Пачынаецца суд над былой старшынёй незалежнага прафсаюза "Нафтан" Вольгай Брыцікавай
Віцебскі абласны суд 11 сакавіка ў закрытым рэжыме пачне судзіць былую старшыню незалежнага прафсаюза "Нафтан" з Наваполацку, палітзняволеную Вольгу Брыцікаву. Актывістку абвінавачваюць у распальванні сацыяльнай варожасці альбо варажнечы паводле ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса.
Справу прызначылі весці суддзю Галіну Бондал, вядомую сваімі прысудамі палітвязням Яраславу Казакевічу, Роберту Кузняцову і іншым.
Вольга Брыцікава была затрыманая ў першай палове жніўня 2023 года. Напачатку з’явілася інфармацыя пра тое, што яе абвінавачваюць у "закліках да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі". Разам з Вольгай быў затрыманы і палітзняволены Аляксандр Кухаронак, адзін з першых работнікаў «Нафтану», якія падтрымалі страйк на прадпрыемстве.
Вольга Брыцікава адпрацавала на прадпрыемстве "Нафтан" 16 гадоў, але была звольненая праз сваю прафсаюзную дзейнасць і адстойванне сваёй грамадзянскай пазіцыі. Раней яе неаднаразова затрымлівалі за выказванні супраць вайны і распаўсюд "экстрэмісцкіх" матэрыялаў. Цягам 2022 года яна правяла ў зняволенні 105 сутак, з іх – 75 запар.
Падтрымайце палітзняволеную паштоўкай альбо лістом: СІЗА-2. 210026, г. Віцебск, вул. Гагарына, 2, Вольга Ігараўна Брыцікава.
Новыя акалічнасці затрымання наваполацкіх актывістаў Брыцікавай і Кухаронка