Затрыманне за данаты, пазбаўленне БАЖ даменнага імя: хроніка пераследу 1-3 студзеня Дапоўнена
У Беларусі з пачаткам новага года працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 1-3 студзеня збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.
Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
ГУБАЗіК затрымаў адміністратарку закрытага тэлеграм-чата "ДС Грушевский квартал"
У гэтым тэлеграм-чаце абмяркоўваліся бытавыя пытанні, аднак некаторыя яго ўдзельнікі, як сцвярджаецца, «пісалі пратэсную інфармацыю».
Паведамляецца, што затрыманая жанчына працуе ў агенцтве нерухомасці.
Заблакавалі рэгіянальны сайт "Першы Пінскі"
Прыкладна а 18:30 3 студзеня перастаў адчыняцца карыстальнікам з тэрыторыі Беларусі рэгіянальны інфармацыйны сайт «Першы Пінскі», хоць зранку яшчэ быў дасяжны чытачам.
Як стала вядома БАЖ, адпаведны загад на блакіроўку інтэрнэт-рэсурсу даў міністр інфармацыі Беларусі Уладзімір Пярцоў.
Улады пазбавілі БАЖ даменнага імя і пошты
3 студзеня Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце Беларусі ажыцявіў рашэнне прыпыніць дэлегаванне даменнага імя Baj.by яго ўласніку нібыта ў сувязі з выяўленымі парушэннямі.
"У пазбаўленні даменнага імя мы бачым нішто іншае, як рабаўніцтва. Акрамя абуральнага факту парушэння права на свабоду выказвання, беларускія ўлады парушылі яшчэ адно фундаментальная права — права на ўласнасць," — каментуе сітуацыю намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.
БАЖ будзе звяртацца ў ICANN.
Беларуса, які прыехаў з Германіі наведаць бацькоў, не выпусцілі на волю пасля 15 сутак арышту
У Магілёве напярэдадні Новага года пасля 15 сутак арышту на волю не выйшаў Уладзіслаў Петрачкоў. 28 снежня ён быў паўторна асуджаны па артыкуле 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі).
Вядома, што Уладзіслаў у лістападзе вярнуўся на радзіму з Германіі, дзе працуе ўжо некалькі гадоў, каб наведаць бацькоў. Прыкладна праз месяц да яго наведаліся міліцыянты і склалі пратакол за каментары ў інтэрнэце, піша MAYDAY.TEAM.
12 снежня Петрачкову прызначылі 15 сутак па артыкуле 19.11 КаАП. Пакуль ён знаходзіўся пад арыштам, міліцыя склала на яго новы пратакол за чарговую порцыю каментароў.
Гомельскую айцішніцу затрымалі за $80 данатаў
Сілавікі адсправаздачыліся аб затрыманні жыхаркі Гомеля. На скрыншотах з яе акаўнта ў фэйсбуку відаць, што дзяўчына зрабіла тры плацяжы на агульную суму $80. Сярод іншага, дэманструюцца падпіскі на "Хартыю'97" і "Люстэрка".
Паводле інфармацыі @nashaniva, гаворка пра Вольгу Бражэвіч — найхутчэй, дзяўчыну затрымалі пры вяртанні ў Беларусь, бо яе акаўнт у фэйсбуку (цяпер закрыты) быў зусім непачышчаны.
Па словах сілавікоў, цяпер Вольга знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання і вырашаецца пытанне аб тым, да якой адказнасці яе прыцягнуць.
Палітвязню Мікалаю Аўтуховічу за мінулы год не перадалі ніводнай бандэролі
Пра гэта "Свабодзе" расказала сваячка палітвязня:
"Загадзя адправілі яму бандэроль з віншаваннем і цукеркамі. Разлічвалі, што яшчэ на Раство атрымае, але ўжо і Новы год, а бандэроль так і не дайшла. Высветлілася, што гэты пакет нават з пошты не забралі. Праз інтэрнэт сваякі даведаліся, якая прычына. На сайце пошты прачыталі, што ён нібыта адмовіўся атрымліваць. Але ж гэта няпраўда".
Паводле сваячкі, 30 снежня Мікалай коратка тэлефанаваў некалькім сваякам:
"Усіх павіншаваў з надыходзячым Новым годам. Голас быў бадзёры, сказаў пра сябе, што са здароўем у яго збольшага нармальна. Пра бандэроль сказаў, што яму дазволена адна на год, але дагэтуль нічога не атрымаў: "А сам ад бандэролі ніколі не адмаўляюся".
7 студзеня Мікалаю споўніцца 61 год.
Павіншаваць Аўтуховіча са святамі: Турма №1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1, Мікалай Мікалаевіч Аўтуховіч.
За падпіску на чатыры "экстрэмісцкія" каналы аштрафавалі выхавальніцу
Суддзя суда Пастаўскага раёна Наталля Максімовіч 28 лістапада пакарала штрафам у памеры 555 рублёў выхавальніцу карэкцыйна-развіваючага цэнтра Наталлю Сідлярэвіч.
У пратаколе аб адміністрацыйным парушэнні, які паступіў у суд з мясцовага аддзялення міліцыі, запісана тое, што жанчына ў «Аднакласніках» была падпісаная на суполкі «Белсат», «TUT.ВY», «МАЯ КРАІНА ВОЛЬНАЯ ВЯЛІКАЯ ЕЎРАПЕЙСКАЯ БЕЛАРУСЬ!», а таксама на тelegram-канал «SYMBAL.ВY».
У судовым пасяджэнні Наталля віну прызнала, шчыра раскаялася. Гэта паслужыла для суддзі Максімовіч дастатковым, каб прымяніць у дачыненні да «правапарушальніцы» адносна мяккае пакаранне — штраф у памеры 15 базавых велічынь, а таксама канфіскцыя мабільнага тэлефона «IPhone 4S».