Хроніка палітычнага пераследу беларусаў 24-25 студзеня Дапоўнена
У Беларусі працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 24-25 студзеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
Сілавікі затрымалі саліста гурта "Мінімум Дыстанцыі" — ён вярнуўся дадому з Польшчы пасля заканчэння візы
На "пакаяльным" відэа ад 25 студзеня мужчына "прызнаецца" ва ўдзеле ў акцыях пратэсту.
Паводле інфармацыі "Медыязоны", у сацсетках затрыманы падпісаны як Жэня Шум.
23 студзеня быў затрыманы былы палітвязень Міхаіл Жамчужны
Вядома, што да яго прыходзілі з ператрусам, пасля чаго мужчына быў затрыманы і ягоны лёс дагэтуль невядомы.
Міхаіл Жамчужны быў асуджаны ў 2015 годзе да 6,5 гадоў калоніі за падбухторванне да наўмыснага выдавання звестак, якія складаюць службовую тайну, незаконнае набыццё сродкаў для сакрэтнага атрымання інфармацыі, а таксама дачу хабару. Міхаіл выйшаў на волю 19 лютага 2021 года.
157 чалавек затрыманыя ў выніку масавага рэйду сілавікоў
Паводле "Вясны", па стане на раніцу 25 студзеня пад пераслед трапілі як мінімум 157 чалавек. Супраць часткі з іх распачалі крымінальныя справы паводле арт. 361-1 (удзел у экстрэмісцкім фармаванні) і арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Некаторых затрыманых судзяць па адміністрацыйных справах. Вялікая частка людзей выходзяць на волю пасля допытаў, але ў якім статусе — невядома.
Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць у дачыненні да 20 "аналітыкаў Ціханоўскай"
Спецыяльную вытворчасць распачалі 24 студзеня.
У спісе Рыгор Астапеня, Філіп Біканаў, Аляксандр Дабравольскі, Юрый Дракахруст, Андрэй Казакевіч, Ганна Красуліна, Яўген Крыжаноўскі, Дзяніс Кучынскі, Вераніка Лапуцька, Аляксандр Лагвінец, Ганна Любакова, Васіль Навумаў, Марыя Рогава, Пётр Рудкоўскі, Алеся Руднік, Наталля Рабава, Павел Усаў, Таццяна Чуліцкая, Аляксандр Шлык, Кацярына Шмаціна.
Паведамляецца, што "названыя асобы прымалі актыўны ўдзел у выпрацоўцы і рэалізацыі канцэпцыі дэструктыўнай дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, а таксама садзейнічалі ўзбуджэнню сацыяльнай варожасці і варажнечы ў грамадстве".
Затрыманы былы журналіст і палітвязень Сяргей Гардзіевіч
Паводле папярэдніх звестак БАЖ, 24 студзеня быў затрыманы былы карэспандэнт незалежнага сайта "Першы Рэгіён" Сяргей Гардзіевіч з Драгічына. Яго абінавачваюць у "распаўсюдзе, вырабе, захоўванні інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці" (артыкул 19.11 КаАП РБ).
Сілавікі затрымалі 44‑гадовага мінчука за данаты і 2000 "абразлівых каментароў" у чатах
На "пакаяльным" відэа ад 24 студзеня беларус распавядае, што ў 2020-ым годзе ўдзельнічаў у пратэстах, а з 2020-га да сярэдзіны 2023-га года ў чатах пакінуў больш за 2000 "абразлівых каментароў" на адрас Лукашэнкі, працаўнікоў пракуратуры і міліцыянтаў.
Як паведаміла "Медыязона", затрыманы — Сяргей Харытановіч.
З'явілася інфармацыя пра новыя рэйды сілавікоў па сем'ях палітвязняў
Як паведаміла 24 студзеня крыніца "Белсат", вядома як найменей пра тры сям'і палітзняволеных, да якіх заявіліся сілавікі.
У Гомелі прайшоў ператрус у палітэмігранта
Валерый Крахмалаў, які пакінуў Беларусь у 2021 годзе пасля рэпрэсій, паведаміў "Флагшток", што 24 сутдзеня ў ягоным доме адбыўся ператрус. Кватэру абшуквала міліцыя, пасля ператрусу яго маці Марыю забралі ў пастарунак.
Былую актывістку стачкама на наваполацкім "Паліміры" Алену Вінакураву затрымалі падчас масавага "хапуна" 23 студзеня
Яе дачка пра затрыманне паведаміла ў фэйсбуку наступнае:
"Затрымана на 72 гадзіны. Адбываць будзе ў ІЧУ Віцебска".
Алену Вінакураву затрымлівалі 27 сакавіка 2021 года нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і аштрафавалі на 30 базавых велічынь. А зусім нядаўна, 14 снежня 2023-га году, ёй прысудзілі 15 сутак арышта паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў), а затым дадалі яшчэ 15 сутак.
Жанчына адпрацавала на "Паліміры" больш за 30 гадоў. 24 студзеня ў Алены дзень народзінаў.
Марыну Адамовіч арыштавалі на 15 сутак
Нагадаем, жонку экс-кандыдата ў прэзідэнты Міколы Статкевіча затрымалі 23 студзеня падчас рэйду супрацоўнікаў КДБ.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, 24 студзеня над ёй адбыўся суд паводле арт. 19.1 КаАП (дробнае хуліганства). Суд Заводскага раёна Мінска прызначыў ёй 15-сутачны арышт.
Затрымалі былую журналістку catholic.bу Аксану Ючкавіч
Як паведаміла "Хрысціянская візія", затрыманне адбылося 23 студзеня.
Аксана Ючкавіч паходзіць з парафіі ў Парафіянаве. Верніца асабліва вядомая сярод каталікоў Мінску, дзе яна арганізоўвала шматлікія падзеі і мерапрыемствы.