Заява праваабаронцаў у сувязі з рэйдам на адвакатаў
Заява беларускіх праваабарончых арганізацый у сувязі з масавымі затрыманнямі адвакатаў 28 лютага 2024 года
28 лютага 2024 года ў Беларусі прайшлі масавыя затрыманні адвакатаў. Дакладная колькасць затрыманых і нагода застаюцца невядомымі, аднак праваабаронцы называюць лічбу ў 12 адвакатаў. Большасць з тых, каго затрымалі, былі неўзабаве адпушчаныя на волю. Лёс тых, каго не адпусцілі, нам невядомы.
Да гэтага масавыя, адначасовыя затрыманні адбыліся 20 сакавіка 2023 года, калі было затрымана шэсць адвакатаў, якія абаранялі палітвязняў. Агулам жа за перыяд з 2020 года да 28 лютага 2024 года зафіксавана не менш за 23 выпадкі затрымання адвакатаў, якія абаранялі палітвязняў, за нібыта здзяйсненне адміністрацыйных правапарушэнняў.
Праект "Право на Защиту" разам з праваабарончай і юрыдычнай супольнасцямі ў сувязі з гэтым прэцэдэнтам падкрэсліваюць, што ціск на адвакацкую супольнасць шляхам масавых затрыманняў і рэйдаў наўпрост супярэчыць гарантыям адвакацкай дзейнасці ды з'яўляецца парушэннем права грамадзян на кваліфікаваную юрыдычную дапамогу.
У сувязі з тым, што затрыманні адвакатаў 28 лютага адбыліся адначасова і з'яўляюцца працягам трэнду дзяржаўнай палітыкі па пераследу адвакатаў і абмежавання права на абарону, мы лічым, што ў гэтым выпадку ціск аказваецца на групу грамадзян па прафесійнай прыкмеце.
Пераслед адвакатаў за іх прафесійную дзейнасць з боку дзяржаўных органаў стварае атмасферу запалохвання ў адвакацкай супольнасці і аказвае "астуджальны эфект" на тых спецыялістаў, хто яшчэ працуе ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, пасылаючы сігнал усім адвакатам, што абараняюць правы чалавека. Пераслед адвакатаў, якія паміж іншага з'яўляюцца ўдзельнікамі выканання правасуддзя, сур'ёзна падрывае рэалізацыю прынцыпу вяршэнства права і здольнасць прадстаўнікоў адвакацкай прафесіі абараняць сваіх кліентаў.
Арышт і затрыманні адвакатаў 28 лютага таксама негатыўна ўплываюць на здольнасць грамадзян абараняць сябе і прадстаўляць свае інтарэсы з дапамогай кваліфікаванага незалежнага адваката па ўласным выбары, а таксама здольнасць кліентаў затрыманых адвакатаў аператыўна аспрэчваць рашэнні судоў і прысуды. Масавыя затрыманні і аказанне ціску на пэўных прадстаўнікоў юрыдычнай прафесіі супярэчаць праву адвакатаў свабодна займацца сваёй прафесійнай дзейнасцю і пазбаўляе кліентаў права на справядлівае судовае разбіральніцтва, гарантыя якога прадугледжана міжнародна-прававымі актамі ў галіне правоў чалавека. Падобныя прэцэдэнты сведчаць не толькі аб сур'ёзных праблемах у сферы аказання юрыдычнай (адвакацкай) дапамогі, у праве на абарону і юрыдычную дапамогу, але і аб немагчымасці існавання ў такіх умовах незалежнага і справядлівага суда ў цэлым.
Пераслед і адвольнае затрыманне адвакатаў супярэчаць абавязальніцтвам Рэспублікі Беларусь па міжнародным праве, у тым ліку па Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах і асноўным прынцыпам ААН, што тычацца ролі юрыстаў. Яны пацвярджаюць вырашальную ролю юрыстаў у падтрыманні вяршэнства права і абароне правоў чалавека. У дзяржавы ёсць вельмі важны абавязак забяспечваць, каб юрысты маглі выконваць свае законныя прафесійныя функцыі ў атмасферы, свабоднай ад запалохвання, перашкод, пераследаў або неправамернага ўмяшання.
Тым часам, Беларуская рэспубліканская калегія адвакатаў, а таксама тэрытарыяльныя калегіі адвакатаў ніякім чынам не асвятлілі масавыя затрыманні і не асудзілі сістэмную практыку ціску дзяржаўных органаў на юрыдычную прафесію. Важна адзначыць, што часткай функцый органаў самакіравання адвакатуры з'яўляецца абарона адвакацкай прафесіі і сваіх чальцоў, стварэнне належных умоў для дзейнасці адвакатаў, прынцыповае рэагаванне на ўсе выпадкі ўмяшання дзяржаўных органаў у дзейнасць адвакатаў.
Таму мы заклікаем дзяржаву Рэспубліку Беларусь:
- неадкладна спыніць абуральныя парушэнні гарантый, якія прадстаўляюцца адвакатам у адпаведнасці з міжнародным стандартам, шляхам адвольных затрыманняў за ажыццяўленне прафесійнай дзейнасці,
- выконваць узятыя на сябе міжнародныя абавязальніцтвы ў сферы правоў чалавека,
- спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да адвакатаў.
Беларусь таксама павінна паважаць і забяспечваць права кожнага быць прадстаўленым кампетэнтным і незалежным адвакатам. Рэалізацыя гэтага права немагчымая без незалежнай адвакатуры, свабоднай ад ціску органаў дзяржаўнай улады на прадстаўнікоў адвакацкай супольнасці.
Мы таксама заклікаем міжнародныя асацыяцыі адвакатаў, іншыя няўрадавыя арганізацыі розных краін свету, міжнародныя інстытуцыі працягваць праяўляць салідарнасць з беларускімі адвакатамі, супраць якіх ужываецца пераслед за добрасумленнае выкананне сваіх прафесійных абавязкаў, рэагаваць на сітуацыю з бесперапыннымі парушэннямі правоў чалавека ў краіне.
Праект "Право на Защиту";
Беларускі Хельсінскі Камітэт;
Праваабарончая арганізацыя Human Constanta;
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Беларуская асацыяцыя журналістаў;
Офіс па правах людзей з інваліднасцю;
Беларуская Асацыяцыя Адвакатаў Правоў Чалавека.