Ліквідацыя "БелаПАН" і затрыманне за чахол з "пратэснай сімволікай": хроніка пераследу 9-11 сакавіка
У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 9-11 сакавіка 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
У Гарадку Віцебскай вобласці увечары 10 сакавіка 39-гадовы мужчына сарваў дзяржаўны сцяг
Па дадзеных следства, па дарозе ў краму, разам з кампаніяй, мужчына сарваў сцяг і кінуў яго на зямлю.
Мужчыну аператыўна затрымалі супрацоўнікі міліцыі. Учынак мясцовага жыхара трапіў на запісы камер відэаназірання. Следчыя сцвярджаюць, што мужчына быў нецвярозы.
Распачатая крымінальная справа па арт. 370 КК (здзек з дзяржаўнай сімволікі).
Беларуса затрымалі за чахол з "пратэснай сімволікай"
На ім было напісана "Pray for Belarus" (Маліцеся за Беларусь).
У "пакаяльным" відэа ад 11 сакавіка сцвярджаецца, што мужчына таксама ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, а таксама "вёў падпольную дзейнасць па абклейванні грамадскіх месцаў дэструктыўнымі стыкерамі".
Праўладныя тэлеграм-каналы пагражаюць затрыманаму "пакараннем, якое будзе звязанае з пазбаўленнем волі на некалькі гадоў".
Паводле інфармацыі "Нашай Нівы", затрыманы — плывец Дзмітрый Шчэмер.
Блогер Віталь Усціновіч правёў 25 сутак у ІЧУ Віцебска
Пра гэта ён распавёў 11 сакавіка на новым "пакаяльным" відэа, якое апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы.
На ім мужчыну прымусілі распавесці пра тое, што супрацоўнікі ГУБАЗіК "паводзілі сябе карэктна", а на "сутках" яго не білі.
Сілавікі затрымалі жыхара Магілёва
Як стала вядома з "пакаяльнага" відэа ад 11 сакавіка, ён на сваёй старонцы ў "Аднакласніках" нібы распаўсюджваў "экстрэмісцкія матэрыялы" і нацысцкую сімволіку.
Мужчына змешчаны ў ІЧУ.
Пракуратура дабілася ліквідацыі ЗАТ "БелаПАН"
Пра гэта гаворыцца ў паведамленні пракуратуры Першамайскага раёна Мінска, паведаміў 11 сакавіка "Reform". Рашэнне аб ліквідацыі прыняў эканамічны суд Мінска.
Чарговы хапун: у Брэсце і Маларыце затрыманыя дзясяткі людзей
Як паведаміў "Белсат", затрыманыя 7 сакавіка мінімум 40 асобаў, шмат хто з іх атрымаў 15 сутак арышту. Пасля рэйду сілавікоў знікла сувязь з юрыстам Уладзімірам Малеем, верагодна ён таксама затрыманы.
Таксама крыніцы "Белсату" паведамляюць, што брэсцкі ізалятар часовага ўтрымання перапоўнены. Шмат людзей аказаліся ў ізалятары за падпіску на "экстрэмісцкія" СМІ і за каментары.
Акрамя ў ІЧУ шмат тых, хто вярнуўся з-за мяжы, а таксама кіроўцаў-дальнабойнікаў. У чым абвінавачваюць апошніх – невядома.