viasna on patreon

Агляд навінаў палітвязняў з 13 па 21 снежня

2023 2023-12-21T16:54:38+0300 2023-12-22T13:44:50+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/akrescina_kamera.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Больш за тры гады ў Беларусі сілавікі бесперапынна ладзяць масавыя рэпрэсіі. Амаль штотыднёва ў краіне павялічваецца колькасць палітзняволеных, а праваабаронцы кожны дзень атрымліваюць інфармацыю пра ўтрыманне вязняў у жудасных умовах, пра ціск на іх з боку адміністрацыі ўстановаў, а таксама пра пагаршэнне здароўя палітвязняў у зняволенні. "Вясна" распавядае апошнія навіны пра палітвязняў у штотыднёвым аглядзе.

Палітвязнямі за мінулы тыдзень былі прызнаныя 22 чалавекі. На дадзены момант у спісе палітзняволеных налічваецца 1483 чалавекі. Акрамя гэтага, праваабаронцы даведаліся, што адбылі тэрміны і выйшлі на волю дзевяць палітвязняў: Вячаслаў Смірноў, Юлія Касцючэнка, Андрэй Іванюшын, Іван Зубко, Андрэй Абразцоў, Вячаслаў Сыраежка, Уладзімір Турноў, Дзяніс Шустаў, Антон Лысаў.

Акрамя гэтага, праваабаронцы даведаліся пра прысуды па палітычна матываваных справах двум палітвязняволеным: 

Фігуранта справы “Рабочага руху” Уладзіміра Жураўку перавялі на турэмны рэжым

Уладзімір — былы аператар дыстанцыйнага пульта кіравання цэху "Аміяк-3" на "Гродна Азот".

Яго затрымалі 18 верасня 2021 года. Яго абвінавацілі паводле арт. 356 КК (здрада дзяржаве),арт. 188 КК (паклёп) і ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім). У лютым яго асудзілі да 15 гадоў калоніі.

Тэрмін Жураўку накіравалі адбываць у бабруйскую калонію.

Па інфармацыі MAYDAY TEAM, 16 лістапада ў Бабруйску адбыўся суд па справе аб замене Уладзіміру рэжыму ўтрымання. Суддзя Павел Карцінін пастанавіў перавесці палітвязня ў турму. Ён будзе адбываць тэрмін у магілёўскай турме № 4.

У Старых Дарогах заўтра працягнецца чарговы суд над пенсіянерам Васілём Дземідовічам

Васіль Дземідовіч

Яго абвінавачваюць паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі). Справу разглядае суддзя Наталля Зык. Разгляд справы пачаўся яшчэ ў кастрычніку, але ў судзе, верагодна зрабілі перапынак. Таму заўтра працэс адновіцца.

Гэта ўжо сёмы суд над пенсіянерам. Агулам яго асудзілі на сем гадоў пазбаўлення волі, пры гэтым вынік апошніх двух судоў пакуль невядомы. У зняволенні Васіля Іванавіча ўтрымліваюць ужо амаль год і чатыры месяцы.

У сувязі з тым, што палітзняволенага ўнеслі ў «спіс тэрарыстаў», яму нельга рабіць грашовыя пераводы. Адзначым, што за апошні год пенсіянер перажыў дзясяткі этапаў. Этапуюць палітвязняў у цяжкіх умовах — таму гэта пакідае вельмі дрэнны адбітак на здароўі Васіля.

Палітзняволенага Мікалая Казлова змясцілі ў ПКТ 

Мікалай Казлоў. Фота: svaboda.org

Мікалай — беларускі палітык, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі. 6 жніўня 2021 года яго асудзілі на тры месяцы арышту за разгалошванне дадзеных следства па справе Каардынацыйнай рады.

27 ліпеня 2022 года яго зноў затрымалі разам з іншымі сябрамі АГП. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў «Маршы новай Беларусі» ў Мінску ў 2020 годзе (арт. 342 КК). 3 лістапада Мікалаю прысудзілі два з паловай гады калоніі. На судзе ён выступіў з моцным апошнім словам.

Як паведамляе "Рэальная Беларусь", палітыка ў лістападзе змясцілі ў ПКТ на два месяцы. Меркавана, яго плануюць перавесці на турэмны рэжым.

