viasna on patreon

Пенсіянера асудзілі за ўдзел у Маршы — яго знайшлі па фотаздымку ў перапісцы знаёмай

2024 2024-02-09T12:24:43+0300 2024-02-09T12:25:50+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/marsh_minsk_06.08.202022.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Ленінскага раёна Мінска 18 студзеня да двух з паловай гадоў "хатняй хіміі" за ўдзел у кастрычніцкай акцыі пратэсту ў 2020 годзе асудзілі пенсіянера Васіля Рубцова. Мужчыну знайшлі па фотаздымку ў перапісцы яго знаёмай, калі аглядалі яе тэлефон. Суддзя Марына Клімчук прызнала яго вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Марш Адзінства, Мінск, 6 верасня 2020. Фота: spring96.org
Ілюстрацыйнае фота

На судзе Васіль Рубцоў прызнаў віну ў поўным аб'ёме. Ён распавёў, што пра правядзенне пратэснага Марша ў кастрычніку 2020 года ён дазнаўся з інтэрнэта. На акцыю ён адмыслова прыехаў з вёскі на машыне. Калі ўбачыў натоўп пратэстуючых з сімволікай, то далучыўся да іх. Мужчына прызнаў, што выходзіў на праезную частку дарогі, дзе яго знаёмыя сфатаграфавалі яго з невядомай асобай, у якой пры сабе меўся плакат з пратэсным лозунгам. Каля 16 гадзін ён сыйшоў з Маршу. Васіль на працэсе адзначыў, што лозунгі пратэснага характару на Маршы ён не выкрыкваў, гучных воплескаў рукамі не здзяйсняў.

Пенсіянера знайшлі па фотаздымку з Марша, які міліцыянты выявілі ў перапісцы яго знаёмай пры аглядзе яе тэлефона.У пастанове суда адзначаецца, што рух грамадскага транспарту падчас Маршу не ажыццяўляўся па прычыне "знаходжання яго сумесна з іншымі асобамі на праезнай частцы дарогі". На фотаздымках, якія прадаставілі мужчыне на судзе, ён апазнаў сябе на Маршы. 

У аснову прысуду судом пакладзены паказанні самога абвінавачанага, які ў ходзе судовага пасяджэння не аспрэчваў, што ён сумесна з іншымі асобамі прымаў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве пры абставінах, выкладзеных у абвінавачванні.

Васіля Рубкова затрымлівалі ў межах гэтай крымінальнай справы, але адпусцілі да суда пад заклад у суме 18 500 рублёў. Суддзя Марына Клімчук прызначыла пенсіянеру два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняй хіміі"). Пасля таго, як прысуд набудзе моц, заклад вернуць мужчыне, а таксама адменяць арышт на яго маёмасць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства