За падзеі 10-11 жніўня 2020 года ў Брэсце асудзілі шэсць чалавек
5 красавіка 2024 году ў судзе Ленінскага раёну Брэста вынесены прысуд шасці людзям. Іх прызналі вінаватымі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу за ўдзел у пратэстах у Брэсце ў ноч з 10 на 11 жніўня 2020 году.
Згодна з абвінавачаннем, 10-11 жніўня 2020 году яны знаходзіліся на праезнай частцы праспектаў і вуліцаў Брэста, выкрыквалі лозунгі, дэманстравалі нацыянальныя сцягі і перашкаджалі руху грамадскага транспарту. Яны прызналі віну.
Віталю Чаркасаву прысудзілі 2,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Арцёму Завадзе і Уладзіславу Барысаву прызначылі пазбаўленне волі тэрмінам на два гады ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Арцёма Кадырава асудзілі да года пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. У 2020 годзе, калі ён удзельнічаў у сходзе, яму было 16 ці 17 гадоў.
Аляксандра Жука — да пазбаўлення волі тэрмінам на 2,5 гады пазбаўлення волі. Вядома, што яго раней ужо судзілі паводле таго ж артыкулу, таму ягонае пакаранне склалі шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім.
Марыю Лесік — да 2,5 гадоў абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ — "хатняй хіміі".
Прысуд вынес Андрэй Грушко.