Прысуд палітзняволенай Паліне Шарэндзе-Панасюк пакінулі без зменаў

Нагадаем, Паліна — грамадская актывістка з Брэста, якую затрымалі 3 студзеня 2021. Маці двух непаўнагадовых сыноў асудзілі па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу. У канцы лютага 2022 года на палітзняволеную завялі першую крымінальную справу па ч. 2 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі), а пазней асудзілі да яшчэ аднаго года калоніі. 

Суддзя Станіслаў Іванюценка 9 кастрычніка прызнаў жанчыну вінаватай па ч. 2 арт. 411 КК і прызначыў ёй яшчэ адзін год калоніі ў дадатак да трох гадоў. На першым судовым пасяджэнні яна заявіла пра збіванні ў зарэчанскай калоніі — быў моцна пашкоджаны твар і ўнутраныя органы.  

Па інфармацыі "Берасцейскай Вясны", Гомельскі абласны суд 15 снежня пакінуў прысуд без зменаў, а скаргу — без задавальнення. У хуткім часе жанчыну зноў перавядуць у калонію.

Палітвязня Дзмітрыя Сушчыка перавялі ў калонію. Цяпер ён утрымліваецца ў ШІЗА

Дзмітрый Сушчык

У судзе Ленінскага раёна Гродна з 10 жніўня па 1 верасня разглядалі новую крымінальную справу супраць Дзмітрыя. Гэтым разам яго абвінавацілі паводле арт. 411 Крымінальнага кодэкса (Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі турмы).

Суддзя Наталля Козел прызнала яго вінаватым і прызначыла ў дадатак да паўтара года зняволення яшчэ адзін год і 15 дзён калоніі.

Пры гэтым Дзмітрый павінен быў у жніўні выйсці на волю, цалкам адбыўшы тэрмін, але быў перазатрыманы па новай справе і змешчаны пад варту. 

Стала вядома, што палітвязень ужо знаходзіцца ў аршанскай калоніі № 8. Адміністрацыя ўстановы змясціла Сушчыка ў ШІЗА, але тэрмін і прычыны — невядомы.

У Вярхоўным судзе разгледзелі апеляцыю на прысуд грамадзянцы Украіны Кацярыне Бруханавай 

Кацярына Бруханава. Фота з сацыяльных сетак.

Як паведамляе пракуратура, прысуд пакінуты без зменаў, а апеляцыйная скарга без задавальнення. У кастрычніку Кацярыне прызначылі два з паловай гады калоніі паводле ч. 1 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Гэтым летам Бруханаву затрымалі пры праходжанні беларускай мяжы. Ад яе запатрабавалі даць на праверку тэлефон, яна падала яго супрацоўнікам разам з паролямі. Беларускія сілавікі ўбачылі, што 30 сакавіка 2022 года яна адправіла два відэа ў чат-бот рэдакцыі "Зеркало". На іх было перамяшчэнне расейскай вайсковай тэхнікі пад Мінскам.

Міжнародныя адвакаты Алеся Бяляцкага падалі петыцыю ў Працоўную групу ААН па адвольных затрыманнях

Алесь Бяляцкі выступае ў Сенаце Польшчы ў 2014 годзе. Фота: Michał Józefaciuk, CC BY

Міжнародная юрыдычная група лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, палітзняволенага праваабаронцы «Вясны» Алеся Бяляцкага падала петыцыю ў Працоўную групу ААН па адвольных затрыманнях.

Працоўная група выносіць рашэнні ў справах аб адвольным затрыманні, якія ацэньваюць, ці адпавядае затрыманне чалавека міжнародна-праўным абавязанням дзяржавы. Калі затрыманне чалавека прызнана незаконным, Працоўная група заклікае да яго неадкладнага і безумоўнага вызвалення.

Джарэд Генсэр, галоўны міжнародны адвакат Бяляцкага, які працуе на грамадскай аснове, — аўтар кнігі "Працоўная група ААН у адвольных затрыманнях: каментары і кіраўніцтва да практыкі". За сваю кар’еру ён перадаў у Працоўную групу 50 справаў. Вядома, што ён ніколі не прайграваў.

Міжнародныя адвакаты Алеся Бяляцкага падалі петыцыю ў Працоўную групу ААН па адвольных затрыманнях

Працоўная група выносіць рашэнні ў справах аб адвольным затрыманні, якія ацэньваюць, ці адпавядае затрыманне чалавека міжнародна-праўным абавязанням дзяржавы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства