viasna on patreon

Як былыя палітвязні пасля вызвалення бароняць правы зняволеных

2023 2023-12-11T18:00:00+0300 2023-12-12T10:07:45+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/kalazh_karol_furmanau_cjalenczanka_loha_1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

10 снежня адзначаецца Міжнародны дзень правоў чалавека. 75 гадоў таму ў гэты дзень была падпісаная Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека. Абарона правоў чалавека на сённяшні дзень у Беларусі актуальная як ніколі. Галоўны фокус у гэтай тэме – падтрымка палітвязняў і іх вызваленне. Нягледзячы на тое, што усе вязні ў беларускіх турмах зазнаюць парушэнне правоў, палітзняволеныя падвяргаюцца асабліва жорсткаму абыходжанню і катаванням. Некаторыя з іх пасля адбывання турэмнага тэрміна пачалі працаваць у правабарончых арганізацыях і бараніць правы іншых палітычных зняволеных.

"Вясна" пагутарыла з былымі палітвязнямі пра цяперашняе месца правоў чалавека ў іх жыцці, а таксама распытала, з якімі парушэннямі правоў яны сутыкаліся ў няволі больш за ўсё, чаму вырашылі прыйсці ў праваабарончую сферу, як досвед зняволення дапамагае ў працы, і ці адчуваюць палітвязні крызіс правоў чалавека.  

kalazh_karol_furmanau_cjalenczanka_loha_
Былыя палітвязні (злева направа) Зміцер Фурманаў, Дар'я Кароль, Васіль Цяленчанка

Дар’ю затрымалі ў 2022 годзе разам з хлопцам і асудзілі за ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту на паўтара года "хатняй хіміі". Дзяўчына з’ехала з Беларусі і цяпер валанцёрыць у праваабарончым цэнтры "Вясна" і праваабарончай ініцыятыве па дапамозе былым палітвязням "Вольныя".

"Да зняволення я ніколі не задумвалася пра правы чалавека. Тады думала, што імі могуць займацца толькі юрысты. Было такое ўражанне, што праваабарончай дзейнасцю можна займацца толькі прафесійна, і што далёка не кожны чалавек можа патрапіць у праваабарончую арганізацыю".

Тэма правоў чалавека для Дар’і асацыявалася з судовай вытворчасцю. Напрыклад, яна меркавала, што калі парушаныя правы чалавека – значыць нешта зрабілі не па пратаколу, штосьці парушылі з Крымінальнага кодэксу.

"Думаючы пра правы чалавека ў Беларусі адразу згадваю катаванні ў турмах"

Дар’я ўзгадвае пра парушэнні сваіх правоў, якія зазнала ў зняволенні.

"Калі я думаю пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, адразу згадваю катаванні і здзекі, якія адбываюцца ў турмах і вялікую колькасць палітвязняў. Напрыклад, у ІЧУ ты ў камеры 24 гадзіны з уключаным святлом і без спальнага месца, няма доступа да пітной вады і нармалёвай ежы. Зняволеныя ходзяць у позе "ластачка". І гэта толькі адна маленькая частка таго бяспраўя, якая адразу прыходзіць на розум. Нярэдка чалавек выходзіць з Акрэсціна, думаючы, што раз на яго наўпрост не ціснулі і не збівалі, то ўсё добра. Але падобныя умовы ўтрымання – гэта ўжо катаванні. Да ўсяго трэба дадаць яшчэ і псіхалагічны ціск".

Таксама адно з парушэнняў – адлічэнне мяне з універсітэту праз маё зняволенне.

На момант зняволення Дар’я была не знаёмая са стандартамі правоў чалавека, але адразу адчула турэмную рэальнасць як ненармальную і несправядлівую.

"Я дакладна разумела, што знаходжанне 8 чалавек на некалькіх квадратных метрах – гэта не норма і так не павінна быць. Канешне, тады я не магла назваць фармулёўкі і па пунктах, якія менавіта мае правы парушаюцца.

Я адразу прызнавала, як ненармальнасць, калі мяне пераводзілі з ІЧУ ў СІЗА без адпаведных дакументаў. Я разумела, што дакладна маю права ведаць, па якой крымінальнай справе мяне пераводзяць у следчы ізалятар".

darja-karol_z-loha.jpg
Дар'я Кароль. Фота з асабістага архіва гераіні

Дзве катэгорыі вязняў

Былых палітвязняў можна ўмоўна падзяліць на дзве катэгорыі, кажа Дар’я. Першыя, апынуўшыся на волі, вырашаюць больш ніколі не сутыкацца ані з грамадска-палітычнай дзейнасцю, ані з тэмай палітвязняў.

