viasna on patreon

Патрабуем рэабілітацыі 46 асуджаных удзельнікаў мірных сходаў

2024 2024-03-27T22:12:58+0300 2024-04-02T09:56:15+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/autazak_minsk_90.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі

28 сакавіка 2024 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Рэспублікі Беларусь, атрымаўшы, сабраўшы і прааналізаваўшы інфармацыю пра крымінальны пераслед уладамі Беларусі ўдзельнікаў мірных сходаў падчас і пасля правядзення выбараў прэзідэнта Беларусі 2020 года, практыку вынясення і выканання прысудаў у дачыненні да іх, прававое становішча асуджаных паводле так званых "экстрэмісцкіх" артыкулаў Крымінальнага кодэкса, адзначаем наступнае:

  • свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах; гэта свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах дзяржаўнай або грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва або абароны правоў і свабод іншых асоб;
  • улады Беларусі адвольна змяшчалі пад варту, асуджалі ў парушэнне прынцыпу вяршэнства права і цяпер працягваюць праследаваць у крымінальным парадку ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту; пра факты гэтага палітычна матываванага пераследу часта становіцца вядома толькі напярэдадні або пасля вызвалення чарговай ахвяры рэпрэсій, у сувязі з чым праваабарончая супольнасць не выступала з заявай аб прызнанні іх палітычнымі зняволенымі;
  • улады не прызнаюць сваёй адказнасці за адвольнае пазбаўленне волі грамадзян у сувязі з ажыццяўленнем імі правоў і свабод, прадугледжаных абавязковымі для Беларусі міжнароднымі дамовамі, працягваюць адвольна праследаваць рэпрэсаваных нават пасля іх вызвалення, паражаць іх у правах унясеннем у пералік грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці;
  • праваабарончай супольнасцю за названы перыяд былі прызнаныя палітычнымі зняволенымі больш за 1 000 удзельнікаў мірных акцый пратэсту ў той час, калі тыя былі пазбаўленыя волі, і сабраныя звесткі пра амаль 2 000 асуджаных за гэта да розных відаў пакарання, звязаных і не звязаных з пазбаўленнем волі, у дачыненні да якіх часта абіралася мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту або хатняга арышту;

У адпаведнасці з прынятым праваабарончай супольнасцю Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычны зняволены – асоба, пазбаўленая волі, калі мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

  • пазбаўленне волі было ўжытае выключна праз яго палітычныя, рэлігійныя ці іншыя перакананні, а таксама ў сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды думкі, сумлення і рэлігіі, свабоды выказвання меркаванняў ды інфармацыі, свабоды мірных сходаў і асацыяцый, іншых правоў і свабод, гарантаваных Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;
  • пазбаўленне волі было ўжытае выключна з-за негвалтоўнай дзейнасці, накіраванай на абарону правоў чалавека і асноўных свабод;
  • пазбаўленне волі было ўжытае выключна па прыкмеце полу, расы, колеру скуры, мовы, рэлігіі, нацыянальнага, этнічнага, сацыяльнага або радавога паходжання, нараджэння, грамадзянства, сексуальнай арыентацыі і гендарнай ідэнтычнасці, маёмаснага становішча ці іншых прыкметах альбо зыходзячы з наяўнасці ўстойлівай сувязі з супольнасцямі, аб'яднанымі такімі прыкметамі.

Асуджаныя выключна за ўдзел у мірных акцыях пратэсту ў поўнай меры і безумоўна адпавядалі названым крытэрам у перыяд пазбаўлення іх волі. Іх вызваленне з-пад варты, хатняга арышту або пасля адбыцця пакарання пакідае нявырашанымі пытанні аб пераглядзе іх прысудаў з мэтай поўнай адмены, іх рэабілітацыі і кампенсацыі ім нанесенай адвольным асуджэннем шкоды.

Нам вядомыя імёны і абставіны спраў наступных людзей, якія адвольна, у пакаранне за ажыццяўленне права на мірныя сходы былі пазбаўленыя волі: былі заключаныя пад варту, асуджаныя да пазбаўлення або абмежавання волі, арышту, і адбывалі пакаранне, а да цяперашняга часу вызваленыя без рэабілітацыі і кампенсацыі нанесенай шкоды:

Дзмітрый Абдульманаў, Аляксандр Арцыбашаў, Кірыл Ахрэмчык, Антон Беліч, Вольга Балонкіна, Уладзіслаў Бандарэнка, Андрэй Барушка, Ілля Булье, Яўген Бутайкіс, Арцём Васькін, Марыя Валадковіч, Антон Жальнераса, Дзмітрый Зарэмба, Мікіта Кавалеўскі, Уладзімір Канапліцкі, Людміла Каляда, Дзмітрый Каспяровіч, Павел Кастрыкін, Андрэй Касцючук, Лізавета Кляніцкая, Дзмітрый Кляніцкі, Іван Клімчук, Уладзіслаў Корзун, Ігар Котаў, Яўген Курцэвіч, Андрэй Лабанок, Яўгенія Лабанок, Мікіта Лімант, Ульяна Мелюх, Арцём Мілашэвіч, Антон Нікіцін, Максім Аўсяннікаў, Сяргей Альшук, Аляксей Асіпчук, Віталь Паўлаў, Руслан Пратасеня, Анастасія Русецкая, Андрэй Савін, Уладзіслаў Сачко, Уладзіслаў Саўчык, Віктар Сутармін, Андрэй Фёдараў, Артур Філіпаў, Мікалай Халаеў, Кацярына Шабетнік, Аляксандр Іокша.

У сваёй заяве ад 10 жніўня 2020 года беларуская праваабарончая супольнасць асудзіла дзеянні праваахоўных органаў па брутальным падаўленні мірных акцый пратэсту і ўсклала ўсю адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня 2020 года на ўлады Рэспублікі Беларусь. Далейшыя пратэсныя выступы таксама мелі мірны характар, сходы і іх удзельнікі павінны былі знаходзіцца пад аховай закона.

Мы ацэньваем пераслед вышэй названых асоб, якія былі пазбаўленыя волі і абвінавачаныя ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, як палітычна матываваны пераслед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання ў адносінах да абвешчаных вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ды іншых грамадска-значных падзей.

У дачыненні да пералічаных былых палітвязняў мы патрабуем перагляду іх крымінальных спраў з мэтай адмены вынесеных прысудаў, іх поўнай рэабілітацыі з кампенсацыяй усіх відаў шкоды, нанесенай адвольным асуджэннем і пазбаўленнем волі.

У гэтай сувязі мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • адмяніць адвольныя прысуды ў дачыненні да пералічаных у заяве асоб, ажыццявіць іх поўную рэабілітацыю і пакрыць ім шкоду, прычыненую адвольным крымінальным пераследам;
  • неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, і спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Беларускі Хельсінкскі Камітэт;

Human Constanta;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларуская асацыяцыя журналістаў;

Офіс па правах людзей з інваліднасцю;

Lawtrend.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства