Заява аб прызнанні сямі чалавек палітычнымі зняволенымі
Заява праваабарончай супольнасці Беларусі
28 сакавіка 2024 г.
Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, зноў адзначаем, што зняволенне пад варту і далейшае пазбаўленне волі за розную пратэсную актыўнасць выкарыстоўваецца ўладамі для падаўлення грамадскай і палітычнай актыўнасці, салідарнасці, іншадумства і антываенных выступаў.
Крымінальнае заканадаўства ў 2021 годзе было істотна больш жорсткім і дапоўнена новымі складамі злачынстваў, якія выкарыстоўваюцца ўладамі выключна ў мэтах палітычных рэпрэсій.
МУС і КДБ у пазасудовым парадку адвольна прызнаюць экстрэмісцкімі групы грамадзян, аб'яднаных грамадскімі або палітычнымі інтарэсамі, якія крытыкуюць дзеянні ўладаў і патрабуюць зменаў у дзяржаве і палітыцы, якая ёй праводзіцца, таксама экстрэмісцкімі фарміраваннямі прызнаныя некаторыя СМІ. Гэта ў сваю чаргу адкрывае шлях да адвольнага прыцягнення да крымінальнай адказнасці і пазбаўлення волі іх удзельнікаў і рэспандэнтаў, а таксама за падтрымку гэтых суб'ектаў у якасці непрапарцыйнай меры абмежавання права на асацыяцыю і свабоды выказвання меркаванняў.
Так, Алег Дзегцярэнка асуджаны ў закрытым судовым пасяджэнні паводле арт. 361-1 і 290-1 КК паводле абвінавачвання ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання або ўдзеле ў ім і фінансаванні тэрарыстычнай дзейнасці да васьмі гадоў 6 месяцаў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі;
Аляксандр Марчанка ўзяты пад варту паводле арт. 361-1, яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні;
Наталля Гаўрон, Алена Тоцкая, Алёна Дземянчук, Алеся Сяргеенка, Юлія Краўцова ўзятыя пад варту паводле арт. 361-2 КК, іх абвінавачваюць у фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці ў выніку шырокамаштабных затрыманняў падчас пераследу ўладамі за падтрымку палітвязняў ды іх сем'яў сацыяльным праектам прадуктовай дапамогі INeedHelpBy.
Мы прызнаем названых людзей палітвязнямі ў адпаведнасці з п. 3.1 (а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены" і патрабуем ад уладаў Беларусі:
- неадкладна вызваліць палітвязняў Алега Дзегцярэнку, Аляксандра Марчанку, Наталлю Гаўрон, Алену Тоцкую, Алёну Дземянчук, Алесю Сяргеенку, Юлію Краўцову;
- неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.
Праваабарончы цэнтр"Вясна";
Lawtrend;
Human Constanta;
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
Беларускі Хельсінкскі Камітэт;
Беларуская асацыяцыя журналістаў.