"І гэта вельмі зразумела, бо няволя забірае вельмі шмат сіл, а камусьці ламае жыццё. Другія, як я, па вызваленні ідуць у прафесіі, якія дапамагаюць іншым людзям. Яшчэ калі я сядзела ў СІЗА, то зразумела, што не змагу пасля вызвалення проста забыць пра свой досвед. Я хацела дапамагаць людзям, распавядаць, што адбываецца ў турмах. Хоць неяк уплываць на сітуацыю".

Дзяўчына распавядае, чаму вырашыла дапамагаць сваякам палітвязянў.

"Падчас зняволення я разумела, што акрамя мяне пакутуюць і мае сваякі, бо не ведаюць, што са мною адбываецца ў турме. Гэтае адчуванне падштурхнула мяне да валанцёрства на Гарачай лініі "Вясны", дзе я падтрымліваю сваякоў іншых зняволеных і распавядаю ім, што звычайна адчуваюць вязні ў турме, у якіх умовах яны утрымліваюцца. Гэтая інфармацыя дадае ім нейкай пэўнасці і хоць неяк супакойвае".

Часам палітвязні, атрымліваючы ў турме дапамогу ад незнаёмых валанцёраў, натхняюцца гэтай падтрымкай досведам і па вызваленні самі пачынаюць дапамагаць іншым вязням.

"Я бачыла, як палітвязням прыходзіць дапамога ад валанцёраў: ім перадавалі ежу, паштоўкі, розныя рэчы. Мяне моцна і прыемна здзіўляла неабыякавасць людзей да чужой бяды. Гэтыя валанцёры ніколі ў жыцці нават не бачылі палітвязняў, якім дапамагалі. Я зараз распавядаю, і ў мяне нават дрыжыкі па скуры ідуць. Я не ўяўляю, наколькі трэба любіць людзей і жыццё, каб ісці дапамагаць, ведаючы, што цябе могуць затрымаць. Пабачыўшы ў няволі такую адданую дапамогу ад валанцёраў, па вызваленні я не змагла проста забыць іншых палітвязняў, якія яшчэ сядзяць у турме".

"Для мяне важна найперш падтрымаць палітвязня, а не распытаць яго"

Дар’я наўпрост не працуе з былымі палітвязнямі, а займаецца менеджментам мерапрыемстваў і арганізацыяй грашовых збораў на патрэбы вязням. Досвед зняволення дапамагае ёй больш далікатна ставіцца да былых палітвязянў, разумець перажытыя імі цяжкасці і не кранаць балючыя тэмы.

"Узгадваю паказальны выпадак падчас навучання ў Праваабарончай школе. На факультатыўны занятак да нас прыйшоў былы палітвязень падзяліцца сваім досведам за кратамі. Я не магу пасля такіх сустрэч не падыйсці і не сказаць, што я разумею, што перажыў гэты чалавек. Было бачна, як у яго заззялі вочы ад словаў падтрымкі.

Людзі, якія не мелі досведа зняволення, задавалі, на маю думку, некарэктныя пытанні, часам проста ў лоб. Я вельмі разумею іх цікаўнасць, яны ніколі не перажывалі такога досведу і дзякуй богу. Але мне заўсёды важна найперш падтрымаць чалавека, а не даведацца ад яго пэўную інфармацыю.

Падчас школы іншыя ўдзельнікі распытвалі таксама і мяне пра турму. Я разумею, што яны нават уявіць не могуць, як выглядае гэтая камера і звычайныя будні палітвязня. Але добра, што ім гэта вельмі цікава. Мяне слухалі і шчыра здзіўляліся, нібы я распавядаю сцэну з фільма: “Так сур’ёзна бывае? Ты размаўляла з бацькам у слухаўку праз шкло?".

"Хіба залічаць у палітвязні простую жыхарку Мінску"

"Самае балючае для мяне сёння – гэта тое, што людзей затрымліваюць за іх погляды і жудасныя турэмныя ўмовы, у якіх паміраюць беларусы.  

Але паўтаруся, тая валанцёрская дапамога, якую я пабачыла ў няволі мне вельмі дапамагала. А ўсведамленне таго, што на волі пра цябе памятаюць, дало моцную псіхалагічную апору. Гэта самая сапраўдная праваабарончая дзейнасць, якая ў Беларусі цяпер вельмі актуальная.

Я здзівілася, калі даведалася, што маё імя ў спісе палітвязняў. Падумала, ну хто мяне туды можа ўнесці, звычайную жыхарку Мінску. Але гэта было вельмі прыемна, што мяне не згубілі і памятаюць".

"Мае калегі ўспрымалі праваабаронцаў, як кверулянтаў"

Былы палітвязень Анатоль (імя зменена) да зняволення працаваў у сілавых структурах. Мужчыну асудзілі да пазбаўлення волі ў калоніі. Яго кранальным апошнім словам на судзе ўразіўся адзін з праваабаронцаў і па вызваленні запрасіў Анатоля працаваць у праваабарончую арганізацыю.

"Мае калегі з сілавых структураў успрымалі праваабаронцаў хутчэй негатыўна, як кверулянтаў, прафесійных скаржнікаў. Я апаніраваў калегам і ўспрымаў праваабаронцаў хутчэй як адвакатаў, прадстаўнікоў абвінавачваных на судзе. То бок, ставіўся больш нейтральна і іх дзейнасцю асабліва не цікавіўся. Напрыклад, не ведаў, якая розніцца паміж юрыстамі і праваабаронцамі".

Як і нямала іншых людзей, Анатоль тады думаў, што праваабаронцам можа быць толькі чалавек з юрыдычнай адукацый.  

"Сталася, што праваабаронцам можа быць любы чалавек, у якога ёсць пачуццё справядлівасці і ён хоча гэтую справядлівасць адстойваць".

Былы палітвязень распавядае, як ягоны досвед зняволення дапамагае цяпер у працы.

"Сам пабыўшы ў СІЗА і калоніі, я магу падказаць палітвязню розныя лайфхакі, разумею, што больш для яго актуальна ў пэўны момант зняволення. Напрыклад, спатканне. Здараецца, што людзі вырашаюць пабрацца шлюбам і жэняцца яшчэ ў СІЗА, каб атрымліваць спатканні. Але ў СІЗА і так яны дазволеныя. Пры гэтым, калі б пара троху пачакала і ажанілася ў калоніі, яны б як маладая сям’я атрымалі дадатковае доўгатэрміновае спатканне на тры дні".

"Цяпер усе звыкліся да бяспраўя, і гэта небяспечна"

Мужчына кажа, што для яго як былога супрацоўніка сілавога ведамства важнае права на справядлівы суд, на справядлівае следства. Але найперш – застацца гуманным чалавекам.

"Бо мы звыкаемся да пазбаўлення сваіх правоў. Калі б, напрыклад, у 2019 годзе ў Беларусі чалавека асудзілі за інтэрнэт-каментар, гэта было б чымсьці надзвычайным. Цяпер ужо ўсе звыкліся да падобнага бяспраўя. І гэта, на маю думку, самае небяспечнае. Насуперак гэтай звыкласці трэба працягваць дакументаваць злачынствы беларускіх уладаў. У будучым гэтая інфармацыя спатрэбіцца і адыграе сваю важную ролю. Я ўпэўнены, што правы чалавека яшчэ працуюць. Нават у цяперашнія часы".

"Беларусы працягваюць жыць з непражытым 2020 годам"

"Беларусы, якія жывуць унутры краіны, праз небяспеку не могуць адкрыта выказаць сваё абурэнне гвалтам і бяспраўем сілавікоў. На маю думку, яны працягваюць жыць з непражытым 2020 годам. А мы, якія знаходзімся за мяжой, маем гэтую магчымасць. Журналісты па сутнасці выконваюць праваабарончую функцыю, пашыраючы інфармацыю пра парушэнні правоў. Як я казаў напачатку размовы, праваабаронцы гэта далёка не толькі людзі з юрыдычнай адукацыяй".

"Ты яшчэ ў суд па правах чалавека звярніся"

У зняволенні Анатоль часта казаў, што супрацоўнікі калоніі парушаюць яго правы. Ён наўпрост звяртаў іх увагу на забароненыя дзеянні і называў, якія правы тут парушаюцца. Але супрацоўнікі калоніі ды і іншыя вязні з яго смяяліся.

"Некаторыя з іх казалі: "Ты яшчэ ў суд па правах чалавека звярніся". У выніку, пасля ўсіх выпрабаванняў няволі я патрапіў у Еўрапейскі суд па правах чалавека ў якасці выступоўцы на праваабарончых сустрэчах, дзе распавядаў пра парушэнні правоў чалавека ў Беларусі".

vasil-cjalenczanka_z-loha.jpg
Васіль Цяленчанка. Фота з асабістага архіва героя

Былы палітвязень Васіль Цяленчанка 10 гадоў прапрацаваў бартэндэрам. Апошнім месцам працы быў бар на Кастрычніцкай у Мінску. Васіля затрымалі зімой 2021 года за ўдзел у пратэсных акцыях і асудзілі на тры гады "хіміі". Па вызваленні ён з’ехаў з Беларусі і цяпер працуе ў аддзеле дакументавання ПЦ "Вясна".

"Да 2020 году ў мяне не было ўцямнага ўяўлення аб правах чалавека. У 2020 годзе ў разгар кавіда маё жыццё шчыльна перасякнулася з жыццём дзяржавы (мы з калегамі былі вымушаныя закрыць бар, дзе я працаваў) і тады я ўбачыў, што ў Беларусі з правамі чалавека поўная бяда".  

"Дэпартамент выканання пакаранняў – тэрыторыя поўнага бяспраўя"

Васіль кажа, што здзекі супрацоўнікаў СІЗА над вязнямі раззлавалі яго яшчэ больш, чым гвалт сілавікоў у 2020 годзе.

"Я зразумеў, што не змагу проста адбыць тэрмін, выйсці і на гэтым усё. Я ўжо не змагу адсекчы ад сябе гэтую частку жыцця. Падзеі адбыліся, траўма нанесеная і на яе неабходна чымсці адказаць. Але варта адзначыць, што несправядлівасць у турме тычыцца не толькі палітычных зняволеных. Здзекі і катаванні з боку адміністрацыі зазнаюць і тыя вязні, які былі асуджаныя па наркатычных і эканамічных артыкулах. Тэрыторыя Дэпартамента выканання пакаранняў – прастора поўнага бяспраўя".

Па вызваленні Васіль звярнуўся да дакументатараў, каб зафіксаваць сваю гісторыю пераследу і катаванняў падчас зняволення, а пазней пачаў сам працаваць у аддзеле. Як распавядае мужчына, падчас працы ён слухае чужыя гісторыі зняволення і ў іх нярэдка пазнае сваю.

"Я камунікую з былымі вязнямі да і пасля апытання. Людзі, якія пасля вызвалення знаходзяцца ў Беларусі, могуць закрывацца ад размоваў з праваабаронцамі. Мне гэты страх больш зразумелы, бо я яго таксама пражываў. Часам у мяне атрымліваецца знаходзіць патрэбныя словы, каб выйсці на кантакт з такімі людзьмі.

Аднойчы дапамагаў свайму калегу складаць пытанні па тым месцы зняволення, дзе я сам быў. Падказваў, на што там варта звярнуць дадатковую ўвагу падчас дакументавання".

Мужчына распавядае, што нават не ўсведамляў, наколькі моцна парушаюца правы чалавека ў месцах зняволення.

"Я фіксаваў сабе абуральныя выпадкі з боку адміністрацыі. Але там ты знаходзішся ў такім уразлівым стане, што далей за абурэнне справа не ідзе. Змагацца ў турме за ўласныя правы сабе даражэй".

Адным з найбольш запамінальных і жахлівых прыкладаў парушэння правоў у няволі ддля Васіля была гісторыя зняволенага, які 46 дзён прасядзеў зімою на бетоннай падлозе ў ІЧУ на Акрэсціна. Металічны адкідны ложак, які быў у камеры, быў заўсёды прысцёгнуты, а адміністрацыя забараняла ім карыстацца

"Тады ў мяне былі адчуванні, што яго проста забіваюць. На той момант ён цяжка хварэў і калі мы каротка перастрэліся, ён ледзь гаварыў, бо меў гнойную ангіну. Гэта быў былы супрацоўнік сілавых структур. На 50 суткі яго перавялі ў троху лепшыя ўмовы ў СІЗА на Валадарку. Супрацоўнікі ІЧУ не тое, што парушалі яго правы, яны папросту імкнуліся яго зламіць і знішчыць".

"Катаванні і забойствы ў турмах – апагей парушэнняў правоў"

"Мне падабаецца адно відэа з інтэрнэту, дзе рэпарцёр падчас апытанкі ў нейкай глубінцы пытае ў чалавека, што такое правы чалавека. Той яму адказвае, што правы чалавека – гэта душа.

Для мяне ў першую чаргу правы чалавека пра свабоду, пра павагу і бяспеку. Катаванні і забойствы ў турмах – апагей парушэнняў правоў у Беларусі".

"Несвабода выходзіць на волю разам з чалавекам"

На волі Васіль імкнецца "забіваць" у сабе несвабоду, якой "атруціўся" ў турме. Ён кажа, што часам адчувае ў сабе і ў некаторых іншых былых вязнях праявы несвабоды і прыгнечанасці ад турэмнай сістэмы, якая паспела іх "выгадаваць".

"Напрыклад, я сустракаўся на волі ў бяспечнай краіне з іншымі былымі палітвязнямі, якія працягвалі кіравацца турэмнымі правіламі і паняццямі. Але гэтыя правілы даволі далёкія ад свабоды выяўлення меркаванняў. Маўляў, лепш не казаць на гэтую тэму, а гэтак не варта выказвацца. Калі я пытаў у былога вязня пра падрабязнасці яго справы, то на мяне глядзелі, як на нейкага шпіёна.  Турэмны слэнг таксама часта выходзіць на волю разам з чалавекам. Напрыклад, у турме нельга называць мужчыну казлом, а за тое, што кагосьці там пашлеш, будуць вельмі сур’ёзныя наступствы. Па-за турмой гэтыя словы маюць зусім іншую канатацыю. Я канешне ж не заклікаю абражаць ці пасылаць людзей.

Некаторыя былыя вязні працягваюць "фільтраваць" не толькі словы, але і свае думкі ў адпаведнасці з турэмнымі законамі".

"Ты патрапіў у касту зняволеных і перастаў быць проста Васьком"

Васіль распавядае, як важна пасля вызвалення вяртаць страчаныя каштоўнасці, як на волі хочацца зноў быць звычайным чалавекам і абмяркоўваць з былымі вязнямі самыя розныя тэмы, але нярэдка турэмная этыка гэтаму перашкаджае.

"Калі я спрабаваў у кампаніі былых палітвязняў адкрыцца ці падзяліцца сваімі думкамі, то яны былі не гатовыя разглядзець ува мне чалавека па-за турмою, проста Васька, а не прадстаўніка касты былых зняволеных".

У няволі мужчына планаваў як мага хутчэй вызваліцца і вярнуцца да свайго прывычнага жыцця бартрэндэрам, а не працаваць у праваабарончай сферы.

"Знаходзячыся ў СІЗА я не ўсведамляў, колькі я страціў. У няволі я не планаваў адразу з’язджаць з краіны, а тым болей займацца праваабаронай. Хацелася проста нейяк адтуль хутчэй выбрацца, вярнуцца да мінулага жыцця, ціхенька працаваць у бары і каб толькі ніхто мяне не чапаў. Толькі калі я праз тры дні па вызваленні вырашыў з’язджаць, наступіў пераломны момант. Я зразумеў, што ў мяне аднялі больш за 4 месяцы ў СІЗА. Прыйшло ўсведамленне, што мяне не пакінуць у пакоі, што я не буду гаспадаром тых трох гадоў "хіміі", якія мне належала адбыць".

Зміцер Фурманаў. Фота з сацыяльных сетак.
Зміцер Фурманаў. Фота з сацсетак героя

Сябра ініцыятыўнай групы па вылучэнні ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай Змітра Фурманава затрымалі летам 2020 года падчас пікету па зборы подпісаў. Яго асудзілі на 2 гады калоніі. Цалкам адбыўшы тэрмін Зміцер восенню 2021 года выйшаў на волю і з’ехаў з Беларусі.

Зміцер летась прайшоў Уводны курс у Беларускай праваабарончай школе. А пасля скончыў Міжнародную школу па правах чалавека. Пасля яе Зміцер разам з іншымі выпускнікамі вырашылі зрабіць ініцыятыву па дапамозе былым палітвязням "Вольныя".

Адразу пасля вызвалення Зміцер вырашыў, што яшчэ раз паспрабуе "увайсці ў IT" і працягнуць курсы праграмавання, на якія ён хадзіў да зняволення. Пандэмія, паслявыбарчыя пратэсты і турма прымусілі яго адкласці навучанне. На волі ён вырашыў, што трэба давесці справу да канца.

"Але турэмны досвед справакаваў маю цікаўнасць да тэмы правоў чалавека. Увогуле, я пастаянна вучуся новаму, але падумаў, што цяпер менавіта правы чалавека будуць больш карыснымі і спрыяць дапамозе людзям".

"Былы палітвязень можа ўключацца ў чужую траўму"

Нягледзячы на ўласнае зняволенне лепш, каб менатарам для былога палітвязня быў чалавек, які не пражыў падобны досвед, тлумачыць Зміцер.

"Я планаваў, што ў нашай ініцыятыве буду дапамагаць былым вязням. Але лепш, каб ментарам для экс-палітзняволенага не быў былы палітвязень. Бо гэта траўмаваны чалавек. І нават калі ён атрымаў псіхалагічную дапамогу, прайшоў працэс рэабілітацыі і адчувае, што можа сам усім дапамагаць, усё адно можа эмацыйна ўключацца ў чужую траўму.

Мы з калегамі шмат абмяркоўвалі тэму былых палітвязняў як ментараў і вырашылі, што адмоўны вынік будзе большы, чым дапамога. Але мне ніхто не забараняе сябраваць і камунікаваць з былымі палітвязнямі, якім мы дапамагаем".

"Палітвязні выходзяць на волю з пачуццём параноі"

Зміцер кажа, што дзякуючы досведу зняволення ён можа цяпер больш плённа займацца дапамогай палітзняволеным і адстойваць іх правы, бо ведае патрэбы былых вязняў і разумее, што яны адчуваюць па вызваленні і ў якім маральным стане знаходзяцца.

"У былых палітвязняў ёсць адчуванне параноі. Нібы за іхнымі словамі і паводзінамі заўсёды сочаць. Бо падчас зняволення сапраўды так і адбываецца, ты заўсёды навідавоку. У некаторых людзей гэта можа цягнуцца вельмі працяглы час. Уласна я дагэтуль адчуваю штосьці падобнае. Напрыклад, калі мне чалавек у размове задае падступныя ці правакатыўныя пытанні, я да іх стаўлюся з падазрэннем. Канешне, не магу на 100 адсоткаў сцвярджаць, што гэта агентура, але ўсё адно параноя прысутнічае. Можа, яно застанецца са мно да канца жыцця".  

 "Як бы цяжка не было, трэба спрабаваць дамаўляцца"

Нягледзячы на цяжкае пытанне крызіса правоў чалавека ў цяперашнім свеце, Зміцер мае пазітыўны погляд на тэму.

"Падчас войнаў і пратэстаў правы чалавека заўсёды парушаюцца больш. І да арганізацый, якія адказныя за іх абарону, таксама ўзнікае больш пытанняў і прэтэнзій. Але нягледзячы на тое, што добрых людзей больш, заўсёды знойдуцца тыя, хто захоча парушыць правы іншых. Не будзе такога часу, калі правы чалавека заўсёды будуць выконвацца. Агулам, гэта даволі спрэчнае і цяжкае пытанне. З аднаго боку, можна адзначыць пазітыўны момант – сталі больш выконвацца правы меншасцяў . Але, улічваючы, якія цяпер лідары прыходзяць да ўлады, уся сітуацыя з правамі можа змяніцца ў значна горшы бок.

Цяпер можна бачыць, што людзі прыбягаюць да радыкальных мераў у адстойванні сваіх правоў, бо ніякія іншыя ўжо не спрацоўваюць. Гэта таксама натуральны працэс, хоць я сам вельмі не хацеў бы, каб у нас даходзіла да падобнага. Варта да апошняга верыць і трываць, бо калі мы не будзем спрабаваць дамаўляцца, а адразу звернемся да жорсткіх метадаў, можа стаць яшчэ горш і не толькі правы чалавека не будуць выконвацца, а можа перастаць існаваць сусвет".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства