#FreeViasna: агляд навінаў пра зняволеных праваабаронцаў "Вясны"
Сабралі навіны пра вясноўцаў, што знаходзяцца за кратамі.
Амерыканскі сенатар паказаў партрэты беларускіх палітвязняў падчас афіцыйнай прамовы. Сярод іх — Алесь Бяляцкі
9 студзеня падчас слуханняў, прысвечаных тэме палітвязняў, у Сенаце ЗША сэнатар Рычард Дурбін згадаў пра палітзняволеных Алеся Бяляцкага, Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка, Андрэя Кузнечыка і падчас сваёй прамовы паказаў іх фатаздымкі.
У сваёй прамове Дурбін падкрэсліў цяжкае становішча палітычных зняволеных, якія адкрыта выступаюць за дэмакратыю і асноўныя свабоды, у пяці краінах (Беларусі, Расіі, Камбоджы, Алжыры і Гватэмале), і заклікаў да іх неадкладнага вызвалення, піша "Радыё Свабода".
Мінула 2,5 года, як ў зняволенні ўтрымліваюць Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Уладзіміра Лабковіча
14 ліпеня 2021 года да іх і іншых вясноўцаў прыйшлі з ператрусамі. Праваабаронцаў абвінавачвалі ў "кантрабандзе" і "фінансаванні групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак".
3 сакавіка суддзя Марына Запаснік прысудзіла вясноўцам вялікія тэрміны: Уладзю — 7 гадоў калоніі, Валянціну — 9 гадоў калоніі, Алесю — 10 гадоў калоніі. Праваабаронцы не прызналі віну ні па адным артыкуле, які ставіўся ім у віну.
У снежні палітзняволеных праваабаронцаў унеслі ў "спіс экстрэмістаў".
Падтрымайце лістамі і паштоўкамі салідарнасці зняволеных вясноўцаў:ПК № 9, 213410, г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16 ПК № 15, 213105, г. Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша, 183 ПК № 17, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8 |
Мінула 1200 дзён, як за кратамі знаходзіцца палітзняволены валанцёр "Вясны" Андрэй Чапюк
У верасні 2022 году Андрэю прысудзілі 6 гадоў калоніі. Чапюка абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 13 ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках), ч. 2 арт. 285 (удзел у злачыннай арганізацыі), ч. 1 арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), арт. 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці — за графіці супраць Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе).
Пазней Вярхоўны Суд скараціў тэрмін на тры месяцы — да 5 гадоў і 9 месяцаў зняволення. У мінулым сакавіку Чапюка этапавалі ў івацэвіцкую калонію.
"Параўнаю яе з каштоўным каменем". Былая палітзняволеная прасядзела разам з Марфай Рабковай на Валадарцы 10 месяцаў
Вось што яна распавядае пра каардынатарку Валанцёрскай службы "Вясны":
"Параўнаю яе з каштоўным каменем. Гэта такі чалавек, які вельмі рэдкі экзэмпляр. Напэўна, такіх людзей няма. Ці ёсць, але іх вельмі мала. Таму што ў яе ёсць свая пазіцыя. Яна над сабой увесь час працавала. Гэта чалавек, у якога ёсць стрыжань".
Нагадаем, Марфа была затрымана 17 верасня 2020 года. Пазней праваабаронцу абвінавацілі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса за падзеі 2016-2020 гадоў і асудзілі да 15 гадоў зняволення.
Па выніках апеляцыі Марфе скарацілі тэрмін на тры месяцы. Прысуд уступіў у сілу і Рабкову этапавалі ў гомельскую калонію.
Дасылайце лісты ці паштоўкі салідарнасці Марфе і Андрэю:ПК № 4. 246035, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3 ПК № 22. 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20 |
Як яшчэ падтрымаць "вясноўцаў"?
1. Лісты салідарнасці – наймацнейшая падтрымка звонку. Падпісвайце паштоўкі, пішыце лісты і дасылайце словы падтрымкі нашым калегам. Адпраўляць лісты можна праз звычайную пошту, а таксама праз электронныя сэрвісы:
Таксама прапануем дасылаць палітвязням тэлеграмы. Гэта можна зрабіць на пошце або па нумару тэлефона 166 (толькі з гарадскога) і надыктаваць тэкст. Не забывайце пакідаць сваё імя ў тэксце тэлеграмы.
2. Не менш значная падтрымка – распаўсюд інфармацыі. Мы заклікаем распавядаць пра “вясноўцаў” і іншых палітзняволеных блізкім, сябрам, калегам ды наўпрост у сацыяльных сетках. Так найбольшая колькасць людзей зможа даведацца пра гісторыі зняволеных і праявіць сваю салідарнасць з імі! Абавязкова выкарыстоўвайце хэштэг #FreeViasna.
3. Падпішыце петыцыю за вызваленне "вясноўцаў" і ўсіх палітвязняў Беларусі!
4. Падтрымаць "Вясну" на Patreon ці аднаразовым данатам.
Больш навінаў пра вясноўцаў – на сайце freeviasna.org