падносілі ўсе астатнія малазначныя прыхільнікі тыраніі".

“У бяспецы зразумеў, што мяне дагэтуль не адпусціла”

Былы палітвязень Канстанцін Карней распавядае пра тое, што нават пасля вызваленне псіхічны стан у норму не прыходзіць, патрэбна псіхалагічная дапамога і тэрапія.

“Падчас жорсткага затрымання ў лістападзе 2021 года мне было 19 гадоў. Першыя тры дні на Акрэсціна трымаўся на адрэналіне. Затым 11 сутак арышту, сем дзён карцара, тры месяцы Валадаркі.

“Ужо пасля вызвалення месяцы два я жыў у чаканні нечага непапраўнага і страшнага. З’ехаў было ў вёску, і там, на ўскрайку, кожны раз калі бачыў, як у бок вёскі едзе аўтамабіль, у мяне з’яўляўся стан ступару:  “Напэўна, гэта па мяне”.  Нават разважаў пры гэтым, як і кудою я буду зараз уцякаць.

Ужо год як як я з’ехаў з Беларусі. Толькі на гадавіну свайго затрымання, у бяспецы, зразумеў, што мяне дагэтуль не адпусціла. Стаў часта адчуваць стан дэжавю, нават па некалькі разоў за дзень.

Мая калега Даша Чульцова шмат дапамагла разабрацца з гэтым станам. Але самае цяжкае было –  начныя кашмары. Сніцца, што я зноў у Беларусі, што мне трэба ўцякаць адтуль.

Напачатку свайго ад’езду працаваў з псіхолагам. Але гэтага было мала. Зараз думаю вярнуцца ў тэрапію, бо аднаму не справіцца. Такія вось флэшбэкі: У камеры губазікаўцы, перад тым як мяне біць, размаўляюць, якую кнігу падстаўляць пад удары па целе. Каб не заставалася гематомаў. Адзін з іх кажа: “Вазьмі вось “Дэкларацыю правоў чалавека” і малаці яго праз кнігу”.

"У мяне ў назе знаходзілася страйкбольная куля". Канстанцін Карней пра медычную дапамогу на Акрэсціна

Журналіст "Вот Так" і былы палітвязень Канстанцін Карней распавёў пра медыцыну ў ІЧУ на Акрэсціна.

“Калі ў камеры заставалася адна, думала што паедзе дах

Вольга – з Наваполацку. Пасля затрымання і адбыцця 15-суткавага арышту псіхолаг паставіла ёй дыягназ ПТСР, накладзены на хранічную дэпрэсію. З’ехала з краіны 30 снежня 2023 года.

“Па сваёй натуры я свабодалюбівая і незалежная, з абвостраным пачуццем справядлівасці. І калі мяне арыштавалі на 15 сутак за падпіскі на тэлеграм-каналы, то з маральным напружваннем напачатку дапамагалі спраўляцца ў камеры размовы з аднадумцамі. Потым, калі ў камеры заставаліся звычайныя арыштанткі спрабавала займацца фітнесам, дапамагала іншым, так бы мовіць, падымала баявы дух. І гэтым дапамагала і сабе, пераключаючы ўвагу з сябе на іншых. Не ведаю, як бы я высядзела ў адной камеры. Думаю, гэта страшнае пакаранне. Калі ў камеры заставалася адна, думала што “паедзе дах”.

Я наогул не ўяўляю, як сядзяць людзі ў адзіночных камерах. Вось потым, калі я ўжо выйшла, ну першыя два тыдні, у прынцыпе я практычна адразу выйшла на працу, і спрабавала адцягнуцца. Гэта не зусім дапамагло, а калі я ўжо выехала, то было вельмі складана. Па-першае, я пакінула бацькоў, гэта было спантаннае рашэнне, я адчувала ўсё роўна, што мяне не пакінуць у спакоі і мне прыйшлося з'ехаць. Гэта значыць была вымушаная эміграцыя.

Мне давялося пакінуць таксама сабаку, яна ўжо такая ў сталым узросце, магла не вытрымаць пераезду. Вось дагэтуль сумую. Вось гэтае ўсё разам наклалася і склалася ў адну карціну – я  ПТСР-ка (посттраўматычнае стрэсавае засмучэнне). Я звярталася па дапамогу да псіхолагаў, са мной працавалі нават два псіхолагі. Адзін быў з цэнтра псіхалагічнай дапамогі. І другая псіхалагіня вочна займаецца са мной.

Калі ў нас было ў Вільні свята, я першы раз выйшла на вялікую такую навалу народа і калі я пачала падыходзіць да плошчы і ўбачыла людзей у форме, то на мяне зноў накаціла панічная атака. Я яе перачакала, то бок вырашыла, што ўсё пройдзе, пайшла на плошчу. Але потым праляцеў верталёт і пачалі там страляць там з гэтых з аўтаматаў і мяне накрыла панічная атака.

Хоць раней такога асабліва не было, але людзі ў форме спрацавалі трыгерам. Потым я пачала паступова загружаць сябе вучобай – пайшла на анлайн-курсы, у першую чаргу, курсы па псіхалагічным выгаранню, стрэсу, там быў такі зборны курс, я яго скончыла. Запісалася на курсы англійскай і літоўскай мовы, пачала праходзіць анлайн-курсы па правах чалавека, Потым пачала яшчэ валанцёрыць, я дапамагала палітвязням, якія пераехалі сюды.

"ПТСР – гэта сур’ёзна и надоўга": як пацярпелыя ад рэпрэсій беларусы спраўляюцца з псіхічнымі траўмамі

Тэма ментальнага здароўя беларусаў і беларусак, якія прайшлі праз СІЗА, турмы і вымушаную міграцыю, у апошнія гады ўсё часцей уздымаецца спецыялістамі і асвятляецца ў СМІ.

Потым Вольга правяла першы майстар-клас. А яшчэ запісалася на арганізацыю выстаў, у праект па відэароліках, і цяпер таксама займаецца актыўным жыццём.

"Але асноўным паваротным пунктам, выцягваннем сябе з ямы, з'явілася тое, што калі мне патэлефанавала знаёмая дзяўчына і сказала, што яе ўзялі на маё месца на ранейшай працы. Я памятаю, што ў мяне ў той дзень быў шок, гэта такое маральнае падзенне да дна – канчаткова разумела, што страціла ўсё. То бок, калі б нават дапусцім была магчымасць вярнуцца ў гэты момант дадому, назад у Беларусь, альбо застацца тут, то там давялося б зноў пачынаць усё спачатку з чыстага ліста.

І вось гэта менавіта я вельмі добра запомніла, і з гэтага моманту пачалося выздараўленне, напэўна, можна так сказаць. Цяпер я жыву тым, што жыву тут. Можа быць, яшчэ такая думка праскочыла, як можна дапамагчы сабе, гэта не спадзявацца, што вось я заўтра паслязаўтра апынуся на радзіме, у Беларусі. Чым даўжэй жывеш тут – ўсё больш прарастаеш каранямі".

"Важна, па магчымасці, захоўваць актыўную жыццёвую пазіцыю"

Псіхіятр Сяргей Папоў дае некалькі парад і распавядае аб тым, што можа зрабіць чалавек сам, які перажыў моцныя стрэсы, каб пазбегнуць сур'ёзных псіхічных наступстваў.

"Першае, па магчымасці, забяспечыць сабе бяспеку, выйсці з зоны псіхатраўматызацыі, або рэгуляваць сваё знаходжанне ў ёй. Гэта прыкладна, як з радыяцыяй. Далей, калі ёсць сімптомы эмацыйных парушэнняў, не чакаць, калі яны пройдуць самі, бо гэтага можа не адбыцца, а звярнуцца па дапамогу да псіхатэрапеўта або псіхіятра. Далей прытрымлівацца іх рэкамендацый, яны ведаюць, што і чаму раяць.

Важна таксама, па магчымасці, захоўваць актыўную жыццёвую пазіцыю: вырашаць розныя жыццёвыя пытанні, сустракацца з людзьмі, размаўляць або разважаць. Гэта прыводзіць да актывацыі зоны мозгу, якая называецца прэфрантальнай кора, і гэта вельмі дапамагае спраўляцца з траўматычным вопытам і посттраўматычным стрэсавым засмучэннем. І апошняе – баланс актыўнасці і адпачынку. Можа здацца, што сысці з галавой у працу прыносіць палёгку, але на самой справе гэта ўсяго толькі абарона, прытулак, і праз некаторы час, калі надыходзіць знясіленне, арганізм аказваецца зусім безабаронным перад перажытымі, але не перапрацаваным, траўматычным вопытам, і надыходзіць поўная дэкампенсацыя, з развіццём дэпрэсіі і трывогі.

Таксама важна памятаць пра час, таму што аднаўленне пасля перажытай псіхатраўмы займае шмат часу, гэта не месяцы лячэння, а гады лячэння, рэабілітацыі і аднаўлення і падтрымання сваёй стрэсаўстойлівасці".

Якія метады самадапамогі можна выкарыстоўваць яшчэ?

  • Мінімізуйце крыніцы стрэсу — не чытайце навіны і папрасіце сяброў інфармаваць вас толькі пра самае важнае. 
  • Дамоўцеся з навакольнымі, калі вам трэба пабыць сам-насам з сабой ці, наадварот, пабыць побач з імі.
  • Кладзіцеся спаць да паўночы. За 1,5-2 гадзіны да сну намагайцеся не карыстацца дэвайсамі.
  • Сачыце за харчаваннем. Нават калі гэта дзіцячае пюрэ і сухарык, які можна доўга смактаць. Галоўнае — падмануць мозг: калі ў рот трапляе ежа, ён атрымлівае сігнал, што чалавек у бяспецы.
  • Піце шмат вады.
  • Вяртайце сябе ў «тут і цяпер». 
  • Запавольвайце дыханне. Падчас трывогі яно робіцца частым і павярхоўным, намагайцеся рабіць даўжэйшыя выдыхі.
  • Сустракайцеся з людзьмі, кантактуйце з імі.
  • Хадзіце на шпацыры.
  • Не вінавацьце сябе за тое, што канцэнтрацыя ўвагі і памяць часова пагоршацца.
  • Перачытвайце ўлюбёныя кнігі, якія напаўняюць вас верай у каштоўнасці.
  • Слухайце музыку, якая вяртае вам адчуванне бяспекі, змяншае ўзровень нервовай узрушанасці. 

Цяжкасці адаптацыі палітвязняў і спосабы ім дапамагчы

Псіхалагічная дапамога — цыкл артыкулаў ПЦ «Вясна» пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца пацярпелыя ад рэпрэсіяў беларусы і іх блізкія.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства