viasna on patreon

Палітвязня асудзілі да пяці гадоў калоніі за 21-даляравы данат Палку Каліноўскага

2024 2024-01-30T15:22:45+0300 2024-01-30T15:22:45+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ehoza_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

55-гадовага палітвязня Георгія Чараваку асудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Вырак агучыла суддзя Святлана Чарапанава ў Мінскім гарадскім судзе 8 снежня 2023 году.

Мужчыну прызналі вінаватым паводле арт. 361-3 Крымінальнага кодэксу ("фінансаванне дзейнасці для ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаванні, альбо ва ўзброеных канфліктах"). Георгія асудзілі за данат у 21,29 даляраў, які ён адправіў са свайго акаўнта PayPal у падтрымку Палка Каліноўскага. Да акаўнта была прывязаная беларуская картка, з якой спісаліся сродкі. Улады палічылі гэта наўмыснымі дзеяннямі "з мэтай фінансавання дзейнасці па вярбоўцы, навучанні, іншай падрыхтоўцы" асобаў да ўзброенага канфлікту ва Украіне. 

Чараваку затрымалі ў жніўні 2023 году пры вяртанні ў Беларусь з ЗША, куды ён ездзіў на месяц. Падчас суду ён распавёў, што ён дабраахвотна паведаміў супрацоўнікам, якія яго затрымалі, што ён падпісаны на шматлікія "экстрэмісцкія" тэлеграм-каналы, прызнаўся, што зрабіў перавод на рахунак Палка Каліноўскага. Ён жа ўласнаруч даў супрацоўнікам паролі для ўваходу ў плацёжную сістэму. Ён распавёў, што зрабіў данат, бо спадзяваўся, што гэтыя сродкі накіруюць на закупку касак, бронекамізэлек, медыкаментаў, аднак разумеў, што імі скарыстаюцца па сваім веданні і ў тым ліку, купяць на іх зброю і боепрыпасы.

Таксама вядома, што следчы вылучыў са справы матэрыялы, якія датычныя іншых артыкулаў Крымінальнага кодэксу: арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх), арт. 350 (знішчэнне, блакаванне ці мадыфікацыя камп'ютарнай інфармацыі), арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады). 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства