viasna on patreon

Супрацоўнікі КДБ масава прыходзяць да сваякоў палітвязняў і былых палітзняволеных: хроніка пераследу 20-23 студзеня Дапоўнена

2024 2024-01-23T19:50:00+0300 2024-01-24T08:57:39+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/2023-03-28_dubavec.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі з пачаткам новага года працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 20-23 студзеня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Супрацоўнікі КДБ сёння масава прыходзяць да сваякоў палітвязняў і былых палітзняволеных

Праваабаронцам вядома, што такія візіты адбываюцца па ўсёй краіне.

У пастановах сілавікоў фігуруюць артыкулы за «фінансаванне» і «ўдзел у экстрэмісцкіх фармаваннях».

Раім сваякам палітвязняў і былым палітзняволеным паклапаціцца пра бяспеку — асабліва пачысціць перапіскі, якія патэнцыйна могуць зацікавіць сілавікоў.


Як мінімум 84 чалавек трапілі пад пераслед падчас сённяшняга масавага "хапуна"

Частку з іх затрымалі, а ў некаторых проста правялі ператрус і адпусцілі. Вядома, што прыходзілі да людзей па ўсёй краіне. Адзначым, што затрыманні і ператрусы працягваюцца дагэтуль.

Як мы пісалі раней, у пастановах супрацоўнікаў КДБ фігуруюць артыкулы за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» і «ўдзел у экстрэмісцкіх фармаваннях». Некаторым людзям супрацоўнікі КДБ казалі, што затрыманні і ператрусы звязаныя з праектам «INeedHelpBY», які быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем»

Як мы пісалі раней, у пастановах супрацоўнікаў КДБ, якія прыходзяць да людзей, фігуруюць артыкулы за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці» і «ўдзел у экстрэмісцкіх фармаваннях»


Затрыманая жонка палітвязня Мікалая Статкевіча

Затрымалі Марыну Адамовіч — жонку палітвязня і экс-кандыдата ў прэзідэнты Міколы Статкевіча.

Пра гэта паведамляе @nashaniva.


У маці Марыны Касінеравай 10 гадзін праводзілі ператрус

Як паведамляе @dissidentBY, яго ладзілі супрацоўнікі мясцовага КДБ і аказвалі псіхалагічны ціск, каб атрымаць неабходную інфармацыю. З якой крымінальнай справай звязаны ператрус — невядома.

Па інфармацыі на 19:45, праваабаронцам вядомыя прозвішчы як мінімум 73 чалавек, у якіх сёння ладзілі ператрус ці затрымалі — адзначым, што ў некаторых выпадках людзей затрымлівалі цэлымі сем'ямі.


Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць у дачыненні да Івана Краўцова

Яму інкрымінаваныя:

• ч. 3 арт. 130 КК (распальванне варожасці)
•ч. 4 арт. 209 КК (махлярства ў буйным памеры)
• ч. 1 арт. 357 КК (змова ці іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады)
• ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім)

Іван Краўцоў — беларускі палітычны актывіст, архітэктар, менеджар, выканаўчы сакратар Каардынацыйнай рады, сябра аргкамітэта па стварэнні партыі «Разам» і каманды кандыдата ў прэзідэнты Беларусі на выбарах 2020 года Віктара Бабарыкі.


Праект "INeedHelpBY" прызнаны "экстрэмісцкім фармаваннем"

Адпаведнае рашэнне прынятае 16 студзеня КДБ. У рашэнні ведамства пазначана прозвішча чалавека, які нібыта кіруе праектам — Піліп Гаўрышаў.

Ініцыятыва INeedHelpBY дапамагае прадуктамі тым, хто пацярпеў ад палітычных рэпрэсій і знаходзіцца ў цяжкай фінансавай сітуацыі.

Нагадаем, сёння стала вядома пра тое, што супрацоўнікі КДБ сёння масава прыходзяць да сваякоў палітвязняў і былых палітзняволеных.


У Беларусі прызналі "экстрэмісцкім" фільм Іллі Варламава пра Беларусь

Гаворка пра відэа "Беларусь: тирания Лукашенко, Чернобыль и союз с Россией/Страна КГБ и колхозов@, які праглядзела амаль 3,5 мільёны чалавек. Адпаведнае рашэнне прынятае судом Ленінскага раёну Магілёва 17 студзеня.

Таксама Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў папоўнілі:

Telegram-каналы і чаты «Беларуский Дом в Украине – взаимопомощь», «БЕЛАРУСКI IНФАРМАЦЫЙНЫ», «FRIEDMAN», «Переможний Магдiяж», «Наталля с двумя “Л”», «Тирасполь, Витебск»;
Instagram старонкі «zyve_belarus_vechna», «belarus_com», «stachkomgrodnopromstroj.l»;
YouTube-старонка «BELPOL – Объединение Силовиков Беларуси»;
Facebook старонка «Тим Суладзе»;
Старонка ва «Укантакце» «Андрэй Гарадзенскi»;
TikTok-старонкі «belarus_youtube», «svoboda_tv», «.news177».


У Віцебску затрымалі 76-гадовага Барыса Хамайду

Барыс Хамайда. Фота Алены Сцяпанавай

Праваабаронцам стала вядома пра затрыманне вядомага віцебскага дэмакратычнага актывіста — падрабязнасці высвятляюцца.

Па інфармацыі на 16:50, праваабаронцам вядомыя прозвішчы як мінімум 37 затрыманых 23 студзеня па ўсёй Беларусі.


Беларускае Радыё Рацыя прызнанае "экстрэмісцкім фармаваннем"

Адпаведнае рашэнне прынятае КДБ 16 студзеня.

Паводле ведамства, дачыненне да СМІ маюць паляк Wappa Eugeniusz і беларус Валошын Яўген.


Cпіс "экстрэмісцкіх фармаванняў" папоўнілі праекты "КОТОС: мясцовае самакіраванне" і "Триэлит"

Паводле КДБ, дачыненне да праекту «КОТОС: мясцовае самакіраванне» маюць Вольга Цесакова і Дзмітрый Кухлей, а да Telegram-каналу «Триэлит»: Аляксееў Павел, Шчамялёў Кірыл, Андраюк Яніна, Чарнак Аляксей, Балабановіч Уладзімір, Рушкевіч Вадзім, Слабодчыкаў Юры, Карцаў Аляксандр.

Абедзьве ініцыятывы былі прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі» КДБ 16 студзеня.


Палітвязня Рыгора Кастусёва перавялі ў гродзенскую турму

Нагадаем, у судзе Івацэвіцкага раёна 15 студзеня адбыўся суд па замене палітвязню Рыгору Костусеву рэжыма ўтрымання. Па рашэнні суддзі Сяргея Кухацкавальца, старшыню Партыі БНФ перавялі ў гродзенскую турму № 1. Пра гэта паведаміў ягоны зяць Дзмітрый Антончык.

Рыгора затрымалі 12 красавіка 2021 года ў Шклове па справе паводле арт. 357 КК «змова ці іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады». Пазней яго асудзілі да 10 гадоў калоніі. У лістападзе стала вядома, што палітзняволенага змясцілі ў ПКТ на 6 месяцаў.

У зняволенні ў Рыгора абвастрыліся праблемы са здароўем — у яго выявілі анкалагічнае захворванне.

Падтрымайце палітвязня: Турма №1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1, Рыгор Андрэевіч Кастусёў


Затрыманы кур'ер "Яндекс.Еда"

Сілавікі затрымалі кур'ера "Яндекс.Еда" за пратэсты 2020 года. Паводле інфармацыі "Медыязоны", яго завуць Андрэй Міцін.

На міліцэйскім відэа паказалі яго перапіску з BY SOL.


У Гомелі затрымалі былога палітвязня Аляксея Раманава

Як стала вядома "Свабодзе", каля 6-7 раніцы да яго прыйшлі супрацоўнікі сілавых структур і правялі ператрус. Затым Аляксея забралі на допыт у КДБ. Вядома, што гаворка ішла пра ўдзел былога палітвязня ў «экстрэмісцкім фармаванні».

Аляксей Раманаў пасля вызвалення. Фота

Аляксей Раманаў — жыхар Гомля, інвалід трэцяй групы з анкалагічным захворваннем. Пасля падзей 2020 году ён адбыў тэрмін — год зьняволення, за «абразу Лукашэнкі». Пасля вызвалення застаўся жыць у Гомлі.

"Свабодзе" вядома, што гэта не адзінае затрыманьне ў горадзе. Прыйшлі таксама да некаторых сваякоў палітвязняў, якія адбываюць пакаранне.


На Сяргея Дубаўца завялі некалькі крымінальных спраў завочна

Генеральная пракуратура распачала крымінальныя справы ў дачыненні да вядомага блогера і журналіста "Радыё Свабода" Сяргея Дубаўца — яму інкрымінавана парушэнне заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму, недапушчэнні рэабілітацыі нацызму і адмаўленні генацыду беларускага народа.


Дзеянні Дубаўца следства кваліфікуе паводле арт. 369-1, ч.1 арт. 130, ч. 1 арт. 367, ч. 1 арт. 361-1, ч. 1 арт. 130-2, ч. 1 арт. 130-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Раней улады прызналі Радыё Свабода "экстрэмісцкім фармаваннем", а рэдакцыя ў апошнія гады вымушаная працаваць у замежжы.


Справу палітзняволенай велаактывісткі перадалі ў пракуратуру

Крымінальная справа супраць пенсіянеркі і былой старшыні грамадскай арганізацыі "ВелаГомель" Святланы Кароль перададзеная ў пракуратуру для санкцыянавання і накіравання ў суд. Яе абвінавачваюць паводле арт. 367 Крымінальнага кодэкса (паклёп у дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі)

Пра гэта на сваёй старонцы ў Facebook паведаміў праваабаронца Леанід Судаленка.


Магутная атака на акаўнты ў інстаграм і BYSOL

Боты атакавалі скаргамі акаўнт Святланы Ціханоўскай у Instagram. Як піша лідарка дэмсілаў, тое ж адбылося з акаўнтам "Палітвязынкі".

Часова старонку ініцыятывы па дапамозе палітзняволеным жанчынам давялося зрабіць закрытай, бо 198 скаргаў адначасова — згубная для акаўнта з'ява.

Таксама моцнай кібератацы падвергся сайт BySOL, яе ўдалося адбіць і захаваць усе даныя ў бяспецы.


ГУБАЗіК апублікаваў “пакаяльнае відэа” з аўтаркай блогу “Vёska Life”

На ім затрыманая Ксенія “прызнаецца” ў тым, што мае “нацысцкую татуіроўку” і абяцае яе звесці.

Меркавана, відэа было запісана раней, бо ў сваіх Instagram Stories жанчына сёння публікуе звычайныя кадры з паўсядзённага жыцця.

Як адзначана ў апісанні праекту, "Vёska Life — першая суполка ў Беларусі "вясковых" аматараў аднаўлення і рамонту. Натхняем на куплю хаты ў вёсцы".

Палітвязня Змітра Дашкевіча перавялі ў калонію і змясцілі ў ШІЗА

Зміцера Дашкевіча паўгода ўтрымлівалі ў карцары. Нядаўна яго перавялі ў калонію і адразу змясцілі ў ШІЗА

Зміцер Дашкевіч збірае подпісы ў абарону беларускай мовы. Фота: Наша Ніва.

Наста Дашкевіч у сваім фэйсбуку напісала пра апошнія навіны пра мужа:

"Зміцер прабыў у Жодзіне паўгода ў бетоннай клетцы. Увесь час у карцары: ад ліпеня і да студзеня. Зараз яго перавялі зноў Навасады. Туды ж, дзе яму завялі крымінальную справу. Зараз ён зноў у шыза, дзе скардзіцца на дзікі холад. Кажа, што яму прыходзіцца па 8 разоў за ноч уставаць на зарадку, каб сугрэцца. А за гэта яму складаюць рапарты, што ён не ляжыць пасля адбоя…

…Я не ведаю, як даваць рады з усімі побытавымі пытаннямі і 4-мі дзецьмі без яго, як рабіць усе дамашнія заданні дзяцей, рабіць працу, даваць рады з кружкамамі і баршчамі, калі я ведаю, што мой муж трасецца ад холада ў навасадаўскай камеры? Я так і не навучылася з гэтым жыць. Я баюся за ягонае жыццё і ягонае здароўе..."

Падтрымаць Змітра: ПК № 14. 222125, Мінская вобл., Барысаўскі раён, с. н. п. Навасады, вул. Міру, 1А


У "спіс экстрэмістаў" дадалі Святлану Лупач 

Імя і прозвішча асуджанай дачкі незалежнага журналіста Змітра Лупача з'явілася ў "Пераліку грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці" 19 студзеня, піша БАЖ.

У «экстрэмісцкім спісе» пазначана, што палітзняволеную Святлану Лупач асудзілі да пазбаўлення волі паводле арт. 342 КК («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Летась у жніўні праваабарончая супольнасць прызнала  яе палітычнай зняволенай. 

Зміцер Лупач, які знаходзіцца за мяжой, бо быў вымушаны з'ехаць з Беларусі пасля пагрозы крымінальнай справай, лічыць пераслед сілавікамі сваёй дачкі помстай за сваю прафесійную дзейнасць.

Даслаць Святлане грашовы перавод, пасылку і тэлеграму па адрасе: СІЗА-3. 246003, г. Гомель, вул. Кніжная, 1А, Святлана Мікалаеўна Кароль 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства