viasna on patreon

Вольга Смалянка: "У Беларусі налічана 2 330 зарэгістраваных арганізацый"

2024 2024-02-02T17:00:00+0300 2024-02-02T22:31:54+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/smalianka25.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Lawtrend працягвае аналізаваць становішча грамадзянскай супольнасці і яго фактары зменаў, а таксама ліквідаваныя арганізацыі ў Беларусі. Але цяпер у цэнтры ўвагі апынуліся зарэгістраваныя арганізацыі. Пра гэта распавяла дырэктарка і экспертка Lawtrend Вольга Смалянка.

Вольга Смалянка, дырэктар
Вольга Смалянка

"Нам часта задаюць пытанне: "Вы кажаце, што столькі ёсць ліквідаваных арганізацый, але што з зарэгістраванымі? Якія засталіся і якая колькасць?" А мы ніколі не ведалі дакладнага адказу на гэтае пытанне. Бо лічбы, якія выдае Мінюст, не заўсёды рэлевантныя па розных прычынах, напрыклад, у іх уключаныя арганізацыі, якія знаходзяцца ў працэсе ліквідацыі, не ўключаныя ўстановы. Таксама ёсць адзін тэзіс, які вельмі часта прасоўваецца, на наш погляд, ён шкодны і неадпаведны рэчаіснасці — што ў Беларусі адбылася поўная зачыстка грамадзянскай супольнасці. Разумеючы, што грамадзянская супольнасць гэта далёка не толькі зарэгістраваныя НКА, мы вырашылі ўсё ж у гэты раз сваю пільную ўвагу звярнуць на іх", — кажа Вольга Смалянка.

Агулам Lawtrend прааналізавалі тры арганізацыйна-прававыя формы НКА, якія найбольш папулярныя, калі мы кажам аб актыўнасці, дапамозе мэтавым групам, вырашэнні нейкіх пытанняў і да т.п.: грамадскія аб'яднанні, установы і фонды. І агулам зарэгістраваных арганізацый, за выключэннем тых, хто на дадзены момант знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі, на гэты момант налічылі 2 330.

"Гэтая лічба вагаецца ў межах аднаго-двух дзясяткаў. Чаму? Арганізацыі ліквідуюцца практычна кожны дзень: або самаліквідуюцца, альбо падаюцца пазовы аб іх ліквідацыі, нейкую інфармацыю мы маглі не знайсці", — тлумачыць экспертка.

Самая вялікая колькасць арганізацый зарэгістравана ў такой арганізацыйна-прававой форме, як грамадскія аб'яднанні — іх 1 761, таксама 451 устаноў і 118 фондаў.

"Мы таксама іх разбілі па асноўных напрамках дзейнасці. Чакана ў нас на першым месцы стаяць спартовыя і танцавальныя арганізацыі. Іх зарэгістравана 675. І 374 арганізацыі ў нас дабрачынныя, сацыяльныя і аховы здароўя. Ёсць некаторыя нечаканыя рэчы, напрыклад, у зарэгістраваным статусе засталіся 2 грамадскія аб'яднанні, якія пазіцыянуюць сябе, як праваабарончыя, праўда, пра дзейнасць іх невядома", — кажа экспертка.

Вольга Смалянка тлумачыць: калі гаворка ідзе пра зарэгістраваныя арганізацыі, то сюды ўваходзяць: арганізацыі, якія на сённяшні момант практычна альбо цалкам не дзейнічаюць; арганізацыі, якія працуюць: арганізацыі GONGO (эксперты не могуць ігнараваць факт іх наяўнасці) і арганізацыі незалежныя.

Для эксперткі было дзіўна, што ў Беларусі ў зарэгістраваным статусе застаюцца не менш за 35 гендарных, жаночых арганізацый:
"Але хачу звярнуць увагу, што сюды мы адносілі арганізацыі вельмі рознай накіраванасці. Гэта значыць існуюць арганізацыі, што працягваюць досыць шчыльна і ці больш менш незалежна працаваць у Беларусі з гендарнай тэматыкай. Але ёсць і арганізацыі, якія прасоўваюць традыцыйныя каштоўнасці, пытанні забароны абортаў і г.д.". І ў лік 35 гендарных і жаночых арганізацый трапілі як тыя, так і гэтыя". Захоўваецца даволі вялікая колькасць арганізацый, якія працуюць з такой мэтавай групай, як людзі з інваліднасцю.

"У нас не менш за 50 грамадскіх аб'яднанняў на сённяшні момант, якія працуюць з гэтай тэматыкай, 10 устаноў і два фонды", — падводзіць лічбы экспертка.

"Цікава таксама, што самая вялікая колькасць, як я казала, спартовых арганізацый — але гэтак жа сама яны цяпер у вялікай колькасці ліквідуюцца. Хоць у нас ёсць такі патэрн, што спартовыя — гэта тыя арганізацыі, якія падтрымліваюцца пастаянна дзяржавай. Але цяпер яны ліквідуюцца і самаліквідуюцца ў вялікай колькасці. У васьмі спартовых арганізацый прама зараз пададзеныя пазовы аб прыпыненні дзейнасці".

volga_smalianka_crowne.jpg

А вось як выглядае рэгіянальнае размеркаванне арганізацый:

  • 1 358 — горад Мінск
  • 204 — Гомельская вобласць
  • 212 — Мінская вобласць
  • 157 — Берасцейская вобласць
  • 138 — Магілёўская вобласць
  • 103 — Гарадзенская вобласць

"Па рэгіянальным размеркаванні тут ёсць і чаканае, і нечаканае, — дзеліцца ўражаннямі Вольга Смалянка. — Чаканае: 1 358 арганізацый знаходзяцца ў горадзе Мінску. Але для мяне нечаканасць, напрыклад, што на апошнім месцы апынулася Гарадзенская вобласць. Таму што раней там арганізацый было [больш]".

Таксама Lawtrend паспрабаваў палічыць, колькі арганізацый зарэгістравана з 2021 года — гэта значыць таго года, калі пачаўся працэс ліквідацыі арганізацый.

"Ёсць такі падыход, што ў Беларусі адбылася зачыстка некамерцыйных арганізацый, што нічога не рэгіструецца, нічога не ствараецца — і мы паглядзелі, што ж усё ж рэгіструецца з 2021 года, — кажа экспертка. — І выявілі, што з 2021 па 2023 год зарэгістравана каля 156 арганізацый. Звярну ўвагу, што гэтыя арганізацыі зарэгістраваныя і дзейнічаюць з 2021 года. Проста ёсць яшчэ такая тэндэнцыя, што тыя арганізацыі, якія былі зарэгістраваныя ў 2021 годзе, — некаторыя з іх ужо ліквідаваныя".

З 156 арганізацый з 2021 па 2023 год у Беларусі зарэгістравана 90 устаноў (асноўныя напрамкі іх дзейнасці гэта спартовыя арганізацыі, сацыяльна-дабрачынныя, установы адукацыі, экалагічныя, зоаабарона), шэсць фондаў (з іх пяць дабрачынных фондаў і адзін "Фонд Першага" — але на сённяшні дзень Lawtrend не выявіў інфармацыі аб якой-небудзь дзейнасці гэтага фонду), 60 грамадскіх аб'яднанняў (спартовыя, абарона спажыўцоў, пошукава-выратавальныя і патрыятычныя, зоаабарона, якія працуюць з людзьмі з інваліднасцю, арганізацыі, якія аб'ядноўваюць бацькоў).

"Такім чынам, нягледзячы на тое, што ў Беларусі свабода асацыяцый — права, якое людзі практычна не могуць рэалізаваць, працэсы ў некамерцыйным сектары ідуць, і ідуць вельмі па-рознаму. Ёсць і пазітыўныя моманты: многія людзі актыўныя па сваёй прыродзе, ім неабходна рэалізоўваць сваю актыўнасць праз розныя арганізацыі і ініцыятывы. Мы ў Lawtrend у сваю чаргу будзем працягваць ажыццяўляць маніторынг, аналізаваць сітуацыю з беларускімі арганізацыямі грамадзянскай супольнасці", — заключае экспертка Вольга Смалянка.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства