viasna on patreon

Праваабарончы гайд "Вясны": як абскардзіць пазбаўленне волі ў ААН

2024 2024-05-22T17:45:08+0300 2024-07-15T17:37:58+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zatrymanne_2020_spring.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ілюстрацыйнае фота spring96.org

Ілюстрацыйнае фота spring96.org

На гэты момант у беларусаў і беларусак засталося няшмат інструментаў абароны сваіх грамадзянска-палітычных правоў на міжнародным узроўні. Увосень 2022 года Беларусь дэнансавала Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, чым пазбавіла сваіх грамадзян магчымасці падаваць скаргі ў ААН. Аднак у беларусаў усё яшчэ ёсць магчымасці звяртацца ў міжнародныя органы і атрымліваць экспертныя рашэнні аб парушэнні правоў чалавека. Так, любы незаконна затрыманы чалавек ці яго прадстаўнік могуць падаць скаргу ў Працоўную групу па адвольных затрыманнях ААН. Разам з юрысткай Праваабарончага цэнтру "Вясна" Святланай Галаўнёвай расказваем, як гэта зрабіць.

Дарэчы, раней мы распавядалі як звярнуцца ў Камітэт па ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын.

Што такое Працоўная група ААН па адвольных затрыманнях?

Працоўная група ААН па адвольных затрыманнях — эксперты ды эксперткі ААН, якія праводзяць расследаванне выпадкаў адвольнага затрымання. Паводле індывідуальных скаргаў Працоўная група можа выносіць рашэнне аб тым, што затрыманне і наступнае знаходжанне чалавека ў няволі з'яўляюцца адвольнымі і парушаюць правы чалавека.

Плюс Працоўнай групы ў тым, адзначае юрыстка "Вясны", для таго, каб яна магла разглядаць скаргу супраць дзяржавы, не трэба, каб гэтая дзяржава ратыфікавала які-небудзь міжнародны дагавор. Калі дзяржава з'яўляецца чальцом ААН, значыць на яе аўтаматычна распаўсюджваюцца паўнамоцтвы Працоўнай групы.

Гэта значыць, што беларусы і беларускі маюць права звяртацца ў Працоўную групу, і ўлады Беларусі не могуць адабраць у іх гэта права.

На што можна скардзіцца ў Працоўную групу?

Працоўная група разглядае скаргі на адвольнае ўтрыманне чалавека ў няволі: затрыманне, арышт, утрыманне пад вартай, пазбаўленне волі і г.д. (далей — затрыманне).

Пад "адвольным" варта разумець не толькі незаконнасць, але і неабгрунтаванасць, адсутнасць парушэнне правоў чалавека, дыскрымінацыйны характар.

Што такое адвольнае затрыманне?

Працоўная група вылучае пяць выпадкаў (катэгорый), калі затрыманне з'яўляецца адвольным:

  • Катэгорыя 1. Затрыманне відавочна не можа быць апраўданае на хоць якой прававой падставе
  • Катэгорыя 2. Затрыманне звязана з ажыццяўленнем: свабоды перамяшчэння і выбару месца жыхарства, права на прытулак, свабоды думкі, сумлення і рэлігіі, свабоды меркавання, свабоды мірных сходаў, свабоды аб'яднання, права на ўдзел у кіраванні краінай і выбарчых правоў, свабоды ад дыскрымінацыі, правоў меншасцяў.
  • Катэгорыя 3. Затрыманне суправаджаецца сур'ёзнымі парушэннем права на справядлівае судовае разбіральніцтва.
  • Катэгорыя 4. Затрыманы – просьбіт прытулку, імігрант або бежанец – супраць якога ўжываецца працяглае адміністратыўнае затрыманне без магчымасці перагляду рашэння аб затрыманні або без сродкаў прававой абароны.
  • Катэгорыя 5. Затрыманне носіць дыскрымінацыйны характар.р.

Навошта звяртацца ў Працоўную групу?

Як кажа Святлана Галаўнёва, у бягучай сітуацыі мы не можам наўпрост паўплываць на вызваленне неабгрунтавана затрыманых людзей. Але мы можам дапамагчы ім абараніць свае правы і перакананні, а таксама атрымаць незалежную ацэнку гісторыі турэмнага зняволення чалавека як альтэрнатыву той, якую даюць аўтарытарныя ўлады.

За апошнія 20 гадоў па Беларусі прынята 11 рашэнняў, што затрыманне чалавека было адвольным. Але, як звяртае ўвагу праваабаронца, гэта не адпавядае рэальнай сітуацыі па палітычным пераследзе ў краіне. Таму яна раіць беларусам і беларускам больш звяртацца са скаргамі ў працоўную групу, каб было больш рашэнняў па Беларусі.

Хто можа падаваць скаргу?

Чалавек, які сутыкнуўся з адвольным затрыманнем, можа самастойна падаць скаргу. Але так як у месцах няволі ў Беларусі звычайна ў затрыманага фізічна няма такой магчымасці (не выпускаюць карэспандэнцыю, не даюць ручку і паперу, не перадаюць перадачы з канвертамі), скаргу можа падаць хтосьці з сям'і затрыманага або яго адвакат.

Таксама скаргу можа накіраваць іншы прадстаўнік затрыманага, напрыклад, праваабарончая арганізацыя.

Ці можна падаць скаргу, калі чалавек выйдзе на волю?

Не. Рабочая група будзе разглядаць і прымаць рашэнне толькі, калі чалавек працягвае знаходзіцца ў няволі. Калі пасля падачы скаргі чалавека выпусцілі, то ў парадку выключэння Працоўная група можа разгледзець скаргу і вынесці рашэнне. Так было з затрыманнем Рамана Пратасевіча.

А ці можна падаць скаргу ананімна?

Не, у скарзе трэба паведамляць прозвішча ды імя затрыманага. У рашэнні, якое рыхтуюць да публікацыі, можна прасіць схаваць гэтыя дадзеныя. Тады ў рашэнні Працоўнай групы не будзе раскрывацца, хто падаў скаргу: чалавек, які звярнуўся, заўсёды абезаблічана называецца "крыніца".

Як падаць скаргу?

Скаргу можна падаць толькі на англійскай, іспанскай або французскай мове.

  • Запаўненне анкеты пра затрыманага

Анкету можна спампаваць з сайта Працоўнай групы. На сайце ёсць пераклад анкеты на рускай, дзе можна ўдакладніць сэнс пытанняў. Але, нагадаем, што запаўняць анкету трэба на англійскай, іспанскай або французскай мове. Сама анкета складаецца з 7 раздзелаў:

Раздзел I – асабістыя дадзеныя затрыманага.

Раздзел II – апісанне "арышту" (анг. "arrest"), паводле беларускага заканадаўства гэта "затрыманне". "Прычына арышту" – падзея або абвінавачванне, якое стала падставай для затрымання чалавека.

Раздзел III – апісанне "затрымання" (анг. "detention"), гэта значыць наступнага знаходжання чалавека ў няволі. Сюды можа аднесці адміністратыўнае затрыманне на 3 сутак да суда, адміністратыўны арышт, затрыманне да прад'яўлення абвінавачвання па крымінальнай справе, утрыманне пад вартай да суда, адбыванне крымінальнага пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі ды інш.

Раздзел IV – апісанне абставінаў затрымання, якія робяць іх адвольнымі.

Раздзел V – абгрунтаванне, чаму затрыманне з'яўляецца адвольным. У абгрунтаванні трэба абапірацца на 5 катэгорый адвольнага затрымання. Напрыклад, калі чалавек быў затрыманы за ўдзел у пратэстнай акцыі, трэба паказаць што яго затрыманне звязана з рэалізацыяй права на мірныя сходы і адпавядае катэгорыі 2.

Раздзел VI – якія скаргі і звароты былі пададзеныя ў беларускія суды ды іншыя дзяржаўныя органы і якія былі атрыманыя адказы. Коратка напішыце калі, куды і пра што была пададзеная скарга або зварот, і які атрыманы адказ. Калі скаргі не падаваліся, то тут можна паказаць чаму: напрыклад, бо суды ў Беларусі не з'яўляецца незалежнымі і вы лічыце такое абскарджанне неэфектыўным.

Раздзел VII – даныя асобы, што падае скаргу.

  • Прыкладанне да анкеты

Да запоўненай анкеты трэба прыкласці дакументы, што тычацца затрымання: пастанова аб затрыманні, пратаколы, рашэнні суда. Акрамя гэтага, у якасці дадатку трэба падаць вытрымкі з беларускага заканадаўства, на якія вы спасылаліся пры запаўненні анкеты. Напрыклад, артыкулы Крымінальнага кодэкса, паводле якіх абвінавачваецца затрыманы.

  • Падпісанне формы згоды

Форму згоды можна спампаваць з сайта Працоўнай групы. У форме будзе пытанне пра згоду на згадванне Працоўнай групай імя затрыманага ў зваротах да дзяржавы і ў рашэнні Працоўнай групы, якое будзе апублікаванае.

  • Адпраўленне анкеты, формы згоды ды іншых дакументаў, што прыкладаюцца

Усе дакументы трэба адпраўляць на электронную пошту wgad@ohchr.org. У тэме ліста можна пазначыць: "Скарга на адвольнае затрыманне (Беларусь)".

Калі будзе прынятае рашэнне па скарзе?

Пасля атрымання скаргі Працоўная група вырашае, ці бярэцца яна за разгляд скаргі. Калі Працоўная група бярэцца за разгляд скаргі, то яна накіруе ліст дзяржаве з просьбай прадаставіць сваю пазіцыю па справе на працягу 60 дзён. Калі дзяржава дашле адказ, Працоўная група накіруе яго адпраўніку скаргі з просьбай даслаць свае каментары на працягу 60 дзён.

Беларускія ўлады раней накіроўвалі свае адказы — яны былі фармальнага характару. На апошнія скаргі (прадстаўнікоў Максіма Знака, Віталя Брагінца) дзяржава ўжо не адказала.

Пасля гэтага пачнецца разгляд скаргі. Канкрэтных тэрмінаў разгляду скаргі няма, але звычайна на практыцы, дзяліцца Святлана, гэта займае ад шасці месяцаў да паўтара года. Калі рашэнне будзе прынятае, яго дашлюць адпраўніку скаргі на электронную пошту і праз некаторы час апублікуюць.

Якія наступствы прынятага рашэння?

Рашэнне Працоўнай групы — гэта рашэнне паважанага міжнароднага органа аб тым, што затрыманне чалавека ёсць адвольнае і незаконное. Такое рашэнне звычайна змяшчае патрабаванне:вызваліць чалавека, выплаціць кампенсацыю і правесці незалежнае расследванне. І можа быць слушным аргументам пры абскарджванні прысуду аб пазбаўленні волі.

Якія ўжо ёсць паспяховыя справы па Беларусі?

На гэты момант па Беларусі прынята 11 рашэнняў па розных сітуацыях. Напрыклад, у 2012 годзе затрыманне і асуджэнне да пазбаўлення волі Алеся Бяляцкага за нібыта "ўхіленне ад выплаты падаткаў" было прызнана адвольным, паколькі фактычна ён пераследваўся за сваю праваабарончую дзейнасць, якой улады спрабавалі перашкодзіць.

У траўні 2020 года Працоўная група прызнала адвольным затрыманне і асуджэнне да пазбаўлення волі па артыкуле 328 КК (незаконны абарот псіхаактыўных рэчываў) чатырох непаўналетніх.

Важнае рашэнне па падзеях 2020 года тычыцца палітвязня Сяргея Ціханоўскага. Акрамя таго, што ў цэлым не было законных падстаў для яго затрымання, Сяргей Ціханоўскі быў пазбаўлены шэрагу важных правоў: ажыццяўляць палітычную дзейнасць, неадкладна паўстаць перад судом пасля затрымання, лічыцца невінаватым да часу, калі набудзе моц прысуд, канфідэнцыйна мець зносіны з адвакатам ды інш.

Хто мне можа дапамагчы скласці скаргу?

Калі вы сутыкнуліся з парушэннямі з боку дзяржавы, звяртайцеся па дапамогу з абскарджаннем да юрыдычнай службы "Вясны":

Telegram: @zvarot96. E-mail: zvarot@spring96.org

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства