Заява аб прызнанні Алеся Сабалеўскага палітычным зняволеным
Сумесная заява праваабарончых арганізацый Беларусі
12 снежня 2023 года ў Магілёве быў затрыманы блогер і журналіст Алесь Сабалеўскі. На наступны дзень Суд Кастрычніцкага раёна Магілёва прызначыў Алесю 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Прычына затрымання і артыкул, паводле якога яго судзілі, невядомыя.
Пасля адбыцця арышту Сабалеўскі не выйшаў на волю з ІЧУ, бо на яго быў складзены новы адміністрацыйны пратакол паводле артыкула 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Пасля стала вядома, што Алеся перавялі ў следчы ізалятар турмы № 4 Магілёва і на яго заведзена крымінальная справа.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, крымінальны пераслед Алеся Сабалеўскага можа быць звязаны з прызнаннем экстрэмісцкімі фармаваннямі рэгіянальных медыярэсурсаў — YouTube-канала 6TV Belarus, інфармацыйнага сайт «Магілёў. Media» («Навіны Магілёўскага рэгіёну»).
Алесь Сабалеўскі – былы магілёўскі блогер і журналіст, які супрацоўнічаў з шэрагам незалежных рэгіянальных выданняў. У 2020 годзе Алеся неаднаразова затрымлівалі за журналісцкую дзейнасць.
Мы, ніжэй падпісаныя арганізацыі, лічым, што гэтыя дзеянні ў дачыненні да Алеся Сабалеўскага з’яўляюцца працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступу на свабоду слова. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі заблакаваныя дзясяткі грамадска-палітычных сайтаў і сайтаў медыя, шэраг друкаваных выданняў вымушаныя былі спыніць выхад, журналісты і супрацоўнікі медыясектара Беларусі знаходзяцца ў зняволенні.
Улічваючы дадзеныя акалічнасці, мы прыходзім да высновы, што рэальнымі падставамі крымінальнага пераследу Алеся Сабалеўскага з’яўляюцца палітычныя матывы, скіраваныя на спыненне ці змяненне характару ix публічнай дзейнасці дзеля законных мэтаў у сувязі з негвалтоўным ажыццяўленнем свабоды выказвання меркаванняў і распаўсюду інфармацыі.
На падставе гэтага, кіруючыся п. 2.1, 3.1 Кіраўніцтва аб вызначэнні паняцця «палітычны зняволены», прынятага на ІІІ Беларускім праваабарончым форуме, мы, прадстаўнікі беларускіх праваабарончых арганізацый, заяўляем аб прызнанні Алеся Сабалеўскага палітычным зняволеным і патрабуем:
- неадкладнага вызвалення Алеся Сабалеўскага і спынення ў дачыненні да яго крымінальнага пераследу;
- адмовы ад выкарыстання метадаў крымінальнага пераследу як інструменту ціску на свабоду выказвання меркавання, ці іншыя правы і свабоды;
- неадкладнага спынення рэпрэсій, а таксама вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.
Праваабарончы цэнтр "Вясна";
Беларуская ассацыяцыя журналістаў;
Human Constanta;
Прававая ініцыятыва;
Беларускі дом правоў чалавека ім. Б. Звоскава;
Беларускі ПЭН;
Беларускі Хельсінкскі Камітэт;
Lawtrend.