Заява аб прызнанні 20 чалавек палітычнымі зняволенымі
Заява праваабарончай супольнасці Беларусі
21 траўня 2024 г.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, адзначаем:
- улады злоўжываюць магчымасцямі крымінальнага заканадаўства і ўжываюць да пратэстоўцаў ды іншадумцаў празмерна жорсткія меры адказнасці за ўчыненне дзеянняў, што не пацягнулі цяжкіх наступстваў, што часта маюць відавочныя рысы штучна справакаваных. У прыватнасці, кваліфікацыя дзеянняў як тэрарызму загадзя не адпавядае таму, што, у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, павінна ў адпаведнасці з Заявай праваабарончай супольнасці ад 18 кастрычніка 2022 года ўкладвацца ў гэтае паняцце. Парушэнне пры гэтым прынцыпаў справядлівага правасуддзя, у тым ліку – прэзумпцыі невінаватасці і права на абарону, гарантый, прадугледжаных у міжнародным праве для непаўналетніх ды асоб, супраць якіх ужываецца затрыманне, пагаршаюць адвольны характар пераследу
- утрыманне пад вартай у адсутнасць дастатковых падстаў для ўжывання меры стрымання, якая абмяжоўвае асабістую свабоду насуперак заснаванай на нормах міжнароднага права пазіцыі Камітэта па правах чалавека ААН, якое стала ў сучаснай Беларусі агульнай практыкай; у адпаведнасці з Заявай праваабарончай супольнасці ад 6 верасня 2021 года гэты фактар з'яўляецца падставай для патрабавання перагледзець прынятыя ў дачыненні да іх захады і працэсуальныя рашэнні пры захаванні права на справядлівае разбіральніцтва;
- суды маюць права не дапускаць усю публіку або частку яе па меркаваннях маралі, грамадскага парадку або дзяржаўнай бяспекі ў дэмакратычным грамадстве або калі таго патрабуюць інтарэсы прыватнага жыцця бакоў, або пры асаблівых абставінах, калі публічнасць парушала б інтарэсы правасуддзя. У выпадку адсутнасці такіх выключных абставін разгляд павінен быць адкрытым для шырокай публікі, уключна з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі; нават у тых выпадках, калі публіка пазбаўленая доступу на судовае разбіральніцтва, судовая пастанова, уключна з асноўнымі высновамі, доказамі ды прававой аргументацыяй, павінна быць аддадзена галоснасці. Парушэнне гэтага правіла, згодна з пазіцыяй, выкладзенай у Заяве праваабарончай супольнасці ад 22 снежня 2021 года, дае падставу патрабаваць перагляду прысуду пры ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на яго;
- крымінальная адказнасць за распальванне іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (арт. 130 КК) следствам і судамі селектыўна і дыскрымінацыйна ўжываецца выключна для абароны інстытутаў улады, прычым вылучэнне прадстаўнікоў улады, супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, дзяржаўных служачых, вайскоўцаў і да т. п. у якасці сацыяльных груп, якія падпадаюць пад абарону ў гэтым кантэксце, нам уяўляецца неабгрунтаваным;
- дыспазіцыя артыкула 356 КК (здрада дзяржаве) сфармуляваная няпэўна, дапускае пашыральнае тлумачэнне, што з 2020 года на практыцы цягне адвольнае асуджэнне грамадзян, якія не замахваліся на нацыянальную бяспеку – у тым сэнсе, які ўкладваецца ў гэтае паняцце ў дэмакратычных дзяржавах; у сувязі з гэтым на дзяржаве ляжыць абавязак даказаць грамадскую небяспеку дзеі з няўхільным выкананнем працэсуальных гарантый.
У сувязі з гэтым неабходна нагадаць, што любыя дапушчальныя абмежаванні, якія накладаюцца на асноўныя правы і свабоды, мусяць быць "неабходныя ў дэмакратычным грамадстве". У сілу гэтага абмежавання мусяць быць неабходнымі і прапарцыйнымі ва ўмовах грамадства, заснаванага на дэмакратыі, вяршэнстве права, палітычным плюралізме і правах чалавека. Яны мусяць таксама быць найменш абмежаванымі з ліку тых мер, што маглі б забяспечыць адпаведную ахоўную функцыю. У іншым выпадку ўмяшанне дзяржавы, у тым ліку ў форме крымінальнага пераследу за парушэнне нацыянальнага закона, будзе азначаць парушэнне правоў чалавека.
Так, праваабаронцам вядома пра асуджэнне:
- Арцёма Макавея, грамадзяніна Украіны, у закрытым судовым пасяджэнні паводле арт. 358-1 КК Рэспублікі Беларусь паводле абвінавачвання ў агентурнай дзейнасці на шэсць гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Аляксея Германа, асуджанага паводле арт. 369-1, ч. 3 арт. 361-1, 369, ч. 1 арт. 368, ч. 1 арт. 130 КК па абвінавачванні ў дыскрэдытацыі Беларусі, стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім, абразе прадстаўніка ўлады, абразе А. Лукашэнкі, распальванні іншай сацыяльнай варожасці да пяці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
- Глеба Сахара паводле арт. 361 ч. 3, 361-1, 368, 369, 130 КК паводле абвінавачвання ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім, абразе прадстаўніка ўлады, абразе А. Лукашэнкі, распальванні іншай сацыяльнай варожасці да пяці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі.
Таксама вядома аб змяшчэнні пад варту:
- Кацярыны Шаблінскай-Івановай паводле арт. 130, 361, 342 КК па абвінавачванні ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці, закліках да мер абмежавальнага характару, удзеле ў мірных пратэстных выступах;
- Васіля Прохарава паводле арт. 356 КК па абвінавачванні ў здрадзе дзяржаве;
- Ларысы Прохаравай паводле арт. 356 КК па абвінавачванні ў здрадзе дзяржаве;
- Паўла Прохарава паводле арт. 356 КК па абвінавачванні ў здрадзе дзяржаве;
- Вікторыі Дамастой павдоле артыкулаў 130, 342, 361-4, 367, 368 КК па абвінавачванні ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці, удзеле ў мірных пратэстных выступах, садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці, абразе А. Лукашэнкі і паклёпе на яго;
- Уладзіміра Балабановіча паводле арт. 130, ч. 3 арт. 361 па абвінавачванні ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці, закліках да захадаў абмежавальнага характару;
- Наталлі Крук паводле арт. 361, 342 КК па абвінавачванні ў закліках да захадаў абмежавальнага характару, удзеле ў мірных пратэстных выступах;
- Дзмітрыя Цікунова паводле арт. 130, ч. 3 арт. 361 па абвінавачванні ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці, закліках да захадаў абмежавальнага характару;
- Антона Казельскага паводле арт. 130, ч. 3 арт. 361 па абвінавачванні ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці, закліках да захадаў абмежавальнага характару;
- Людмілы Ліхачэўскай паводле арт. 130 і арт. 342 па абвінавачванні ў распальванні іншай сацыяльнай варожасці, актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак;
непаўналетняй грамадзянкі Украіны Марыі Місюк, Трафіма Барысава, Дзмітрыя Захарошкі, Сяргея Жыгалёва, Анастасіі Кліменкі, Аляксандра Пуліновіча, Данііла Герасіма па абвінавачванні ў здрадзе дзяржаве і падрыхтоўцы да тэрарыстычнага акту.
Крымінальныя меры ў дачыненні да ўсіх абвінавачаных прыняты з грубымі парушэннямі прынцыпаў справядлівага суда і працэсуальных правоў абвінавачаных, у адсутнасць незалежнасці і аб'ектыўнасці суда, ва ўмовах паўсюднага ігнаравання судамі заяў аб парушэннях, ужывання катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання, у адсутнасць сапраўднай спаборнасці бакоў ды бесстаронняй ацэнкі доказаў.
Ацэньваючы ўсе гэтыя выпадкі, мы бачым палітычны матыў пераследу абвінавачаных. Мы лічым, што працэсуальныя меры і судовыя рашэнні прынятыя па палітычных матывах у парушэнне асноватворных прынцыпаў справядлівага правасуддзя.
У чарговы раз падкрэсліваем, што характар дзеянняў абвінавачаных быў следствам сістэматычных, шырока распаўсюджаных парушэнняў правоў чалавека, адсутнасці магчымасці свабоднага выказвання меркавання, быў выкліканы адсутнасцю расследавання злачынстваў у дачыненні да мірных пратэстоўцаў ды іншых ахвяр жорсткага абыходжання і катаванняў, расчараваннем у здольнасці ўладаў выкарыстоўваць сілу закона для абароны парушаных правоў грамадзян, адсутнасцю справядлівага суда і ўмоў для дэмакратычнай і канстытуцыйнай змены ўлады на сапраўдных выбарах.
Мы ў чарговы раз нагадваем, што разгляд палітычна матываваных крымінальных спраў у закрытым або фактычна ў закрытым судовым пасяджэнні, у адсутнасць публікі, назіральнікаў і незалежнай прэсы, у створанай уладамі абстаноўцы нецярпімасці да дзейнасці праваабарончых арганізацый, праваабаронцаў ды незалежных журналістаў, груба парушае працэсуальныя правы абвінавачаных і крытычна дыскрэдытуе ацэнку дакладнасці, дастатковасці і дапушчальнасці любых доказаў абвінавачвання. Таксама дыскрэдытуе судовы працэс найгрубейшае парушэнне прэзумпцыі невінаватасці.
У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яго пераследу мае месца хоць бы адзін з наступных фактараў:
- a) пазбаўленне волі было ўжытае ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
- d) асоба пазбаўлена волі выбарча ў параўнанні з іншымі асобамі.
Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем аб прызнанні палітычнымі зняволенымі Арцёма Макавея, Аляксея Германа, Глеба Сахара, Кацярыны Шаблінскай-Івановай, Васіля Прохарава, Ларысы Прохаравай, Паўла Прохарава, Вікторыі Дамастой, Уладзіміра Балабановіча, Наталлі Крук, Дзмітрыя Цікунова, Антона Казельскага, Людмілы Ліхачэўскай, Марыі Місюк, Трафіма Барысава, Дзмітрыя Захарошкі, Анастасіі Кліменкі, Аляксандра Пуліновіча, Сяргея Жыгалёва, Данііла Герасіма. Мы патрабуем ад уладаў Беларусі:
- перагледзець вынесеныя ў дачыненні да названых палітвязняў прысуды пры захаванні права на справядлівае разбіральніцтва і ліквідацыі фактараў, якія паўплывалі на кваліфікацыю дзей, выгляд і памер пакарання;
- вызваліць названых палітвязняў, ужыўшы іншыя меры для забеспячэння іх яўкі ў суд;
- неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, перагледзець палітычна матываваныя меры стрымання і прысуды і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Human Constanta;
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Беларускі ПЭН;
Lawtrend;
Прававая ініцыятыва.